Выстава World Press Photo адкрылася ў Горадні

Выстава WORLD PRESS PHOTO адкрылася ў Горадні

Міжнародная выстава «Ўсясьветнае прэс-фота — 2019» адкрылася 8-га жніўня ў Горадні ў Цэнтры гарадзкога жыцьця (вул. Кірава, 3). Яна працягнецца да 23 жніўня. Арганізатар — культурніцка-адукацыйны цэнтар ЦЭХ. Уваход вольны.

Усясьветнае прэс-фота году. 1-е месца, адзінкавае фота

Джон Мур, ЗША, Getty Images

Гандураская дзяўчынка Янэля Санчэс плача, калі яе і ейную маці Сандру Санчэс 12 чэрвеня арыштоўваюць памежнікі ЗША ў МакАлене (штат Тэхас).

Сем’і імігрантаў перабраліся на плытах праз Рыё-Грандэ з Мэксыкі, пасьля чаго іх арыштавалі ўлады ЗША. Паводле Сандры Санчэс, яна з дачкою месяц перасякала Цэнтральную Амэрыку і Мэксыку, перш чым дабралася да ЗША, каб прасіць палітычнага прытулку. Адміністрацыя Трампа абвясьціла палітыку «нулявой талерантнасьці» на мяжы, у выніку якой імігранты, затрыманыя падчас спробы трапіць у ЗША, маглі падпасьці пад крымінальны перасьлед. Як вынік, шмат затрыманых бацькоў былі разлучаныя зь дзецьмі, часта іх зьмяшчалі ў розныя вязьніцы. Пасьля таго як гэты здымак абляцеў сьвет, мытнікі і памежнікі ЗША запэўнілі, што Янэля з маці ня трапілі ў лік тысячаў разлучаных сямейнікаў. Нягледзячы на гэта, публічнае абурэньне супярэчлівай практыкай прымусіла прэзыдэнта Дональда Трампа скасаваць яе 20 чэрвеня.

Усясьветная прэс-фотагісторыя году, сэрыя фота

Пітэр тэн Гоўпэн, Нідэрлянды/Швэцыя, Agence VU/Civilian Act

У кастрычніку і лістападзе тысячы мігрантаў з Цэнтральнай Амэрыкі рушылі ў бок мяжы са Злучанымі Штатамі.Яны выйшлі з гораду Сан-Пэдра-Суля ў Гандурасе 12 кастрычніка. Па меры таго як чуткі пра караван шырыліся, да яго далучалася ўсё больш людзей зь Нікарагуа, Сальвадору і Гватэмалы. Караваны мігрантаў кіруюцца да мяжы з ЗША штогод у розную пару, але гэты быў найбольшы за апошні час. Яго склалі 7000 чалавек, у тым ліку прынамсі 2300 дзяцей, як падлічылі агенцтвы ААН. Дарога зьнясільвала, людзі праходзілі 30 кілямэтраў у дзень, часта ў сьпёку больш як 30 °C.

Агульныя навіны. 1-е месца, адзінкавае фота

Крыс МакГрат Аўстралія, Getty Images

15 кастрычніка. Невядомы спрабуе стрымаць напор прэсы падчас прыбыцьця саудаўскіх сьледчых у консульства Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле (Турэччына), тым часам як у грамадзтве расьце трывога з прычыны зьнікненьня журналіста Джамаля Хашогжы.

Крытык саудаўскага рэжыму, Хашогжы зьнік, увайшоўшы на тэрыторыю консульства 2 кастрычніка. Пасьля некалькіх тыдняў дэзынфармацыі Эр-Рыяд абвясьціў, што Хашогжы выпадкова загінуў у бойцы. Турэцкія ўлады і ЦРУ заявілі, што яго забілі саудаўскія выведнікі, якія працавалі на палітычную эліту Саудаўскай Арабіі.

Агульныя навіны. 1-е месца, серыя фота

Лёрэнца Туньнёлі, Італія, Contrasto, для The Washington Post

Пасьля амаль чатырох гадоў канфлікту ў Емэне сама меней 8,4 мільёна чалавек апынуліся перад пагрозай галоднай сьмерці, 22 мільёны маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе. Кааліцыя на чале з Саудаўскай Арабіяй падтрымала емэнскі ўрад супраць хусітаў, зладзіўшы блякаду Емэну і ўвёўшы абмежаваньні на імпарт харчоў, лекаў і паліва. У выніку дэфіцыту, рэзкага росту транспартных выдаткаў і наўмысных перашкодаў у забесьпячэньні цэны для большасьці емэнцаў аказваюцца завоблачнымі, і купіць ежу часта бывае немагчыма.

Экалёгія. 1 месца, адзінкавае фота

Брэнт Стэртан, ПАР, Getty Images

30-гадовая Пэтранэля Чыгумбура з антыбраканьерскага атраду Акашынга, які складаецца выключна з жанчын, удзельнічае ў вучэньнях па маскіроўцы ў парку дзікай прыроды Пхундунду (Зымбабвэ).

Акашынга («Адважныя») — лясныя атрады, заснаваныя як альтэрнатыўны спосаб аховы прыроды. Іх мэта — супрацоўнічаць, а не змагацца зь мясцовым насельніцтвам на карысьць, у доўгатэрміновай пэрспэктыве, як грамадзтва, так і навакольнага асяродзьдзя. У Акашынга набіраюць жанчын з праблемных супольнасьцяў. Гэта дае ім веру ў сябе, забясьпечвае працай і дапамагае мясцовым жыхарам наўпрост атрымліваць карысьць з аховы прыроды. Іншыя стратэгіі — напрыклад, спаганяць за паляваньне плату, якая ідзе на прыродаахоўныя мэты, — крытыкуюцца, бо гэты варыянт навязалі звонку і ён ня ўлічвае патрэбаў мясцовых жыхароў.

Экалёгія. 1 месца, сэрыя фота

Марка Гўаляццыні, Італія, Contrasto

Гуманітарны крызіс у басэйне возера Чад працягваецца ў выніку спалучэньня палітычнага канфлікту і чыньнікаў экалёгіі. Возера Чад, якое жывіць 40 мільёнаў чалавек, за апошнія 60 гадоў высахла на 90% у выніку засухі, высяканьня лясоў і нерацыянальнага выкарыстаньня вады. Промыслы кшталту рыбацтва занепадаюць, абмяленьне возера выклікае канфлікты. Джыхадысцкая групоўка «Бо-ко Харам», якая дзейнічае ў рэгіёне, нажываецца на ўсё шырэйшай галечы і голадзе і ў той жа час падтрымлівае такі стан рэчаў. Групоўка рэкрутуе жыхароў зь вёсак вакол Чаду, тым часам як працяглы вайсковы канфлікт сарваў зь месца 2,5 мільёна чалавек, павысіўшы харчовую нестабільнасьць.

Актуальныя тэмы. 1-е месца, адзінкавае фота

Дыяна Маркасьян, Расея/ЗША, Magnum Photos

У Гаване (Куба) Пура аб’яжджае свой раён на ружовым кабрыялеце 1950-х гадоў, а людзі тым часам зьбіраюцца сьвяткаваць ейнае пятнаццацігодзьдзе.

Кінсэаньнера (дзявочае пятнаццацігодзьдзе) — лацінаамэрыканская традыцыя сьвяткаваць ператварэньне дзяўчыны ў жанчыну. Гэта адмысловы гендэрны рытуал пераходу, які традыцыйна дэманструе цнатлівасьць і гатоўнасьць дзяўчыны да шлюбу. Сем’і зазвычай ідуць на вялізныя выдаткі, сьвяткуючы народзіны з размахам. Дзяўчына ў строі прынцэсы ўвасабляе ў фантазійных вобразах агульнапрынятыя ўяўленьні пра жаноцкасьць. На Кубе традыцыя трансфармавалася ў сапраўднае шоў, з фота- і відэаздымкамі, якія застаюцца на памяць. Народзіны Пуры адметныя яшчэ і тым, што некалі ў яе знайшлі пухліну мозгу, і дзяўчыне сказалі, што яна не дажыве да трынаццаці гадоў.

Актуальныя тэмы. 1-е месца, сэрыя фота

Алівія Гэрыс, Вялікая Брытанія

25 траўня Ірляндыя на рэфэрэндуме значнай большасьцю галасоў скасавала закон аб абортах, які быў адным з найбольш строгіх у сьвеце. Восьмая папраўка да Канстытуцыі строга забараняла перапыняць цяжарнасьць, нават пасьля згвалтаваньня або інцэсту. Рух за скасаваньне гэтай папраўкі выкарыстоўваў для пашырэньня сваіх пазыцый сацыяльныя мэдыі ды выносіў нязгоду на вуліцы, ладзячы дэманстрацыі і тэатралізаваныя шоў.

Фігуры, якія сымбалізуюць змрочнае становішча жанчын у Ірляндыі, пасталі ў шэраг перад камэрамі сацыяльных мэдыяў, перш чым прайсьці маўклівым парадам па вуліцах Лімэрыку.

Партрэты. 1-е месца, адзінкавае фота

Фінбар О’Рэйлі, Канада/Вялікая Брытанія

Дыяра Ндыяе, Ндэе Фату Мбае і Марыза Сахо дэманструюць строі дызайнэркі Адамы Пары ў Мэдыне, раёне сенегальскай сталіцы Дакару, а цікаўныя жыхары назіраюць за імі.

Дакар — цэнтар француска-афрыканскай моды, які імкліва разьвіваецца. Гэта сядзіба тэлеканалу «Fashion Africa», першага цалкам прысьвечанага модзе на кантынэнце. На штогадовым Тыдні моды ў Дакары адбываецца экстравагантны вулічны паказ, які могуць наведаць усе ахвотныя: ён прываблівае публіку з усяго гораду. Адама Пары (якая мае брэнд свайго імя) — рухавік тыдня моды і важная фігура дызайнэрскай сцэны.

Партрэты. 1-е месца, сэрыя фота

Бэнэдыкт Кюрзэн, Санэ Дэ Вілдэ, Францыя, NOOR, Бэльгія, NOOR

Нігерыя мае найбольшы адсотак двайнятаў у сьвеце, асабліва вылучаецца народ ёруба на паўднёвым захадзе краіны: гэтак, горад Ігба-Ора называюць «нацыянальнай сталіцай блізьнятаў» і кажуць, што там амаль кожная сям’я мае прынамсі адну двойню. У лякальных супольнасьцях у дачыненьні да двойняў разьвіліся самыя розныя культурныя практыкі, ад абагаўленьня да дэманізацыі. Раней двайняты ў некаторых рэгіёнах лічыліся ліхам, і іх забівалі адразу пасьля нараджэньня. Сёньня шмат хто думае, што двайняты прыносяць удачу і дабрабыт. Двухколерныя фільтры падкрэсьліваюць падвойнасьць — і ідэнтычнасьці, і фатографаў, і стаўленьня да двайнятаў.

Прырода. 1-е месца, адзінкавае фота

Бэнцэ Матэ, Вугоршчына

Жабкі з адрэзанымі лапкамі ў жыжы з жабінай ікрой боўтаюцца на паверхні, калі іх выкінулі назад у ваду ў Кавасьне (Усходнія Карпаты, Румынія) у красавіку.

Жабіны лапкі — далікатэс, які нарыхтоўваюць вясною, калі самкі і саміцы зьбіраюцца, каб адкласьці ікру. Часам лапкі адрываюць яшчэ жывым асобінам. Штогод жабіных лапак прадаюць на 40 мільёнаў даляраў ЗША, у гандлі ўдзельнічаюць краіны з усяго сьвету.

Прырода. 1 месца, сэрыя фота

Брэнт Стэртан, ПАР, Getty Images для National Geographic

Тысячагадовая практыка сакалінага паляваньня адраджаецца ў розных краінах, асабліва шчыруюць у арабскім сьвеце. Сокалы, якіх гадуюць у няволі, дапамаглі зьменшыць гандаль адлоўленымі дзікімі птушкамі, у тым ліку некаторымі відамі, якім пагражае зьнікненьне.

Спорт. 1-е месца, адзінкавае фота

Ён Пэдэшэн, Нарвэгія

30-гадовая баксэрка Марын Аджамба трэніруецца ў баксэрскім клюбе Rhino ў Катанзе, вялікім трушчобным паселішчы ў Кампале (Уганда, 24 сакавіка).

Больш за 20 тысяч чалавек у Катанзе жывуць у цеснаце і часта ў крайняй галечы. Баксэрскі клюб ня мае староньняга фінансаваньня. Маці семярых дзяцей Марын Аджамба — баксэрка жаночай каманды Ўганды. Мужчынскі бокс мае ва Ўгандзе працяглую гісторыю, але жанчыны-баксэркі часта маюць мала магчымасьцяў выйсьці на міжнародны ўзровень.

Спорт. 1-е месца, сэрыя фота

Фаруг Аляі, Іран

У Іране абмяжоўваюць прысутнасьць жанчын на футбольных стадыёнах. 1 сакавіка кіраўнік ФІФА Джаньні Інфантына сустрэўся з прэзыдэнтам Ірану Хасанам Рухані, каб абмеркаваць гэтую праблему. 20 чэрвеня ўлады дазволілі пусьціць на стадыён «Азадзі» ў Тэгеране выбраныя групы жанчын. Дазвол распаўсюджваўся толькі на міжнародныя матчы і быў пазьней скасаваны. 10 лістапада прэзыдэнт ФІФА, наведваючы матч Кубка Азіяцкай футбольнай канфэдэрацыі (АФК), папрасіў, каб яму прадэманстравалі, што жанчынам можна прысутнічаць на матчах. Выбраным жанчынам далі ўвайсьці на стадыён, шматлікіх іншых не пусьцілі.

Працяглыя праекты. 1-е месца. Абы дома не сядзелі

Сэра Блэзэнэр, ЗША / 4 красавіка 2016 году — 17 лістапада 2018 году

Патрыятычная адукацыя (зазвычай з ваяўнічым падтэкстам) — асноўная сіла моладзевых праграмаў як у Расеі, так і ў Злучаных Штатах. У ЗША з канцэпцыямі «Амэрыка перадусім» і «амэрыканізм» можна сустрэцца ў летніках і клюбах, дзе моладзь вучаць, што значыць быць амэрыканцамі. У Расеі патрыятычныя клюбы і летнікі падтрымліваюцца ўрадам праз студэнцкі рух, які мае на мэце дапамагчы сфармаваць характар маладых людзей, настаўляючы іх у ідэалёгіі, рэлігіі ды гатоўнасьці да вайны. Фатографка наведала дзесяць моладзевых праграмаў у ЗША, а таксама школы і ваенізаваныя летнікі ў Расеі. Праект факусуецца на жыцьці маладых людзей, заахвочваючы да дыялёгу вакол ідэяў, што ўнушаюцца будучым пакаленьням.