Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольскі ў Горадні анансаваў мажлівы сумесны выступ з Саладухам. ФОТА


Лявон Вольскі на адкрыцьці новага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» у Горадні
Лявон Вольскі на адкрыцьці новага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» у Горадні

Лявон Вольскі сабраў разы ў тры болей слухачоў, чым магло зьмясьціць памяшканьне, зьняў жоўтыя акуляры ад гарачыні і прадказаў мажлівы сумесны праект з Аляксандрам Саладухам. Так у Горадні 6 верасьня адкрылася адноўленая культурная прастора «Цэнтар гарадзкога жыцьця».

Некалькі сотняў слухачоў запоўнілі новую залю цэнтру, унутраны дворык і вонкавы калідор па пэрымэтры будынка. Нягледзячы на адчыненыя вокны, заля паводле адчуваньняў ператварылася ў лазьню.

Канцэрт Лявона Вольскага ў Горадні
Канцэрт Лявона Вольскага ў Горадні

Прыйшла пераважна моладзь, а таксама сем’і з малымі дзецьмі, ад якіх праз гоман даляталі словы па-беларуску.

Прасьпяваў «Марскога чалавека» у памяць аб Кулінковічу

Вольскі шмат хваліў гарадзенцаў за музычнасьць, прызнаваўся, што Горадня — найлепшы горад, жартам падліваў алей у агонь заходне-ўсходніх беларускіх стасункаў на карысьць «западэнцаў». Публіка перабівала ці ня кожнае яго выказваньне гучнымі доўгімі воплескамі.

Канцэрт Вольскага слухалі на ўнутраным дворыку прасторы
Канцэрт Вольскага слухалі на ўнутраным дворыку прасторы

— Недзе на Гомельшчыне не зразумелі б, пра што гаворка вядзецца… — пачаў абвяшчаць ён чарговую песьню.

— Volkswagen Passat, — падказалі з залі.

— Насамрэч, так, — зьбянтэжана зьдзівіўся Лявон, як хутка яго раскусілі.

Песьню «Марскі чалавек» музыка прысьвяціў памяці Аляксандра Кулінковіча. На бэк-вакал сьпяваць «м-м-м» выйшаў ажно тузін хлопцаў. У залі плакалі.

Гучалі песьні з розных альбомаў і праектаў. Гіты падпявалі разам.

«Зычу не баяцца дробязяў»

Лявон адказаў на пытаньні сваіх прыхільнікаў «з капелюша». Пытаньне, калі будзе канцэрт з Саладухам, заля сустрэла працяглым сьмехам.

Яно, здаецца, так сьмешна-сьмешна, так парадаксальна-парадаксальна. Але здаецца, што будзе. Таму што Neuro Dubel бяз Сашы Кулінковіча робіць прэвію. Там будзе шмат вакалістаў — старых, маладых і сярэдніх. І можа быць, будзе будзе Аляксандр. Я не жартую, — сказаў Лявон.

Канцэрт памяці Кулінковіча, пра які казаў Вольскі, пройдзе 25 кастрычніка ў менскім Prime Hall. Акрамя Вольскага і Саладухі анансаваны ўдзел Зьмітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча («Крама»), Юрыя Стыльскага («Дай дарогу»), Алега Хаменкі («Палац»), Уладзімера Пугача (J:Морс), Лэсьлі Найфа (Gods Tower), Алеся Лютыча (:B:N:) і іншых.

— Чаго б вы пажадалі і сабе, і нам?

— Як кажуць людзі сталыя, у першую чаргу здароўя. Яшчэ пажадаю не баяцца дробязяў, таго, чаго мы звычайна баімся: быць няправільна зразуметымі, уладаў, міліцыянэраў на вуліцы, даішнікаў. Я ж таксама баюся.

— Ці хапае вам часу, каб маляваць?

— Я актывізаваўся апошнім часам у гэтай галіне. Пачаў расьпісваць шкляны посуд. Учора расьпісаў шклянку. Мне здаецца, нішто сабе. Падобна да Шагала.

— Што самае галоўнае ў жыцьці?

— Я ўсё больш прыходжу да высновы, што гэта само жыцьцё і ёсьць.

«Каб у Горадні было больш беларускага, эўрапейскага, сучаснага»

Заснавальнік і гаспадар гарадзкой прасторы «Цэнтар гарадзкога жыцьця» Павал Мажэйка патлумачыў, што галоўнае адрозьненьне новага памяшканьня — ягоны вялікі памер. Гэта дае болей мажлівасьцяў, дазваляе зрабіць прастору больш мабільнай, арганізаваць столькі асобных зонаў (для выставаў, творчых сустрэч, дыскусій), колькі патрэбна.

Павал Мажэйка, архіўнае фота
Павал Мажэйка, архіўнае фота

​«Мы хочам, каб у Горадні было больш беларускага, эўрапейскага, сучаснага. Маем надзею, што наша прастора дапаможа гэта даць сабе і гораду, каб нам жылося ў ім цікавей і свабадней. Важна, калі ёсьць месца, куды можна прыйсьці і ўбачыць, што нас, людзей, якім цікавая беларушчына, шмат», — кажа Павал Мажэйка.

На думку гаспадара цэнтра, першая імпрэза паказала, што такіх прастораў у горадзе бракуе.

Абноўленае памяшканьне Цэнтру гарадзкога жыцьця даводзілі да ладу «з нуля» з пачатку году.

Сымбалічна, што першым госьцем у новай прасторы стаў Лявон Вольскі, кажа Мажэйка.​

«Вольскі для кагосьці — як Караткевіч і Быкаў. Для аграмаднай колькасьці людзей гэта той, хто зрабіў зь іх беларусаў. Вольскі — гэта голас незалежніцкага пакаленьня беларусаў. Ён аб'яднаў нас, краіну, беларускамоўных і расейскамоўных, рабацяг і інтэлігенцыю. Вольскі даў і дае надзею на нармальную Беларусь», — сказаў Мажэйка.

​Папярэдняе памяшканьне на Савецкай вуліцы, дзе раней месьціўся Цэнтар гарадзкога жыцьця і легендарная арт-галерэя «Крыга», працягне жыць і выкарыстоўвацца для культурных мэтаў, але як менавіта, пакуль застаецца таямніцай.​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG