Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы могуць стаць нацыяй патэнцыйных алькаголікаў і самагубцаў». Псыхатэрапэўт пра стан нацыі


Паводле дасьледаваньняў, палова беларусаў, што прайшла праз жорсткія затрыманьні і турмы, можа цярпець ад посттраўматычных стрэсавых разладаў (ПТСР). Такі ж разлад можа быць і ў сьведкаў жахлівых здарэньняў, і ў саміх агрэсараў.

Калі ПТСР не лячыць, у 50% людзей з такімі сымптомамі разаўецца дэпрэсія, у 48% — алькагалізм, а кожны пяты будзе спрабаваць разьвітацца з жыцьцём. Такія прагнозы робіць кагнітыўна-паводзінавы тэрапэўт Кацярына Карповіч.

Паводле праваабаронцаў, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў праз турмы і затрыманьні прайшлі дзясяткі тысяч беларусаў. Паводле навуковых мадэляў, у паловы людзей з такім досьведам разьвіваецца ПТСР, — сьцьвярджае кагнітыўна-паводзінавы тэрапэўт, аўтарка YouTube-каналу «Психология Что?» Кацярына Карповіч.

«Для дзяржаўнай машыны мова рэпрэсіяў і гвалту — гэта яе родная мова»

Кацярына Карповіч
Кацярына Карповіч

Паводле Кацярыны Карповіч, беларускае грамадзтва пастаянна жыло ў дынаміцы заглушанага гвалту нізкай інтэнсіўнасьці.

«Гэты дзяржаўны гвалт быў безупынны. І грамадзтва да гэтага адаптавалася, з аднаго боку, — кажа яна. — З другога боку, яно не гатова было трываць большых маштабаў рэпрэсіяў. І рэзкі скачок гэтых маштабаў у жніўні паказаў, што для дзяржаўнай машыны мова рэпрэсіяў і гвалту — гэта яе родная мова. А праблемы росту маштабу пратэстаў для дзяржавы наагул няма.

Але для грамадзтва, у тым ліку і для тых, хто трымаў нэўтралітэт, гэта выявілася праблемай: непрымальна, немагчыма прыняць такі гвалт у ХХІ стагодзьдзі».

Крызіс, як адзначалі многія палітолягі, пачаўся менавіта зь непрыняцьця гвалту, а не пасьля прамінулых выбараў. Проста гэта супала, працягвае Кацярына.

«І, мяркую, ключавое пытаньне — у якім стане зараз знаходзіцца грамадзтва, якое цярпіць ад пастаяннага гвалту, — кажа яна. — Дзяржаўны гвалт — гэта ня мною прыдуманы тэрмін. Гэта форма гвалту з боку дзяржавы. Кажуць пра фашызм, сталінізм, але калі ацэньваць найбольш дакладна — гэта дзяржаўны гвалт у вялікім маштабе».

Сымптомы ПТСР: трывожныя сны, флэшбэкі, пазьбяганьні

Посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР) узьнікае пасьля таго, калі жыцьцё чалавека было ў небясьпецы, альбо чалавек наўпрост зьведаў гвалт, альбо быў сьведкам гвалту. ПТСР разьвіваецца ня ў кожнага.

«Прынята лічыць, што пры аднаразовай пагрозе ці нападзе сындром разьвіваецца ў 15–20% людзей. Але калі гвалтоўныя дзеяньні паўтараюцца — гэты працэнт імкліва расьце. Да 50%», — кажа Кацярына Карповіч.

Кагнітыўна-паводзінавы тэрапэўт нагадвае ключавыя сымптомы ПТСР, на якія варта зьвярнуць увагу і тым, хто зьведаў жорсткае затрыманьне, зьбіцьцё, катаваньні, і хто быў сьведкам гвалту.

«Першы сымптом — гэта вельмі трывожныя, цяжкія сны, зьвязаныя з тымі падзеямі.

Другі — гэта „флэшбэкі“, калі чалавек чуе салюты, а яму падаецца, што выбухаюць гранаты. Мазгамі ён разумее, што гэта салют, а цела — здрыгаецца гэтаксама, як быццам зноў выбухнула.

Ёсьць трыгеры, за якімі быў надыходзіў гвалт. Калі, да прыкладу, чалавек шарахаецца бусікаў, на мове псыхалёгіі гэта называецца „ўхіленьне“ — ад тых рэчаў, якія асацыятыўна ўзгадваюцца.

„Флэшбэкі“, начныя кашмары, ухіленьні вельмі моцна ўплываюць на эмацыйны стан, які можа даходзіць да поўнага выключэння з працы і ўвогуле нармальнага функцыянавання», — тлумачыць Кацярына Карповіч.

ПТСР можа «накрыць» ахвяру гвалту, сьведку і нават агрэсара

Псыхоляг зьвяртае ўвагу, што посттраўматычны стрэсавы разлад можа «накрыць» як таго, хто зьведаў гвалт, так і сьведку гвалту. А таксама — агрэсара, які гэты гвалт чыніў.

«Калі перакладаць гэта на мову палітыкі, незалежна ад таго, на чыім ты баку — апазыцыйным ці на баку ўлады, — маеш рызыку атрымаць посттраўматычны разлад. І не зьдзіўляйцеся: у агрэсара таксама можа разьвіцца ПТСР, а ня толькі ў людзей інтэлектуальных, эмацыйных, эмпатычных. У агрэсара па-іншаму працуе псыхалягічная абарона, яна больш прымітыўная.

Звонку падаецца, што карціна розная, але і сьведкі, і гвалтаўнікі ня менш падпадаюць пад траўму», — кажа псыхоляг.

Палова палітзьняволеных мае посттраўматычныя разлады

На думку дасьледнікаў, посттраўматычны стрэсавы разлад будзе разьвівацца ў вельмі вялікай колькасьці насельніцтва — значна большай, чым меркавалася ў жніўні 2020-га, тлумачыць Кацярына Карповіч. Паводле яе, разавыя катастрофы, нават калі забіраюць вялікую колькасьць жыцьцяў, прадукуюць значна меншы працэнт посттраўматычных разладаў, чым хранічны маштабны гвалт.

«Дасьледаваньні паказваюць, што ў Ізраілі сярод людзей, што жывуць у сэктары Газа, ПТСР маюць 6-7%, — кажа яна. — Калі браць палітвязьняў, (а я глядзела статыстыку аб паўночнакарэйскіх, усходненямецкіх, гішпанскіх палітзьняволеных) — ува ўсіх лічбы прыкладна адны і тыя ж. У палітзьняволеных працэнт посттраўматычных стрэсавых разладаў — 40–50%», — прыводзіць статыстыку Кацярына Карповіч.

Наступствы ПТСР: дэпрэсія, алькагалізм, схільнасьць да суіцыду

На думку кагнітыўна-паводзінавага тэрапэўта, зараз ніхто рэальна не ацэньвае наступствы посттраўматычных разладаў.

Небясьпека разладу ў тым, што калі няма адэкватнай псыхалягічнай дапамогі (на дзяржаўным узроўні яе зусім няма), да ПТСР вельмі хутка далучаюцца дэпрэсіўныя разлады — у 50% выпадкаў, у 48% выпадкаў — алькагалізм. І калі і тое, і іншае ня лечыцца далей, то кожны пяты з тых, хто мае ПТСР, будзе спрабаваць разьвітацца з жыцьцём. Гэта вельмі вялікая лічба — 20% схільных да суіцыду.

«Хацелася б, каб чыноўнікі, улады падумалі, як яны будуць спраўляцца з тымі траўмаванымі дзясяткамі тысяч чалавек. І калі нічога не мяняць, беларусы могуць стаць нацыяй патэнцыйных самагубцаў і алькаголікаў. Такі несуцяшальны прагноз, калі нічога ня будзе мяняцца», — разважае Кацярына Карповіч.

ПТСР лечыцца, прычым даволі хутка, Але ня лекавымі прэпаратамі

Посттраўматычны стрэсавы разлад страшны ня тым, што людзі сур’ёзна цярпяць, а тым, што будзе зь імі, калі яны нічога ня будуць рабіць, перасьцерагаюць адмыслоўцы. Калі ад паўгоду да году неабходна лячыць які-небудзь трывожны разлад кшталту іпахондрыі, то ПТСР пасьпяхова можна пераадолець з псыхолягам і за меншы тэрмін, запэўнівае Кацярына Карповіч.

«Але дапамога павінна адпавядаць пэўным стандартам. Ува ўсіх міжнародных рэкамэндацыях лячэньня ПТСР пункт № 1 — пацыенту неабходна апынуцца ў бясьпецы. І хаця ўсе беларусы па змоўчаньні цяпер не ў бясьпецы, усё адно лепш лячыць, чым не лячыць, — кажа экспэртка. — Але гэта ня лекавыя прэпараты: лекі дапамагаюць толькі пачаць лячэньне. Яшчэ раз падкрэсьлю: ПТСР ня лечыцца лекамі, лекі блякуюць толькі прыступы панікі. Вы не папярэдзіце дэпрэсію або цягу да алькаголю антыдэпрэсантамі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. У найлепшым разе на пэўны час прыпыніцца частка сімптомаў».

Таму лячэньне можа адбывацца толькі ў адмыслова навучаных псыхолягаў, якія маюць досьвед працы з ПТСР.

«Рэкамэндуюцца два мэтады. Альбо траўма-факусаваная кагнітыўная тэрапія, альбо мэтад дэсэнсыбілізацыі і перапрацоўкі рухам вачэй. Гэтыя мэтады даказаныя і дзейсныя — неабходна да 4–5 сустрэчаў з псыхолягам», — перакананая Кацярына.

Адмыслоўца яшчэ раз зьвяртае ўвагу, што ПТСР разьвіваецца і ў так званых сьведак гвалту.

«Адзін з сымптомаў разладу — ня страх і дэпрэсія, а пачуцьцё віны ацалелага (ангельскі тэрмін survivor). Гэтым тэрмінам называюць ня толькі тых, хто ацалеў на вайне, але і людзей пасьля палітычнага перасьледу. Вось жа калі пачуцьцё віны спалучаецца зь іншымі сымптомамі — дэпрэсіўнасьцю, прыгнечанасьцю, цягай да алькаголю, уніканьнем „бусікаў“ — гэта ПТСР. Такім таксама неабходна зьвяртацца да псыхоляга. Калі ты сумняесься, лепш зьвяртацца, чым не зьвяртацца», — раіць адмыслоўца.

Ці могуць ўзьнікнуць рэцыдывы пасьля лячэньня?

Прайшоўшы поўнавартаснае лячэньне пры ПТСР, чалавеку будзе крыху прасьцей даць рады наступнай траўме, тлумачыць псыхоляг.

«Калі чалавек праходзіў лячэньне, пры сутыкненьні з паўторнай траўмай менш шанцаў, што ў яго зноў разаўецца посттраўматычны стрэсавы разлад. Калі ён не лячыўся, у яго дакладна разаўецца разлад», — кажа яна.

Своечасовая аказаная дапамога нівэлюе наступствы траўмы.

Кацярына Карповіч раіць зьвяртацца да кваліфікаваных спэцыялістаў. Пры гэтым можна праводзіць сэансы онлайн.

«Ёсьць добрая навіна: дасьледаваньні паказаваюць, што онлайн-заняткі, калі сувязь добрая, вельмі эфэктыўныя, — кажа яна. — Ёсьць бясплатная псыхалягічная дапамога „Давер“. Яны працуюць з пацярпелымі менавіта ад гэтых праблемаў, першыя сэансы — бясплатна».

«Не заганяйце сябе ў кут, не пасыпайце галаву попелам!»

Калі чалавек перажыў моцны стрэс, ён суб’ектыўна пачынае дзяліць жыцьцё на «да» і «пасьля», — тлумачыць псыхоляг.

«І жыцьцё нібыта спыняецца на паўзе. Многія людзі рэагуюць на падзеі „замарожваньнем“: перастаюць кантактаваць, сустракацца зь сябрамі, хадзіць на забавы: маўляў, „як можна, калі адбываецца такая жорсткасьць“.

Але гэта няправільна. Калі факусавацца толькі на нэгатыве, гэта пагоршыць разлад. Нельга пасыпаць галаву попелам. Тым, хто сядзіць у турмах, лягчэй ня стане, калі вы будзеце хадзіць у чорным», — кажа Кацярына Карповіч.

Таксама адмыслоўца ня раіць абмяркоўваць свае перажываньні з тымі, хто перажыў падобны ж досьвед, ігнаруючы пры гэтым дапамогу псыхоляга.

«Нельга абменьвацца жудаснымі „кадрамі“. Тады адбываецца ўзаемная траўматызацыя, — кажа кагнітыўна-паводзінавы тэрапэўт Кацярына Карповіч. — Людзі, пашкадуйце адно аднаго, не рабіце так! Ідзіце да спэцыяліста, не заганяйце сябе ў кут».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG