Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сын паміраў у канвульсіях, а міліцыянты здымалі гэта на тэлефон». Нестыкоўкі ў праверцы сьмерці Аляксандра Віхора


Аляксандар Віхор
Аляксандар Віхор

АМАП затрымаў 25-гадовага Аляксандра Віхора ўвечары 9 жніўня падчас пасьлявыбарчых пратэстаў ў Гомлі. 12 жніўня хлопец памёр у рэанімацыі. Сьледчы камітэт правёў праверку і прыйшоў да высновы, што ў сьмерці маладога чалавека ніхто не вінаваты. Ці так гэта насамрэч? Разьбіраемся з маці Аляксандра Сьвятланай Віхор, якая вывучыла 6 тамоў ягонай справы.

Сьведкі давалі паказаньні, што Аляксандру было блага ад моманту затрыманьня, ён прасіў аб дапамозе. Але ў адказ атрымліваў ад сілавікоў шматлікія ўдары. Прасілі дапамагчы хлопцу і іншыя затрыманыя, але ніхто не рэагаваў. Пры чарговым пагаршэньні ягонага стану міліцыянты запырскалі Аляксандра пярцовым газам.

Урэшце ў лютым Сьледчы камітэт пастанавіў адмовіць у распачынаньні крымінальнай справы.

Маці Аляксандра Сьвятлане Віхор далі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Але не дазволілі здымаць, рабіць копіі. Яна перапісвала шэсьць тамоў справы ад рукі цягам месяца.

Сьвятлана Віхор. Архіўнае фота
Сьвятлана Віхор. Архіўнае фота

Што стала вядома па выніках афіцыйнага расьсьледаваньня. Сьцісла

  • Афіцыйная вэрсія: «У Віхора востра ўзьнікла парушэньне сардэчнага рытму».
  • «Выяўленыя ў Віхора цялесныя пашкоджаньні, а таксама недахопы ў аказаньні мэдычнай дапамогі ў прычынна-выніковай сувязі не знаходзяцца».
  • «Дзеяньні службовых асоб, якія дапусьцілі парушэньні нарматыўна-прававых актаў і службовых інструкцый, зьяўляюцца дысцыплінарнымі ўчынкамі, за зьдзяйсьненьне якіх вінаватыя прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці».
    Аляксандар Віхор
    Аляксандар Віхор
  • Экспэртыза паказала, што ні алькаголю, ні наркотыкаў у крыві Аляксандра не было.
  • Экспэрты зафіксавалі на целе пашкоджаньні — траўмы, гематомы, пераломы рэбраў і грудзіны. Але напісалі, што траўмы і пераломы ня маюць дачыненьня да прычын сьмерці.
  • Начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту Гомельскай вобласьці Сяргей Удовікаў заявіў дзяржаўным СМІ, што «ён (Віхор. — РС) спрабаваў вырывацца, таму супрацоўнікі міліцыі на законных падставах прымянілі фізычную сілу», і «ён скаргаў на здароўе не выказваў».
  • Сьвятлана Віхор: «Усё шыта белымі ніткамі», паміж паказаньнямі сьведак, міліцыянтаў і лекараў — шмат разыходжаньняў, дзевяць сьведак кажуць адно, а адзін супрацоўнік міліцыі — другое, і сьледзтва верыць апошняму.
  • Далейшая інфармацыя ў гэтым артыкуле базуецца на матэрыялах праверкі Сьледчага камітэту, якімі падзялілася са Свабодай Сьвятлана Віхор.


Неадпаведнасьць № 1. «Ён наркаман, у яго ломка»

Сьмерць Аляксандра Віхора пасьля затрыманьня супрацоўнікамі АМАП атрымала вялікі розгалас.

Яшчэ 12 жніўня СК па Гомельскай вобласьці заявіў, што паводле папярэдняй праверкі міліцыя затрымала Віхора за актыўны ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, за што пасьля яго асудзілі на 10 сутак арышту.

«Ён ня ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканьне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў смс, што яго схапілі... І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыі. Сёньня мне нарэшце сказалі, што Саша — у моргу», — распавядала ў той дзень Свабодзе Сьвятлана Віхор.


Папярэдне сьледчыя ўстанавілі, што яго затрымала міліцыя за актыўны ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі,

У першыя дні пасьля сьмерці сьледчы заявіў родным Аляксандра: «Дык ён быў пад наркотыкамі». Гэтую непраўдзівую інфармацыю працягвалі тыражаваць міліцыянты. Нават пры затрыманьнях гамельчукоў у кастрычніку-лістападзе сілавікі працягвалі казаць, што Віхор «жа быў наркаман».

Але афіцыйная экспэртыза не знайшла ў крыві памерлага ані наркотыкаў, ані алькаголю.

Сьвятлана Віхор азнаёмілася з матэрыяламі праверкі і даведалася, што міліцыянты, якія канваявалі яе сына Аляксандра, не далі мэдыкам аб’ектыўнай інфармацыі пра стан яе сына.

Калі Аляксандра прывезьлі ў СІЗА, міліцыянты паведамілі лекару ізалятара, што кепскі стан маладога чалавека абумоўлены тым, што ён «пад наркотыкамі». Гэта паўплывала на несвоечасовасьць мэдычнай дапамогі.

Плякат на вуліцы Гомля. 10 лістапада 2020 года
Плякат на вуліцы Гомля. 10 лістапада 2020 года

Калі Аляксандра прывезьлі ў псыхіятрычны шпіталь у ноч з 11 на 12 жніўня, то супрацоўнікі міліцыі таксама паведамілі лекару, што ён «пад наркотыкамі». Калі Аляксандру зрабілася яшчэ горш, ён фактычна паміраў, міліцыянты нарэшце выклікалі «хуткую» і паведамілі праз тэлефон пра Віхора: «Вкусняшек наелся», імаверна, маючы на ўвазе наркатычнае атручэньне.

У Сьледчым камітэце апытвалі супрацоўнікаў «хуткай», якія прыехалі на выклік. Яны пацьвердзілі, што міліцыянты паведамілі ім пра наркатычнае атручэньне.

«Больш за тое, супрацоўнікі міліцыі ўвогуле адмаўляліся адказваць мэдыкам, што папярэднічала пагаршэньню стану Сашы. То бок мой сын паміраў на вачах міліцыянтаў, а яны не паведамлялі інфармацыю мэдыкам і хлусілі пра наркотыкі», — кажа маці.

Неадпаведнасьць № 2. «Яго ніхто ня біў»

У праверцы СК зафіксавана: сьведкі далі паказаньні, што да Аляксандра Віхора прымянялі фізычную сілу ад моманту затрыманьня.

Супрацоўнік АМАП пры затрыманьні прыціснуў маладога чалавека нагой да асфальту, пры гэтым наступіў нагой на шыю. Пасьля гэтага Аляксандар быў моцна напалоханы, «у ягоных вачах быў жах». Калі затрыманага прывезьлі ў ІЧУ, яму зрабілася блага, яго ванітавала ўначы, «твар раніцай быў чырвоны», — расказвалі сьведкі. Але дапамогі ніхто не аказваў, хоць яе прасіў і сам Аляксандар, і іншыя затрыманыя.

Сілавікі на вуліцах Гомля, 12 жніўня 2020
Сілавікі на вуліцах Гомля, 12 жніўня 2020

Калі затрыманых везьлі ў Чыгуначны РАУС Гомля, Віхор трызьніў, размаўляў зь людзьмі, якіх не было побач. У спартыўнай залі Чыгуначнага РАУС хлопцу зрабілася горш — ён быў дэзарыентаваны ў месцы і прасторы, клікаў на дапамогу. Затрыманыя прасілі выклікаць Аляксандру хуткую, але замест гэтага яго чарговы раз зьбілі, і ён замаўчаў. На «пераклічцы» ён ужо не адгукаўся на сваё прозьвішча. Іншыя затрыманыя сказалі: «Гэта той хлопец, якому было блага».

Калі Віхора вывелі зь іншымі затрыманымі ва ўнутраны дворык міліцыі, каб везьці ў СІЗА, Аляксандру не хапала паветра, ён задыхаўся і вырваўся са службовага аўтамабіля. Па паказаньнях сьведак, яго перавялі ў іншы, пусты аўтамабіль і там зьбівалі «так, што было чуваць, як цела б’ецца аб аўтамабіль». Адзін з амапаўцаў сказаў іншым: «Хто хоча адарвацца — ваш кліент».

Калі Аляксандра Віхора везьлі ў СІЗА, у яго пачалося трызьненьне, ён клікаў маці, тату, бабулю, прасіў дапамогі, расказвалі сьведкі ў сваіх паказаньнях Сьледчаму камітэту. Тады супрацоўнік міліцыі, які канваяваў яго, запырскаў Аляксандра пярцовым газам, — паведамілі сьледзтву сьведкі.

Тэарэтычна сьледзтва магло вызначыць асобу міліцыянта, які пырскаў балёнчыкам. Адзін са сьведак нават апазнаў гэтага чалавека. Але спачатку гэты сьведка назваў яго маёрам, а потым — капітанам, таму ягоным сьведчаньням не далі веры. Іншы сьведка сьцьвярджаў, што можа апазнаць міліцыянта. Але здымак яму не прад’явілі, бо пры праверцы міліцыянты адмовіліся даваць свае антрапалягічныя дадзеныя і здымкі — «маюць права».

Тым часам сьледзтва не здабыла доказаў, што Аляксандра білі супрацоўнікі міліцыі, бо тыя гэта адмаўлялі, а камэры назіраньня ў Чыгуначным РАУС чамусьці не працавалі. Запіс з камэраў назіраньня з псыхіятрычнага шпіталя сьледзтва не запатрабавала.

Неадпаведнасьць № 3. «Ён супраціўляўся»

Сьведкі сьцьвярджаюць, і гэта відаць на відэа і здымках, што пры затрыманьні ў цэнтры гораду Аляксандар Віхор не супраціўляўся. Ён сядзеў на асфальце, яго цягнулі амапаўцы.


Аляксандар быў у нядобрым стане, калі міліцыянты везьлі яго ў псыхіятрычны шпіталь. Але нават у такім стане на яго надзелі кайданкі, бо «ён супраціўляўся». Мэдыкі псыхіятрычнага шпіталя зазначалі, што ў прыёмны пакой міліцыянты занесьлі Аляксандра на руках.

У матэрыялах праверкі ёсьць відэа, якое зьнялі самі міліцыянты. Маці яго бачыла.

«Гэта самае жахлівае відэа ў маім жыцьці — бачыць, як памірае твой сын. Ён сядзеў у кайданках на бэтоннай падлозе, у яго былі сутаргі, канвульсіі... У яго вочы былі, як у сабачкі... Ён пазіраў на міліцыянтаў і думаў, што вакол яго — людзі, якія дапамогуць яму. Ён потым ляжаў на падлозе ў сутаргах, а яны здымалі відэа і суправаджалі яго зьдзеклівымі камэнтарамі», — кажа маці.

Сьвятлана Віхор не разумее, як у такім стане яе сын мог супраціўляцца, для чаго яму надзелі кайданкі? У псыхіятрычным шпіталі ў Аляксандра быў ціск сорак на нуль, мэдыкі «хуткай» вызначылі, што ён у коме трэцяй ступені.

У праверцы ёсьць даведка ад мэдыкаў, што ў прыёмны пакой псыхіятрычнага шпіталя міліцыянты ўнесьлі Аляксандра на руках. «Пра якое супраціўленьне ідзе гаворка?» — пытаецца маці.

Сотні чалавек прыйшлі разьвітацца з Аляксандрам ВІхорам у пасёлку Касьцюкока пад Гомлем. 16 жніўня 2020
Сотні чалавек прыйшлі разьвітацца з Аляксандрам ВІхорам у пасёлку Касьцюкока пад Гомлем. 16 жніўня 2020

Неадпаведнасьць № 4. «Мэдычную дапамогу аказалі своечасова»

Мэдыкаў не паклікалі па просьбе Аляксандра Віхора і іншых затрыманых ані ў ІЧУ, ані ў міліцыі, ані ў судзе, ані ў СІЗА. «Калі яго прывезьлі ў цяжкім стане ў псыхіятрычны шпіталь, міліцыянты 40 хвілін чакалі ў чарзе. Пры тым, што бачылі, як кепска затрыманаму», — зазначае маці, якая даведалася пра гэта з матэрыялаў праверкі СК.

Лекар адразу вызначыў, што Аляксандар Віхор — ніякі не наркаман, у яго кіслароднае галаданьне. Лекар сказаў міліцыянтам, каб тэрмінова везьлі затрыманага ў рэанімацыю, але яны адмовіліся.

«Яны сказалі, што іх службовы транспарт — не для гэтага. Пачалі выклікаць хуткую, якой міліцыянты паведамілі, што затрыманы „вкусняшек наелся“ — то бок у наркатычным атручэньні. А між тым ішоў час, калі Сашу яшчэ можна было выратаваць», — кажа маці.

Мэдыкі з хуткай вызначылі, што ў Аляксандра кома трэцяй ступені, і павезьлі яго ў рэанімацыю сухотнага шпіталя — ён побач з псыхіятрычным. Але было позна.

«Міліцыянты сядзелі і проста назіралі, як паміраў мой сын. Цяпер напісалі, што няма прычынна-выніковай сувязі паміж зьбіцьцём і сьмерцю — проста яму рэзка стала блага, зьбіўся рытм сэрца. Але што гэтаму папярэднічала?» — задаецца пытаньнем Сьвятлана Віхор.

Маці паскардзілася ў пракуратуру

Маці Аляксандра Віхора ня згодная з пастановай аб адмове ў узбуджэньні крымінальнай справы і накіравала скаргу ў пракуратуру Гомельскай вобласьці.

«Лічу, што гэтае рашэньне пасьпешлівае і неабгрунтаванае, яно падлягае адмене. Згодна з пастановай аб адмове ў крымінальнай справе, сьмерць майго сына наступіла ў выніку працэсу хваробы, парушэньня сардэчнага рытму, які востра ўзьнік. Гэта выснова, якая грунтуецца на выніках экспэртызы. Пры гэтым па-за ўвагай асобаў, якія праводзілі праверку сьмерці майго сына, засталіся факты, якія маюць непасрэднае значэньне для правільнай ацэнкі дзеяньняў усіх супрацоўнікаў міліцыі і мэдыкаў, якія на працягу трох дзён кантактавалі з маім сынам і не аказалі яму правільнай мэдычнай дапамогі і дапусьцілі яго сьмерць», — напісала Сьвятлана Віхор у скарзе.

«Сын верыў у людзей, у чалавечнасьць, ён вельмі хацеў жыць, ён марыў, ён прыносіў карысьць грамадзтву і блізкім людзям. І так зь ім абышліся», — дадала маці.

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG