Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўца пакаралі двума гадамі «хіміі» за зьнявагу міліцыянтаў. Тыя патрабавалі 13 тысяч рублёў за «маральныя пакуты»


У Магілёве суд адправіў мясцовага жыхара на 2 гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за зьнявагу трох міліцыянтаў і абавязаў выплаціць ім 2 850 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Між тым пацярпелыя намагаліся адсудзіць у абвінавачанага 13 тысяч рублёў.

36-гадовага Івану Ківу судзьдзя Ленінскага суду Тацяна Рахманенка прызнала вінаватым у зьнявазе прадстаўніка ўлады (369 арт. КК). Паводле матэрыялаў справы, ён у верасьні 2020 году рэзка пракамэнтаваў фатаздымак з супрацоўнікамі магілёўскай міліцыі, апублікаваны ў групе «Народны патруль Магілёва», якая існавала ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

На магілёўца завялі крымінальную справу, а трое супрацоўнікаў палічылі выказваньне абвінавачанага абразьлівым і свае маральныя пакуты ацанілі ў 13 тысяч рублёў.

Падсудны настойваў, што ягонае выказваньне ня тычылася міліцыянтаў, якіх суд прызнаў пацярпелымі.

Тым ня менш судзьдзя пастанавіла, што Ківа мае выплаціць Станіславу Белянкову, Ягору Шведзіну па 1 тысячы, а Ўладзіславу Крылову — 850 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Гэта ўжо другі прысуд за выказваньне аб супрацоўніках міліцыі, разьмешчанае ў групе «Народны патруль Магілёва». У студзені два гады «хатняй хіміі» прысудзілі 31-гадоваму магілёўцу Ігару Міцянкову. Акрамя абмежаваньня волі, паводле пастановы судзьдзі Тацяны Касьцюк абвінавачаны абавязалі выплаціць пацярпеламу міліцыянту Аляксандру Кіркалаву 1 тысячу рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG