Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сядзеў у «справе журналістаў», стварыў вольную пляцоўку. Хто такі Павал Мажэйка, якога затрымалі за карціну


Павал Мажэйка. 2012 год.

Паўла Мажэйку, уласьніка культурнай пляцоўкі «Цэнтар гарадзкога жыцьця» у Горадні затрымалі 26 сакавіка за карціну на выставе.

Генэральная пракуратура 26 сакавіка завяла крымінальную справу на Паўла Мажэйку, а таксама на аўтара карціны Алеся Пушкіна, за «рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». На карціне быў партрэт удзельніка антыбальшавіцкага пасьляваеннага падпольля Яўгена Жыхара. Мажэйку затрымалі, ён у горадзенскім ізалятары. Пушкін вярнуўся з Украіны, але яго не затрымалі, дома ў яго прайшоў ператрус.

Паўлу Мажэйку 42 гады, гарадзенец. Па адукацыі гісторык. Ён трапіў у топ Свабоды асобаў апошняга дзесяцігодзьдзя, якія зрабілі Беларусь лепшай.

Чым вядомы Павел Мажэйка?


1. Стварыў «Цэнтар гарадзкога жыцьця»


Культурная пляцоўка паўстала ў Горадні ў верасьні 2016 году. Там праводзілі прэзэнтацыі кніг, дыскусіі, выставы. За 4,5 гады прайшлі сотні імпрэзаў. Сярод іх канцэрт Лявона Вольскага на адкрыцьці новага памяшканьня, кніжны фэстываль «Прадмова», гістарычныя канфэрэнцыі «Grodnae et orbi».

У 2019 годзе выстава фатаграфій самага прэстыжнага конкурсу фатографаў World Press Photo адкрылася толькі ў «Цэнтры гарадзкога жыцьця», больш нідзе ў Беларусі яе ў тым годзе не было.

Канцэрт Лявона Вольскага ў “Цэнтры гарадзкога жыцьця”
Канцэрт Лявона Вольскага ў “Цэнтры гарадзкога жыцьця”
Мастакі размалявалі галерэю каля “Цэнтра” ў 2019 годзе
Мастакі размалявалі галерэю каля “Цэнтра” ў 2019 годзе
Выстава ў “Цэнтры” пра сьвяткаваньне БНР у Беларусі апошнія 100 гадоў
Выстава ў “Цэнтры” пра сьвяткаваньне БНР у Беларусі апошнія 100 гадоў

Апошнія 3 гады ў «Цэнтры» праходзілі бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова».

У 2020 годзе «Цэнтр» стаў хабам для горадзенскіх валянтэраў ByCovid, якія рабілі ахоўныя сродкі для мэдыкаў падчас эпідэміі каранавірусу.

Калі з горадзенскага драмтэатру звольнілі 14 актораў за страйк, яны знайшлі пляцоўку для выступаў у «Цэнтры». Самым маштабным стаў спэктакль на фоне аўтазака ва ўнутраным дворыку «Цэнтра», які сабраў каля 400 гледачоў.

Спэктакль у “Цэнтры” на фоне аўтазака ў верасьні 2020 году
Спэктакль у “Цэнтры” на фоне аўтазака ў верасьні 2020 году


Сёлета ў сакавіку ў «Цэнтры» забаранілі паказ спэктаклю, які асуджае фашызм. Пракуратура ўгледзела ў ім аналяг з цяперашняй сытуацыяй у Беларусі.

Звольненыя акторы горадзенскага драмтэатру зладзілі ў Вільні акцыю ў падтрымку Паўла Мажэйкі.


2. Ладзіў гістарычныя канфэрэнцыі


Мажэйка быў адным з арганізатараў штогадовых гістарычных канфэрэнцый у Горадні «Гарадзенскі палімпсэст» (2008-2012), «Гарадзенскі соцыюм» (2013-2015), «Grodnae et orbi» (2017-2021), прысьвечаных Дням сьвятога Губэрта, апекуна Горадні. Па выніку канфэрэнцый выходзілі аднайменныя зборнікі матэрыялаў.


3. Праводзіў «Гарадзенскія дыктоўкі»


Павал Мажэйка быў сярод арганізатараў «Гарадзенскіх дыктовак», якія праводзілі ў Горадні зь 2008 году паралельна з агульнабеларускай дыктоўкай. Тэкст дыктоўкі ў розныя гады чыталі Данута Бічэль, Генадзь Бураўкін, Віктар Шалкевіч, Зінаіда Бандарэнка, Тамара Талерчык, Вера Кунцэвіч, Аляксей Пяткевіч, Ала Петрушкевіч. Сёлета ў «Цэнтры» трансьлявалі, як тэкст Уладзімера Караткевіча чытае Сьвятлана Ціханоўская.


4. Сядзеў па «справе журналістаў» 20 гадоў таму


Павал Мажэйка працаваў у адной зь першых незалежных горадзенскіх газэт «Пагоня». У 2002 годзе пасьля чарговых прэзыдэнцкіх выбараў на Мажэйку і галоўнага рэдактара газэты «Пагоня» Міколу Маркевіча завялі крымінальную справу за паклёп і зьнявагу Лукашэнкі. Прычынай сталі артыкулы, якія нават не дайшлі да чытача, бо нумар газэты арыштавалі яшчэ ў друкарні.

Мажэйка тады атрымаў 1,5 года «хіміі», а Маркевіч — 2 года «хіміі». Па амністыі тэрмін абодвум скарацілі на год. «Пагоню» закрылі.

Горадзенскія журналісты Анджэй Пачобут, Андрэй Мялешка, Вітаўт Руднік патрабуюць пад горадзенскім аблвыканкамам свабоду Маркевічу і Мажэйку, 1 красавіка 2002 году


5. Заснаваў кніжную сэрыю «Гарадзенская бібліятэка»


Мажэйка быў адным з заснавальнікаў і каардынатараў незалежнай кніжнай сэрыі «Гарадзенская бібліятэка», якая зьявілася ў 2006 годзе. Гэта быў адказ «бульдозэрнай рэканструкцыі», што прыйшла ў Горадню ў 2005 годзе і адзначалася зьнішчэньнем гісторыка-культурнай спадчыны каралеўскага горада. Мажэйка з паплечнікамі задумалі абараніць свой горад пры дапамозе інтэлектуальнага набытку.

У сэрыі «Гарадзенская бібліятэка» выйшлі дзясяткі кніг: гістарычныя манаграфіі, біяграфіі і мэмуары, эпісталярная спадчына, гістарычная і сучасная проза, даведнікі па Горадні. Сярод іх «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага» Аляксандра Краўцэвіча, зборнік вершаў «Назаві мяне геніем» загінулага паэта Юркі Гуменюка, «Пад скіпэтрам Расейскай імпэрыі» Алеся Радзюка.

6. Працаваў прэс-сакратаром Мілінкевіча


У прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году Мажэйка быў прэс-сакратром апазыцыйнага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. Паводле афіцыйных вынікаў выбараў, Мілінкевіч набраў тады 6,0% галасоў, Лукашэнка — 82,6%. На Кастрычніцкую плошчу тады выйшла каля 30 тысяч чалавек, нязгодных з вынікамі выбараў. Утварылася намётавае мястэчка. Урэшце пратэсты, якія ішлі 5 дзён, разагналі, затрымалі больш як 500 чалавек. ЗША не прызнала вынікі гэтых выбараў. АБСЕ адзначыла, што іх праводзілі з парушэньнем дэмакратычных стандартаў.

Аляксандар Мілінкевіч і Павал Мажэйка. 2010 год.
Аляксандар Мілінкевіч і Павал Мажэйка. 2010 год.

7. Працуе журналістам тэлеканалу «Белсат»


Павал Мажэйка працуе на незалежным тэлеканале «Белсат» з моманту ягонага заснаваньня ў 2007 годзе. Зь 2009 году займаў пасаду выканаўчага дырэктара тэлеканала. Ён аўтар і вядоўца праграмы «Intermarium», якая падымае балючыя гістарычныя тэмы пры дапамозе гісторыкаў з розных краінаў. Раней вёў перадачу «Госьць „Белсату“» у 2007–2011 гадах, а таксама перадачу «Два на два» пра праблемы гісторыі і канструяваньня нацый, пошук месца беларусаў і Беларусі ў сёньняшнім сьвеце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG