Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не лічу сябе ні героем, ні ахвярай» Гісторыя аршанца, які ўжо адбыў пакараньне за надпісы «Жыве Беларусь!»


Міхаіл Беркас па вызваленьні. Побач маці Марыя Мікалаеўна і нявеста Дар’я
Міхаіл Беркас па вызваленьні. Побач маці Марыя Мікалаеўна і нявеста Дар’я

21-гадовага Міхаіла Беркаса пакаралі месяцам арышту за пратэставыя надпісы ў Воршы. Мы пагаварылі з былым палітвязьнем пасьля таго, як ён адбыў пакараньне.

Праваабаронцы прызналі асуджанага палітвязьнем, бо, на іх погляд, надпісамі ён выказваў меркаваньне аб грамадзка-палітычных падзеях, не заклікаў імі да гвалтоўных дзеяньняў і не распальваў сацыяльнай варажнечы.

10 красавіка Міхаіл выйшаў на волю і апавядае пра перажытае.

Пра Міхаіла Беркаса. Сьцісла

  • Жыве ў Воршы. Вучыўся, але ня скончыў Віцебскую акадэмію вэтэрынарнай мэдыцыны.
  • Цікавіцца праграмаваньнем і разьвівае сябе ў гэтай галіне.
  • Трымае сабаку, а сяброўка — двух коней. Любіць здымаць відэа з коптэра.
  • Лічыць сябе эмацыйным, спагадлівым і сямейным.

Напружвае, што краінаю кіруе нязьменна адзін прэзыдэнт

Міхаіл Беркас кажа, што востра ўспрымае несправядлівасьць і прымус. У вэтэрынарнай акадэміі не мірыўся з навязанай студэнтам падпіскай на дзяржаўныя выданьні, абураўся непатрэбнымі, на ягоную думку, выездамі «на бульбу». Сваю незадаволенасьць выказваў выкладчыкам і адміністрацыі навучальнай установы.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году, як і бацькі, Міхаіл сымпатызаваў Тацяне Караткевіч, але тады ня мог галасаваць, бо быў непаўналетні.

Міхаіл Беркас на практыцы ў вэтэрынарнай клініцы
Міхаіл Беркас на практыцы ў вэтэрынарнай клініцы

У той час юнак ужо меў бачаньне палітычнай сытуацыі ў краіне. Хлопца напружвала, што ёю кіруе нязьменны прэзыдэнт і ўсё сваё жыцьцё ён чуе з тэлевізара ягоныя прамовы, поўныя абяцаньняў, якія, аднак, ніколі не выконваліся. Летась жа, на погляд Міхаіла, кіраўнік дзяржавы і галоўны прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду наагул ня стаў сябе абцяжарваць перадвыбарчымі прадмовамі.

У тым, што Лукашэнку 9 жніўня абвесьцяць пераможцам, Міхаіл не сумняваўся і быў упэўнены, што вынікі выбараў сфальсыфікуюць. Аднак пасьлявыбарчы гвалт сілавікоў яго агаломшыў.

«Мне было страшна, бо не разумеў, што адбываецца», — прызнаецца ён.

Цяпер Міхаіл ня верыць, што ў Беларусі сытуацыю можна зьмяніць на выбарах. Ён лічыць: пакуль Лукашэнка не падасьць у адстаўку, спадзявацца на гэта марна.

«Пабойваўся вязьніцы...»

У лістападзе 2020 году Міхаіла Беркаса затрымалі як падазраванага ў тым, што нарабіў па Воршы надпісаў «Жыве Беларусь» і «3%». Шэсьць дзён яго трымалі ў аршанскім ізалятары. Тады ж распачалі крымінальную справу за апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці, а з дома бацькоў апэратыўнікі забралі кампутары, носьбіты інфармацыі, тэлефоны. Да суду яго пакінулі на волі.

«Я зрабіў гэта на эмоцыях. Пратэставаў супраць таго, што творыцца ў маёй краіне. Пра свой учынак не шкадую...», — кажа ён.

Міхаіл дадае, што гатовы быў тады выйсьці са сьцягам у цэнтар гораду, але разумеў — доўга так не прастаяў бы, таму «вырашыў свой шэры раён размаляваць яркімі фарбамі».

Міхаіл Беркас у стайні сваёй сяброўкі
Міхаіл Беркас у стайні сваёй сяброўкі

24 лютага судзьдзя Аршанскага суду Мікалай Драгуноў пакараў Беркаса месяцам арышту. Сваю віну хлопец прызнаў. Паводле праваабаронцаў, на ягоных прызнальных паказаньнях і будавалася абвінавачаньне.

«Найбольш цяжкім было чаканьне прысуду, бо мне маглі даць да трох гадоў няволі, — згадвае Міхаіл. — Я пабойваўся вязьніцы і думаў: як апынуся там адзін, дык будуць біць».

Суразмоўца прысуд сустрэў з усьмешкай. Кажа, што ягоны ўчынак «цягнуў» на адміністрацыйнае пакараньне, але яго асудзілі за крымінальнае злачынства. Паводле матэрыялаў справы, сваімі надпісамі Беркас нанёс уладальнікам аб’ектаў шкоду на 583 рублі. Гэтую суму ён сплаціў.

«Там адчувалася атмасфэра канцлягера»

Неўзабаве пасьля суду Міхаіл Беркас сам прыйшоў у Аршанскі РАУС адбываць пакараньне. Першыя 5 дзён праседзеў у камэры мясцовага ІЧУ з двума забойцамі і трыма злодзеямі. Затым яго этапавалі ў сьледчы ізалятар Віцебску, дзе ўмовы былі больш жорсткія. Па прыезьдзе адзін з кіраўнікоў папярэдзіў палітарыштанта, каб «свае перакананьні трымаў пры сабе, іначай ня вылезе з карцару». Зьняволенага паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да дэструктыўнай дзейнасьці.

Ахоўнікаў ізалятара Міхаіл характарызуе як службоўцаў самаўпэўненых і перакананых у тым, што за парушэньне правоў зьняволеных ім нічога ня будзе. Па ягоных словах, некаторыя наглядчыкі казалі яму зьняважліва — маўляў, наступным разам будзеш ведаць, дзе і што пісаць. Былі і спагадлівыя ахоўнікі, якія цікавіліся, ці не выбівалі зь яго паказаньняў на сьледзтве.

Міхаіл Беркас са сваёй нявестай удзельнічалі з дыплёмнай працай у конкурсе БРСМ «Сто ідэяў для Беларусі»
Міхаіл Беркас са сваёй нявестай удзельнічалі з дыплёмнай працай у конкурсе БРСМ «Сто ідэяў для Беларусі»

«У ізалятары прыгнятала стаўленьне да асуджаных. Іх ня лічаць людзьмі, — дзеліцца назіраньнямі суразмоўца. — Безумоўна, яны пакараныя, але іх не пазбавілі правоў. Там адчувалася атмасфэра канцлягера. Разумець гэта было жахліва».

Паводле Міхаіла, сукамэрнікі ставіліся да яго нармальна і нават падтрымлівалі. Часам «жартавалі», што яму могуць дадаць тэрмін за палітыку. Тым больш калі пачаў атрымліваць лісты ад незнаёмых людзей. Асуджаныя выпытвалі, чаму ён рабіў надпісы. Ён тлумачыў: гэтак пратэставаў і паказваў, што ня ўсе абыякавыя да таго, што творыцца ў краіне.

Паводле Міхаіла, асуджаныя настроеныя супраць дзейнай улады. Яны эмацыйна камэнтавалі тое, што перадавала дзяржаўнае радыё.

«Слухаць яго ў камэры дзень пры дні мне было невыносна цяжка, — кажа суразмоўца. — Раздражняла яно і маіх сукамэрнікаў. Яны кожны раз, пачуўшы нешта новае, ганілі ўладу. Пры гэтым ня ўсім былі зразумелыя і дзеяньні лідэраў пратэсту, і іхны ад’езд з краіны».

«Я рады, што зноў дома...»

Паводле Міхаіла, найбольш не хапала яму навінаў з волі. Ён прызнаецца, што сумаваў па родных, бо гэтак надоўга зь імі не расставаўся. Адзначае, што шмат прыходзіла лістоў ад незнаёмцаў, і гэта давала яму сілы трымацца. Часта пісала сяброўка. У адным зь лістоў маці паведаміла, што праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Гэтая навіна стала нечаканай.

Міхаіл Беркас з шчанятамі сваёй аўчаркі
Міхаіл Беркас з шчанятамі сваёй аўчаркі

«На фоне таго, з чым сутыкаліся іншыя зьняволеныя за грамадзянскую пазыцыю, каго зьбівалі на Акрэсьціна ці ў Жодзіне, мой месяц арышту — амаль нішто», — кажа ён.

На волю Міхаіл выйшаў 10 красавіка. Кажа, што зьняволеньне не зьмяніла ягоных поглядаў на жыцьцё. Яму, аднак, як і раней, цяжка чытаць навіны пра падзеі ў краіне. Ён ня ведае, як можа ёй дапамагчы, і гэта выводзіць яго з раўнавагі.

«Я не лічу сябе ні героем, ні ахвярай, — кажа Міхаіл. — Безумоўна, я пацярпеў за свае перакананьні, але іншыя людзі пакутуюць нашмат болей за мяне. Магчыма, маё стаўленьне да перажытага з часам зьменіцца і будзе ўспрымацца інакш. Пакуль жа я рады, што зноў дома».

Ён спадзяецца, што сытуацыя ў краіне зьменіцца. Самае галоўнае, на яго погляд, — «каб дзейнічаў закон і ўсе былі роўныя перад ім». Калі ж закону няма, падсумоўвае Міхаіл, ці ўлада яго мяняе, каб перасьледаваць іншадумцаў, то грамадзяне ня могуць адчуваць сябе спакойнымі і абароненымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG