Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачку фігурантаў «пінскай справы» зьмясьцілі ў дзіцячы прытулак. Яе маці напісала ў судзе: «Я павешуся»


Алена і Сяргей Маўшукі
Алена і Сяргей Маўшукі

Фігурантам «пінскай справы», шматдзетнай маці Алене Маўшук і яе мужу Сяргею, пагражае да 6,5 года калёніі за ўдзел у «масавых беспарадках». Іхную пяцігадовую дачку зьмясьцілі ў прытулак, хоць прысуд у справе яшчэ не агучаны.

Маці 3 дачок (двое зь іх непаўналетнія) Алена Маўшук знаходзіцца за кратамі з 10 жніўня.

«Голая, босая і пабітая» — так сукамэрнікі Алены апісвалі мужу Сяргею стан жонкі пасьля яе затрыманьня.

«Лена паступіла ў пінскі ізалятар у чым маці нарадзіла», — расказваў раней Свабодзе Сяргей Маўшук. Яго самога таксама затрымалі 10 жніўня. Аднак, у адрозьненьне ад Алены, якую пасьля ізалятару адразу ж перавялі ў Баранавіцкі СІЗА, Сяргей дагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам.

У пары Маўшукоў адно агульнае дзіця — 5-гадовая Карына. 10-гадовую дачку Алены Ангеліну ў верасьні забралі ў прытулак. Аднак празь некаторы час пад апеку яе ўзяла хросная. Карына ж увесь час, да пачатку суду, знаходзілася разам з татам.

Пачуўшы запыт пракурора, Алена Машук напісала: «Я павешуся»

Суды над фігурантамі «пінскай справы» пачаліся 23 сакавіка. Перад першым паседжаньнем Сяргей Маўшук сказаў: «Калі мяне пасадзяць, гэта будзе моцны ўдар па дачцэ».

Алена Маўшук
Алена Маўшук

У ходзе судовага паседжаньня 14 красавіка пракурор запрасіў для Алены 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму, для Сяргея — 6,5 года ўзмоцненага. Пачуўшы гэта, Алена напісала ў сшытку: «Я павешуся»

«Яна напісала гэта вялікімі літарамі. І паказала сшытак, трошкі нахіліўшы бокам, каб Сяргей паглядзеў, — апавядае мачаха абвінавачанага Алега Рубца Тацяна. — Я і Воля (жонка абвінавачанага Сяргея Ляжэнкі. — РС) сядзелі за Сяргеем. Калі мы пабачылі гэтыя словы, пачалі плакаць».

У сваім апошнім слове Алена прасіла судзьдзю яе жорстка не караць.

«Я вельмі патрэбна сваім дзецям, мяне хвалюе іх лёс», — сказала яна плачучы.

Дачку забралі ў прытулак у дзень, калі пракурор папрасіў жорстка пакараць бацькоў

У той дзень адразу пасьля паседжаньня Сяргей даведаўся, што яго дачку Карыну зь дзіцячага сада забралі сацыяльныя работнікі. Потым яе зьмясьцілі ў прытулак. Сяргей зьбіраўся забраць Карыну ў той самы дзень, адразу пасьля вяртаньня ў Пінск. Аднак дачку яму не аддалі. Нягледзячы на тое, што Сяргей Маўшук не пазбаўлены бацькоўскіх правоў, 5-гадовая Карына да гэтага часу знаходзіцца ў дзіцячым прытулку.

Сяргей Маўшук зь лістамі ад жонкі
Сяргей Маўшук зь лістамі ад жонкі

Паводле інфармацыі родных Сяргея Маўшука, адна «вельмі прыстойная» пінская сям’я хоча аформіць над Карынай апеку. Цяпер яны зьбіраюць неабходныя дакумэнты для ўдачарэньня.

Блізкія сваякі ад Карыны адмовіліся, уключна са старэйшай дачкой Аленай, якая ня можа яе ўдачарыць празь сямейныя абставіны.

Прысуд 14 фігурантам «пінскай справы» вынесуць у судзе Маскоўскага раёну Берасьця 30 красавіка. У залю паседжаньня плянуюць упусьціць толькі па 2 сваякі кожнага з падсудных.

Што расказваюць пінчукі пра падзеі 9–10 жніўня

Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі і старшыня гарвыканкаму Іван Рабкавец. Яны прапанавалі вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.

Цягам 2,5 гадзіны пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. У выніку на паркоўку гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца. Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG