Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выйшаў з калёніі пераможцам з усьмешкай на твары». Міхаіл Жамчужны — пра 3 гады ў адзіночцы, 520 дзён у карцары


Міхаіл Жамчужны
Міхаіл Жамчужны

Былы палітвязень, праваабаронца і навуковец Міхаіл Жамчужны 19 лютага вызваліўся з-за кратаў пасьля 6 з паловай гадоў зьняволеньня.

Разам з папярэднім тэрмінам ён правёў за кратамі больш за 11 гадоў. Жамчужны расказвае пра свой досьвед выжываньня за кратамі, пра турэмную мэдыцыну, у выніку якой можна не дажыць да вызваленьня, пра каранавірус у турмах, а таксама раіць цяперашнім палітвязьням, як не зламацца ў беларускай турме.

Глядзець размову на відэа цалкам

Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 годзе ў Віцебску. Былы дацэнт Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, вынаходнік, першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

Ва ўнівэрсытэце кіраваў лябараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду. У 2006 годзе супраць Жамчужнага распачалі крымінальную справу. Адмовіўся ад прапановы супрацоўнічаць з КДБ і даць паказаньні супраць начальства. У 2007 годзе Жамчужнага прыгаварылі да 5 гадоў зьняволеньня за крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі.

Пасьля вызваленьня Жамчужны далучыўся да праваабарончай арганізацыі «Плятформа» і зьбіраў інфармацыю пра сытуацыю з правамі вязьняў за кратамі. Пасьля ліквідацыі «Плятформы» стаў сузаснавальнікам «Плятформы інавэйшн» (цяпер закрытая ўстанова). Яго арыштавалі праз тыдзень пасьля абвяшчэньня прысуду кіраўніку «Плятформы інавэйшн» Андрэю Бандарэнку ў 2014 годзе. У 2015 годзе Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным выдаваньні зьвестак, што складаюць службовую таямніцу, даваньні хабару, і прыгаварыў да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Пазьней прызначылі стражэйшую кару — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Доўгі час быў у Беларусі адзіным прызнаным палітычным зьняволеным.


Сьцісла

  • Рэкамэндацыі ўжо стагодзьдзямі адшліфаваныя — ніколі не здавацца; ня вер, ня бойся, не прасі. Глядзіце адкрыта і сумленна ў вочы супрацоўнікаў адміністрацыі і крымінальных аўтарытэтаў. Паказвайце, што ў вас воля і сіла.
  • 20 сутак ШЫЗА і тры гады ў адзіночнай камэры — гэта вынік таго, што я, абараняючы сваё жыцьцё, здароўе і псыхічны стан, вымушаны быў ізалявацца ад «спэцкантынгенту», спэцыяльна навучанага супрацоўнікамі калёніі.
  • Калі я адбываў пакараньне, праз подлыя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія арыштавалі маю перапіску, цалкам разбурыліся адносіны з маімі роднымі.
  • Мне жахліва ўсьведамляць, што ў тых умовах, у якіх я быў, могуць апынуцца нашы цудоўныя журналісткі.
  • Тым, хто быў за калючым дротам, было відавочна, што мірныя пратэсты, спробы з дапамогай кветак перамагчы амапаўцаў — тупіковы крок.
  • Я вярнуўся ў пустую кватэру ў вельмі зношанай вопратцы. У лічаныя дні нашы прадпрымальнікі забясьпечылі мяне новым адзеньнем, абуткам, бялізнай для ложка, посудам.


Пра абмежаваньні на свабодзе

Палітвязень Міхаіл Жамчужны на волі, 19 лютага 2021
Палітвязень Міхаіл Жамчужны на волі, 19 лютага 2021

Міхаіл Жамчужны просіць не называць яго былым палітвязьнем.

— У Беларусі былых палітвязьняў не бывае. Я застаўся палітычным вязьнем, нават знаходзячыся на свабодзе. Ёсьць шмат абмежаваньняў — не магу выйсьці пасьля 9 гадзіны, сталы кантроль міліцыі, ня маю права пакідаць Віцебск, краіну. Двойчы на месяц трэба адзначацца ў супрацоўніка міліцыі, раз на месяц праслухаць «рэкамэндацыі, каб весьці законапаслухмяны лад жыцьця».

— Вы агулам правялі за кратамі 11 гадоў — велізарная частка жыцьця. Чаму вас цяпер ня лічаць свабодным чалавекам пасьля адбыцьця пакараньня? Вы ж цалкам свой тэрмін адседзелі.

— Цяпер у Беларусі праходзяць пратэставыя акцыі, а я — палітычны зьняволены зь вялікім «стажам». Да мяне пільная ўвага з боку спэцслужбаў, якія ўсяляк спрабуюць кантраляваць маё знаходжаньне, паводзіны і перашкодзіць удзелу ў акцыях, каб я не арганізоўваў пратэсты, скарыстаўшы свой аўтарытэт.

«Праз подлыя дзеяньні міліцыі за кратамі ў мяне не было падтрымкі з боку родных»


— Як часта вам даводзілася перажываць здраду за гэтыя гады? Блізкіх людзей, паплечнікаў...

— Даводзілася. Асуджаныя, чые інтарэсы я абараняў, не заўсёды падтрымлівалі мае намаганьні ў абароне іх інтарэсаў. Паводле закону я асабіста ня маю права абараняць асуджаных (пісаць заявы ад іх імя). Яны могуць пісаць заявы толькі ад свайго імя. Часам, пасьля таго, як я дапамог напісаць чарнавік заявы, яны адмаўляліся падпісваць. Я расцэньваю гэта як здраду.

Калі я адбываў пакараньне, праз подлыя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія арыштавалі маю перапіску, у мяне цалкам разбурыліся адносіны з маімі роднымі. За кратамі ў мяне не было падтрымкі з боку родных, і цяпер на волі ніякіх кантактаў я зь імі не падтрымліваю. Здрадай я лічу тое, што зрабілі супрацоўнікі «Плятформы», у прыватнасьці Алена Красоўская-Касьпяровіч (стала фактычнай кіраўніцай «Плятформы інавэйшн». — РС). Як кажуць, былых супрацоўнікаў міліцыі не бывае. Яны была мэдсястрой у Рэспубліканскім шпіталі, які абслугоўваў зьняволеных. Яна — супрацоўніца міліцыі, мае адпаведнае званьне... Гэта прынесла мне і дырэктару «Плятформы» Андрэю Бандарэнку непрыемнасьці...

Усьмешкі на тварах людзей на свабодзе

— Як за шэсьць з паловай гадоў зьмяніліся краіна, Віцебск, дом, у які вы вярнуліся?

— Калі я вярнуўся з калёніі, псыхалягічна ніякіх зьменаў не адчуў. Там я сябе адчуваў свабодным чалавекам, такім жа свабодным чалавекам я выйшаў з турмы. Псыхалягічна нічога не зьмянілася ўва мне. Што я заўважыў — гэта ўсьмешкі на тварах людзей. Як і ў эўрапейскіх краінах, людзі пачалі ўсьміхацца сустрэчным на вуліцы. І мой горад зьмяніўся — шмат новых будынкаў, нават пачаў вывучаць горад па-новаму. Нашыя праваабаронцы правялі для мяне экскурсію... Зь іх дапамогай я адаптуюся да навакольнага асяродзьдзя.

Можа, вы зьдзівіцеся, але ў калёніі было значна прасьцей знаходзіцца, бо тут мяне ўвесь час кантралююць. Асабліва па начах, бывае, двойчы прыходзяць супрацоўнікі міліцыі. У выніку пакутую на бяссоньніцу. Калі ў калёніі хадзілі каля маёй камэры на дыбачках, імкнуліся як найменей шумець, каб не парушаць мой сон і іншых зьняволеных, то тут усё наадварот. Такім чынам спрабуюць аказаць псыхалягічны ціск.

— Ці ёсьць адчуваньне, што ў Віцебску людзі зьмяніліся, сталі больш верыць у тое, што могуць нешта зьмяніць?

— Канечне. У першыя ж дні на волі я пазнаёміўся з актыўнымі ўдзельнікамі розных мясцовых супольнасьцяў... Ёсьць група «Дактары для народу», якая за кароткі час дапамагла мне справіцца за наступствамі для здароўя пасьля шасьці з паловай гадоў за кратамі. Яны мяне цяпер курыруюць, запрашаюць на сустрэчы, навучаюць здароваму ладу жыцьця, які на свабодзе адрозьніваецца ад таго, што было за кратамі.


Пра «амапаўцаў у белых халатах»


— Зь якімі праблемамі са здароўем выходзіць з турмы беларускі вязень?

Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота
Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

— Я зазнаў моцныя рэпрэсіі як з боку міліцыянтаў, так і з боку мэдыкаў. Я іх называў амапаўцамі ў белых халатах. На працягу двух гадоў мне забаранялі атрымліваць вітаміны, якія мне пасылалі ў калёнію мэдычнымі бандэролямі праваабаронцы. У камэры на працягу трох гадоў не было сонечнага сьвятла, не было ніякіх мэдыкамэнтаў, якія б перашкаджалі разьвіцьцю остэапарозу... Празь нястачу вітамінаў выпалі некалькі зубоў. Як гэта ні непрыемна, але мушу папярэдзіць пра такую пагрозу для іншых вязьняў і палітвязьняў. Трэба запасацца вітамінамі, каб не залежаць ад адміністрацыі.

«520 сутак у ШЫЗА я праседзеў безь вялікіх стратаў для фізычнага і маральнага стану і выйшаў з калёніі пераможцам»

— Вы 520 дзён правялі ў штрафных ізалятарах... Страшна ўявіць, што за гэтай лічбай стаіць...

— У нас у Горацкай калёніі гэта быў абсалютны рэкорд. Больш за 100 сутак ніхто са зьняволеных, з крымінальных аўтарытэтаў не вытрымліваў. Перада мной стаяла задача — «не ўраніць ганаровае званьне палітвязьня», мяне хацелі дыскрэдытаваць і зламаць супрацоўнікі спэцслужбаў. Я вымушаны быў паставіць перад сабой такую задачу і пасьпяхова пераадолеў гэтыя 520 сутак у ШЫЗА безь вялікіх стратаў для фізычнага і маральнага стану і выйшаў з калёніі пераможцам, з усьмешкай на твары.

— Чаму адміністрацыя турмы ўжывала супраць вас такія жорсткія захады?

— Самі яны асьцерагаліся ўжываць рэпрэсіі супраць мяне, спрабавалі ўзьдзейнічаць празь іншых асуджаных. За пэўную ўзнагароду ў выглядзе 2 цыгарэтаў і кубка чаю вялікая колькасьць асуджаных, сустрэўшыся са мной у «жылой зоне», прымянялі ў дачыненьні да мяне рэпрэсіі празь нейкае фізычнае ўзьдзеяньне. Я гэта заўважыў і адразу запатрабаваў у адміністрацыі прадставіць мне бясьпечныя ўмовы ўтрыманьня ў адпаведнасьці з законам (артыкул 12 Крымінальна-выканаўчага кодэксу).

Мяне ізалявалі, але гэта было зроблена такім чынам, нібыта я сам адмаўляюся жыць у «жылой зоне». Маю адмову трапіць пад фізычныя рэпрэсіі трактавалі як парушэньне рэжыму ўтрыманьня, і за гэта мяне сыстэматычна каралі. 520 сутак ШЫЗА і тры гады ў адзіночнай камэры — гэта быў вынік таго, што я, абараняючы сваё жыцьцё, здароўе і псыхічны стан, вымушаны быў ізалявацца ад «спэцкантынгенту», які быў спэцыяльна навучаны супрацоўнікамі калёніі.

— Людзі, якія цяпер за кратамі (на сутках ці чакаюць суду), часта знаходзяцца побач з аднадумцамі. Выглядае, што ўвесь свой тэрмін вы правялі ў варожым асяродзьдзі, і побач з вамі не было людзей, якія вас падтрымліваюць.

— Крыху запярэчу вам. Сярод зьняволеных таксама былі людзі, якія падтрымлівалі пратэстоўцаў, былі супраць дыктатуры. Незалежна ад таго, у якіх умовах я сядзеў, са мной усталёўвалі сувязь і падтрымлівалі мяне. Быў адзін асуджаны, з кім мы сядзелі ў розных камэрах, які пашыў бел-чырвона-белы сьцяг і разгарнуў яго ля будынку адміністрацыі калёніі, і такім чынам выказаў сваю грамадзянскую пазыцыю. Ён мне шмат дапамагаў, даваў паказаньні ў судзе ў маю абарону, каб пацьвердзіць факты рэпрэсій у дачыненьні да мяне.

Напрыклад, адзін зьняволены падыходзіць да маёй камэры і гучна абражае мяне, а другі, што стаіць побач, шэптам падтрымлівае мяне, кажа, каб я не зьвяртаў увагі: «Ён спэцыяльна так крычыць, каб ня даць адміністрацыі пачуць сапраўднае стаўленьне вязьняў да мяне». Агрэсіўных дзеяньняў з боку нармальных, сумленных асуджаных, якія не супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, я не адчуваў. Наадварот, мяне падтрымлівалі цёплымі рэчамі, дадатковае харчаваньне забясьпечвалі рознымі спосабамі, якія я не хачу раскрываць. І перапіска з воляй праз альтэрнатыўную пошту адбывалася пры дапамозе такіх зьняволеных.

«Дзякуючы асуджаным, якім я дапамагаў, я выйшаў з турмы здаровым»


— Я ў свой час сачыла за дзейнасьцю «Плятформы», калі вы былі ў гэтай арганізацыі, і бачна было, што былі добрыя крыніцы і кантакты ў розных турмах і можна было даведацца пра рэальныя праблемы за кратамі. Ці працягнецца гэтая праца?

— Я дапамог сотням зьняволеных скараціць іх тэрмін. У супрацы з «Плятформай» мы бралі ўзоры ежы для асуджаных, правяралі яе на радыяактыўнасьць і іншыя атрутныя складнікі. Так мы абаранялі правы зьняволеных, каб іх кармілі ня кашай з пахам тушонкі, а тушонкай з пахам кашы. Зьняволеныя цанілі гэта і дзякавалі за праваабарончую дзейнасьць у рамках «Плятформы», абаранялі мяне ў розных калёніях, многія сустракалі мяне пасьля вызваленьня. Дзякуючы ім я здаровы і вясёлы выйшаў з турмы.

Я працягваю гэтую справу. Я ведаю, што адбываецца за кратамі — галадоўкі, людзі ўскрываюць вены... І цяпер нашых цудоўных журналістак незаконна там утрымліваюць. Мне жахліва ўсьведамляць, што ў тых умовах, у якіх я быў, могуць апынуцца і яны. Таму я зь першых жа дзён пасьля вызваленьня, нягледзячы на папярэджаньні паплечнікаў, актыўна ўліўся ў праваабарончую дзейнасьць і цяпер абараняю правы зьняволеных, якія засталіся за кратамі. Якімі спосабамі? На жаль, адкрыта сказаць не магу.

Пра каранавірус за кратамі

— Якая была сытуацыя за кратамі з каранавірусам?

— У маёй калёніі практычна ніякіх дзеяньняў па ізаляцыі інфікаваных асуджаных адміністрацыя не прадпрымала. Я нават мяркую, што яны мэтанакіравана распаўсюджваюць хваробу сярод асуджаных. Паводле маёй інфармацыі, сярод мэдыкаў ёсьць негалосная пастанова ці загад, каб асуджаныя да наступнага тэрміну не дажылі. Пра гэта мне расказвалі некалькі мэдыкаў, якія добра ведаюць турэмную сыстэму. Пры асабістых размовах яны казалі пра тое, што адміністрацыя месцаў пазбаўленьня волі зусім не зацікаўленая, каб асуджаныя захоўвалі сваё здароўе.

Асуджаных, якія хварэлі на адкрытую форму сухотаў, зьмяшчалі ў агульныя камэры, якія былі перапоўненыя «спэцкантынгентам». Я сам назіраў, як раніцай пасьля кашлю на падушках і прасьцінах кроў была ў гэтых зьняволеных. Я зьвяртаўся да адміністрацыі, каб ім аказалі мэдычную дапамогу і перавялі з агульнай камэры. А празь некаторы час я ўжо назіраў гэтага зьняволенага ў суседняй камэры, дзе ён працягваў заражаць сухотамі іншых.

Ідзе адкрытае зьнішчэньне здароўя зьняволеных, якія нават і суд яшчэ не прайшлі. І мэдык мне прыватна казаў, што яны маюць такое распараджэньне, каб асуджаны да наступнага тэрміну не дажыў. Я адказваю за гэтыя словы. Гэта, канечне, вусная рэкамэндацыя, ніякай пастановы няма. Супрацоўнікі мэдычных службаў у месцах пазбаўленьня волі падпарадкоўваюцца не Міністэрству аховы здароўя, а дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, яны выконваюць усе загады супрацоўнікаў і кіраўніцтва калёній. Ніякага лячэньня, ніякіх прафіляктычных дзеяньняў турэмныя мэдыкі не ажыцьцяўляюць. Іх мэтодыка — нэўтралізацыя наступстваў. Баліць галава ці страўнік — абязбольвальныя.

— Пра ПЦР-тэст на каранавірус ужо і не пытаюся...

— Я мяркую, што сам перанёс каранавірус за кратамі. Ніякага тэсту, ніякага лячэньня не было. Праўда, я займаўся спортам, загартоўваўся, таму меў імунітэт і пераадолеў хваробу. Калі адзін інфікаваны трапляе ў сталовую, то празь яе можа заразіцца ўвесь кантынгент калёніі.

Наўпроставы лінк

«Мы маліліся за нявінна пацярпелых, бо цудоўна ведалі, як міліцыя можа паламаць чалавека»


— Ці была ў вас магчымасьць атрымліваць інфармацыю пра тое, што адбывалася ў Беларусі апошнія 7–9 месяцаў? Ці была надзея на хуткія перамены? Што вы пра ўсё гэта думалі?

— Цягам аднаго-двух дзён мы мелі самую сьвежую інфармацыю з волі. Вязьні Акрэсьціна, СІЗА № 1 этапамі разьяжджаліся па калёніях, і першыя ж пытаньні да іх былі пра тое, што адбываецца на волі. Гэтая інфармацыя імгненна разьляталася па ўсіх асуджаных. Мы падтрымлівалі і перажывалі за тое, каб перамены адбыліся. Прыходзіла газэта «Новы час», на якую мяне падпісалі праваабаронцы, і яна потым хадзіла па руках у калёніі, нават даходзіла да адміністрацыі.

Мы маліліся за нявінна пацярпелых, бо цудоўна ведалі, як міліцыя можа паламаць чалавека і зламаць здароўе і нават жыцьцё. На жаль, мы нічым не маглі дапамагчы... З боку лепш бачныя памылкі, зробленыя на пачатку пратэстаў. Тым, хто быў за калючым дротам, было відавочна, што мірныя пратэсты, спробы з дапамогай кветак перамагчы амапаўцаў — тупіковы крок.

Як выжыць у беларускай турме


— Праз турмы прайшлі тысячы людзей цяпер. Многія чакаюць суду ў сьледчых ізалятарах. Якія парады вы б далі, як выжыць, як паводзіць сябе ў турме?

— Я сам пераадолеў гэтыя цяжкасьці і годна выйшаў з-за кратаў. Гэтыя рэкамэндацыі ўжо стагодзьдзямі адшліфаваныя — ніколі не здавацца; ня вер, ня бойся, не прасі. Глядзіце адкрыта і сумленна ў вочы супрацоўнікаў адміністрацыі і крымінальных аўтарытэтаў. Паказвайце, што ў вас воля і сіла, і вашыя пэрспэктывы мацнейшыя і больш надзейныя, чым у іх. Карыстаючыся гэтым, я псыхалягічна перамагаў тых жа палкоўнікаў, якія прыходзілі да мяне на размовы ў камэру. Урэшце супрацоўнікі пракуратуры пазьбягалі кантактаў са мной... Важна фармуляваць свае прэтэнзіі ў пісьмовым выглядзе, бо ня будзе ніякай рэакцыі на вусныя патрабаваньні нашых палітзьняволеных.

«Трэба берагчы здароўе, бо хворы — не баец»


— Як вы ставіцеся да такіх адчайных крокаў як галадоўка, сухая галадоўка, рэзаньне венаў?

— Можа, мяне і асудзяць вязьні, якія гэта рабілі, але я катэгарычна супраць таго, каб шкодзіць свайму здароўю. Гэта толькі на руку спэцслужбам і міліцыянтам, якія паспрабуюць запалохаць астатніх пратэстоўцаў на волі. Трэба берагчы здароўе, бо хворы — не баец. Я ніколі не выкарыстоўваю такія крайнія мэтады. Калі чалавек вырашыў разьвітацца з жыцьцём, трэба сысьці зь яго героем, а не самагубцам. Гэта маё перакананьне, зь якім я правёў 11 гадоў за кратамі.

— Вы вярнуліся ў тэхналягічна больш прасунуты час. Я бачу, што асвойваеце сацыяльныя сеткі. Хто вам цяпер дапамагае ў адаптацыі?

Палітвязень Міхаіл Жамчужны на волі, 19 лютага 2021
Палітвязень Міхаіл Жамчужны на волі, 19 лютага 2021

— Я вярнуўся практычна ў пустую кватэру ў вельмі зношанай вопратцы, у якой вызваліўся. У лічаныя дні нашы прадпрымальнікі забясьпечылі мяне новым адзеньнем, абуткам, бялізнай для ложку, посудам. І я цяпер проста абавязаны выкарыстаць увесь свой праваабарончы досьвед і кваліфікацыю і аказваць дапамогу пратэстоўцам. Нашыя праваабаронцы забясьпечылі мяне гаджэтамі — прынесьлі новы тэлефон, ноўтбук.

Пра веру ў справядлівасьць


— Ці верыце вы ў справядлівасьць пасьля ўсяго, што перанесьлі?

— Вера ня згасла. Адразу па вызваленьні я сутыкнуўся з добразычлівым стаўленьнем супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС Віцебску. Мне дапамаглі з гігіенічнымі рэчамі і далі дзьве скрыні прадуктаў. Гэта было арганізавана такім чынам, што ад майго імя разьмясьцілі просьбу ў інтэрнэце, на якую адгукнулася міліцыя. І хоць яны і хаваюць ляяльнае стаўленьне да мяне, я адчуваю, што ўсё ж рэагуюць на заўвагі пра часты кантроль майго месца жыхарства ды іншыя. Апошні тыдзень кантроль значна зьменшыўся. Я ўжо чатыры дні бязь іх нагляду па начах.

— У вас прыгожае прозьвішча. А як да вас зьвярталіся за кратамі?

— Я адразу папярэдзіў крымінальных аўтарытэтаў, што я палітзьняволены, што я не падтрымаю крымінальныя традыцыі і іх паняцьці. За 11 з паловай гадоў у мяне не было ніводнай татуіроўкі. Я патрабаваў, каб мяне называлі Міша, і ніхто па-іншаму да мяне не зьвяртаўся за кратамі. З боку аўтарытэтаў я таксама бачыў падтрымку, павагу і дапамогу. У першыя дні, калі я трапляў у новае месца пазбаўленьня волі, крымінал выходзіў на сувязь, цікавіўся пра мае патрэбы і аказваў дапамогу — харчы, вопратка, бясьпека. Ёсьць прадстаўнікі крымінальнага сьвету, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, зь імі я сувязь не падтрымліваў...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG