Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 15 красавіка: 2 гады «хатняй хіміі» за абразу Ярмошынай, 3 гады калёніі за ўдар па міліцэйскай машыне

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюцца суды за падзеі пасьлявыбарнага пэрыяду. Свабода сочыць за палітычнымі працэсамі 15 красавіка. Абнаўляецца.

«Адчуваючы азлобленасьць, ударыў па машыне»

У судзе Савецкага раёну Менска вынесьлі прысуд майстру будаўніча-мантажных работ Івану Цагалку. Яго вінавацілі па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт у дачыненьні міліцыі) і па 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), піша «Вясна».

Крымінальная справа тычылася падзей 13 верасьня, калі ў Менску праходзіла акцыя пратэсту «Марш герояў» і частка пратэстоўцаў дайшла да Драздоў, дзе адбыліся затрыманьні. Так Цагалка стаў фігурантам крымінальнае справы.

Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Шаціла. Бок абвінавачаньня прадстаўляў памочнік пракурора Раманенка, грамадзянскі пазоўнік — Зінавенка. Абаронца — Грыцук. Пацярпелымі па справе былі прызнаныя 7 супрацоўнікаў АМАПу.

Згодна з абвінавачаньнем, Цагалка ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на ўчастку ад Нямігі да станцыі мэтро «Пушкінская», блякаваў дарогі, перашкаджаў працы аптэк, салёнаў і прадпрыемстваў, парушаў спакой грамадзян.

У час 17.40-18.30, у раёне вуліцы Ціхай, «адчуваючы азлобленасьць у дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі, ударыў адзін раз нагой па службовым аўтамабілі і тым самым пашкодзіў капот. Затым нанёс па два ўдары супрацоўнікам АМАПу Папову і Назараву, якія не пацягнулі расстройства іх здароўя».

Іван прызнаў віну толькі ў тым, што неспадзявана ўдарыў па аўтамабілі. Па ўсіх астатніх эпізодах не прызнаў. Кошт рамонту міліцэйскай тэхнікі, за якую выставілі рахунак больш за 400 рублёў, Іван пакрыў яшчэ да суду.

Іван распавёў, што пры затрыманьні яго білі: пашкодзілі нос, наносілі ўдары па галаве, а таксама запісалі на відэа, якое затым паказалі па дзяржаўным тэлеканале. Падчас запісу міліцыянты прымушалі яго казаць тое, што ім трэба, пагражалі зьбіць, калі будзе нешта не так. Калі ён казаў «няправільна», тады відэа пераздымалі.

На працэсе ў якасьці сьведак выступілі прадстаўнікі некалькіх устаноў, каля якіх 13 верасьня праходзіла шэсьце: цырульняў, крамаў, салёнаў, аптэк, якія ў той дзень зачыняліся, хоць меліся працаваць. Ніхто са сьведкаў прэтэнзій Цагалку не прад’явіў за выключэньнем ТАА "Грын фітнес «(трэнажорная заля «F1 fitness») на праспэкце Пераможцаў. Паводле пісьмовых паказаньняў іх прадстаўнікоў, з-за ўсіх нядзельных акцый пратэсту яны нібыта панесьлі шкоду ў 48000 рублёў, бо кліенты не маглі да іх даехаць.

Прадстаўнік «Менсктрансу» назваў шкоду ў памеры больш за 30 тысяч рублёў.

Адвакат Івана ўпэўнены, што абставіны сьледзтва кваліфікавала няправільна. Іван выйшаў на праезную частку толькі на вуліцы Ціхай, а там грамадзкі транспарт ня ходзіць. Таксама ён ніяк ня мог перашкаджаць працы ўстаноў, проста рухаючыся па тратуары. Адвакат заявіў, што абвінавачаньне трымаецца толькі на паказаньнях Назарава і Папова, якія ў іх блыталіся (у колькасьці удараў і чым яны былі нанесеныя), і прасіў вызваліць Цагалку з-пад варты.

Але судзьдзя Шаціла прызнаў Івана Цагалку вінаватым і прысудзіў яму 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Таксама ён абавязаны выплаціць па 1000 рублёў кампэнсацыі «маральнай шкоды» супрацоўнікам АМАПу Папову і Назараву. Пазоў «Менсктрансу» будуць разглядаць асобна ў парадку грамадзянскага судаводзтва.

«Хатняя хімія» за абразу Ярмошынай

У судзе Маскоўскага раёну Менску 15 красавіка асудзілі 25-гадовую Аляўціну Корчык, якую вінавацяць па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады).

Па матэрыялах сьледзтва, Корчык «30 кастрычніка, маючы намер зьняважыць прадстаўніка ўлады, з мэтай прыніжэньня гонару і годнасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй і кіруючыся нізкімі памкненьнямі, у тэлеграм-канале пакінула камэнтар наступнага зьместу:

«Большай ш...й чым Ярмошына, усё роўна нікому ня стаць».

Справу разглядала судзьдзя Лідзія Целіца. Дзяржабвінаваўца — пракурор Яўген Серакоў. Судзьдзя пагадзілася з пракурорам, і прызначыла Корчык пакараньне ў 2 гады «хатняй хіміі».

Вырак за фатаграфію судзьдзі

У Воранаве асудзілі мясцовую жыхарку, якая 26 жніўня 2020 году разьмясьціла фатаграфію судзьдзі з Баранавіч у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» - і напісала камэнтар. Суд палічыў яго абразьлівым і прызначыў пакараньне - 1,5 года «хатняй хіміі», паведаміў суд.

Шматдзетная маці, імя якой не называецца, мае чатырох непаўналетніх дзяцей. Зьмест камэнтару суд не паведаміў, адзначыўшы толькі, што яна нібыта «мела намер на прыніжэньне гонару і годнасьці судзьдзі».

Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу, таму 39-гадовая жанчына можа апратэставаць яго.

Штраф за нацыянальны лёзунг

3770 рублёў штрафу, звыш 60 дзён арышту, дэпартацыя і крымінальная справа. Так пакаралі за вокліч "Жыве Беларусь" у Смаргонях. Усё пачалося 18 лютага, калі ў Смаргонях агучылі прысуд Інэсе Маркавай і Руслану Валюку ў крымінальнай справе за паклёп на міліцыянтаў. Іх асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» і «хіміі» адпаведна.

Пасьля абвяшчэньня прысуду ў калідоры нехта крыкнуў «Жыве Беларусь!». Вокліч у суседняй залі пачула старшыня смаргонскага суду Людміла Пятрова. На яе патрабаваньне выклікалі міліцыянтаў, якія затрымалі некалькі чалавек. На ўсіх склалі пратаколы паводле арт. 23.24 КаАП за несанкцыянаванае пікетаваньне ў судзе. Акрамя таго, пачалі крымінальную справу паводле артыкулу 339 «Хуліганства».

Штраф за сьцяг на ўласным бальконе

Анатоль Прасаловіч, які адбыў у сукупнасьці ўжо 21 суткі адміністрацыйнага арышту, 15 красавіка атрымаў у судзе Ленінскага раёну Менску штраф у 1450 рублёў за "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства". Мужчыну пакаралі за нацыянальны сьцяг, вывешаны на ўласным бальконе. На выходных тэрмін адміністрацыйнага арышту Прасаловіча скончыцца, піша тэлеграм-канал MAYDAY.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG