Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зламаўся тэлевізар у камэры». Ігар Лосік за кратамі 292 дні


Жонка Ігара Лосіка Дар'я паказвае фота Ігара іх маленькай дачцэ

Жонка палітвязьня Дар’я пакуль ня ведае, ці насамрэч яе мужа будуць судзіць разам зь Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам.

Кансультант Радыё Свабода, блогер і палітзьняволены Ігар Лосік за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. Тры тыдні таму ён нарэшце пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы. Жонка Ігара Дар’я Лосік увесь гэты час двойчы на тыдзень возіць Ігару перадачы з Баранавічаў у Жодзіна.

«У Ігара пакуль усё як звычайна, — расказвае Дар’я. — Адзіная навіна — зламаўся тэлевізар, які перадавалі ў камэру. Трэба будзе, відаць, забіраць яго, рамантаваць. Потым аддаваць назад неяк. У іншым усё як звычайна. Працягвае знаёміцца з матэрыяламі справы пакуль. Цяжка сказаць, як доўга гэта яшчэ працягнецца».

Па словах Дар’і, перадачы ў Жодзіне для вязьняў сьледчай турмы прымаюць без праблем. У апошні тыдзень таксама наладзілася перапіска, яна зноў пачала атрымліваць ад мужа лісты.

Інфармацыю пра тое, што Ігара Лосіка будуць судзіць у Магілёве разам зь Мікалаем Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім, Дар’я пацьвердзіць ня можа. Такія зьвесткі з-за кратаў на мінулым тыдні перадаў родным Мікола Статкевіч.

«Наколькі разумею, так і будзе, раз Мікалай Статкевіч пра гэта напісаў, — кажа Дар’я. — Я пакуль дакладна ня ведаю нічога. Суд, магчыма, будзе агульны ў такім выпадку. Але ў каго такая хворая фантазія, каб сабраць усіх гэтых людзей разам? Гэта нешта складанае для разуменьня, на самой справе».

Знаёміцца з матэрыяламі справы Ігар Лосік будзе прыкладна да канца месяца, пасьля гэтага іх перададуць у пракуратуру і суд. Дакладная дата пачатку працэсу пакуль невядомая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG