Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Які ён арганізатар?» У Пінску затрымліваюць новых фігурантаў «пінскай справы»


Цэнтар Пінску 9 жніўня 2020 года. Фота: Tut.by
Цэнтар Пінску 9 жніўня 2020 года. Фота: Tut.by

24 сакавіка ў Пінску прайшлі затрыманьні новых фігурантаў так званай «пінскай справы». Пра гэта Свабодзе расказала жонка аднаго з абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках 9-10 жніўня.

«Учора ў 6:40 раніцы я пайшла на працу. Муж зьбіраўся завесьці дзіця ў школу. Але ўжо а сёмай прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і яго забралі», — кажа Натальля, жонка абвінавачанага ў «пінскай справе» Аляксандра Шандыбы.

Пра затрыманьне мужа Натальля даведалася з тэлефоннага званка малодшай дачкі. Жанчына адпрасілася з працы і адразу ж пабегла да ізалятара.

«Бачыла, што, акрамя Сашы, затрымлівалі яшчэ аднаго мужчыну. Я падбегла да супрацоўнікаў, каб даведацца, што здарылася з маім мужам. Адзін зь міліцыянтаў сказаў, што ім прыйшло распараджэньне зь Берасьця, што там будзе суд. Маўляў, больш яны нічога ня ведаюць. Сказаў, каб я ішла да ГАУС і там высьвятляла дэталі», — кажа суразмоўца.

Натальля кажа, што адразу ж накіравалася да ГАУС, каб перадаць мужу рэчы першай неабходнасьці. Аднак зрабіць гэтага так і не змагла.

«Выйшаў намесьнік начальніка міліцыі. Накрычаў на мяне і груба сказаў: „Шандыбу — нічога“. Я ж хацела проста перадаць крыху прадуктаў, зьменную бялізну. Як там знаходзіцца некалькі тыдняў наогул безь нічога? — ня можа зразумець Натальля. — Я ж упершыню сутыкнулася з такой сытуацыяй, хацела спытаць, што мне рабіць? Мне адказалі: „Ідзіце поштай перасылайце ці чакайце, пакуль яго адправяць у Баранавіцкае СІЗА або на суд“».

«Яны забіраюць невінаватых людзей»

Па словах Натальлі, 9 жніўня яны з мужам былі на вясельлі. Там Аляксандар выпіў крыху алькаголю, пасьля чаго вырашыў на ровары пад’ехаць у цэнтар Пінску, каб паглядзець, што адбываецца пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў. Падчас размовы Натальля неаднаразова падкрэсьлівала, што муж апынуўся каля будынка гарвыканкаму выканкаму выпадкова (менавіта там адбыліся сутычкі пінчукоў зь сілавікамі. — РС), проста назіраў за тым, што адбываецца, і ноччу вярнуўся дадому.

Натальля сьцьвярджае, што першы раз Аляксандра Шандыбу затрымалі ў верасьні на 3 дні. Пасьля чаго яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Пачаліся сьледчыя дзеяньні.

«Пакуль ішло расьсьледаваньне, мяне і мужа некалькі разоў выклікалі да сьледчага. Там мне казалі, што 9 жніўня муж быў у першых шэрагах, сьцьвярджалі, што ён арганізатар. Але які ён арганізатар? Ён жа сябе нават арганізаваць ня можа, макарону варыць ня ўмее. Саша проста староньні чалавек, бяскрыўдны і спакойны, — хвалюючыся, расказвае Натальля. — Яны ж каго трэба не саджаюць, забіраюць невінаватых людзей. Ня ведаю, куды тут зьвяртацца. Усё ж адразу было мірна, гэта міліцыя людзей справакавала, але нічога цяпер ужо не дакажаш...»

Некаторыя сваякі затрыманых у «пінскай справе» сьцьвярджаюць, што першапачаткова абвінавачаных падзялілі на дзьве групы. 13 фігурантаў першай групы цягам некалькіх месяцаў знаходзіліся ў Баранавіцкім СІЗА № 6, яшчэ адзін пад хатнім арыштам.

Суды над імі праходзяць у Берасьці з 23 сакавіка па 9 красавіка. У той час, як фігуранты другой групы (на іх таксама была заведзена крымінальная справа) знаходзіліся на волі, пад хатнім арыштам альбо пад падпіскай аб нявыезьдзе. Затрыманьні некаторых зь іх прайшлі 24 сакавіка.

Што расказваюць пінчукі пра падзеі 9-10 жніўня

Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі і старшыня гарвыканкаму Іван Рабкавец. Яны прапанавалі вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.

Цягам 2,5 гадзіны пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. У выніку на паркоўку гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца. Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG