Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне адмовіліся паказваць цела сына». У Гомлі пасьля затрыманьня памёр 25-гадовы хлопец

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

25-гадовы гамяльчук Аляксандар Віхор памёр у шпіталі, куды яго даставілі з аўтазаку ў нядзелю. На затрыманых у Гомлі не хапае месца ані ў ІЧУ, ані ў СІЗА. Аўтамабілі з арыштаванымі стаяць гадзінамі ў доўгіх чэргах на санцапёку.

«У адным з аўтазакаў быў і Саша... Ён ня ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканьне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў смс, што яго схапілі... І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыі. Сёньня мне нарэшце сказалі, што Саша — у моргу», — плача ягоная маці.

У Аляксандра, паводле слоў маці, былі праблемы з сэрцам. Калі ён доўга знаходзіўся ў закрытым аўтамабілі на чаргу ў СІЗА, яму зрабілася блага.

«Ён крычаў, прасіў дапамогі... І канвой падумаў, што ён неадэкватны, і завёз яго ў псыхіятрычны шпіталь. Там вопытны лекар зразумеў, што праблемы ня з псыхікай... Яму выклікалі брыгаду хуткай і перавезьлі ў бліжэйшы шпіталь — сухотны, які знаходзіцца каля псыхіятрычнага... Там Сашу ратавалі, але не ўратавалі, бо, як мне сказалі, яго ўжо прывезьлі ў стане клінічнай сьмерці», — распавядае маці.

У моргу свайго сына яна ня ўбачыла.

«Мне адмовіліся яго паказваць, я думаю, што ён моцна зьбіты. Я прашу людзей, якія былі разам зь ім у аўтазаку, калі яны выйдуць з турмаў — хай раскажуць мне праўду! Што там здарылася з Сашам. Я проста хачу, каб людзі ведалі: гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына», — кажа маці.

Як паведамілі БелаПАН у прэсавай службе ўправы Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці, яны праводзяць праверку па факце сьмерці 25-гадовага жыхара Гомля. Папярэдне сьледчыя ўстанавілі, што яго затрымала міліцыя за актыўны ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, за што ён быў асуджаны на 10 сутак арышту.

«Мужчына быў накіраваны да месца адбываньня пакараньня, дзе ў яго рэзка пагоршылася самаадчуваньне. Гамяльчук быў дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя, дзе памёр, — сказалі ў прэс-службе. — У ходзе першаснага агляду бачных цялесных пашкоджаньняў, якія маглі стаць прычынай сьмерці, выяўлена не было».

Для ўстанаўленьня дакладнай прычыны сьмерці сьледчыя прызначылі судова-мэдычную экспэртызу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG