Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Міхаіл Жамчужны выйшаў на волю пасьля 6 з паловай гадоў у калёніі

абноўлена

Міхаіл Жамчужны ў цягніку едзе з калёніі дадому

65-гадовага праваабаронцу і палітвязьня Міхаіла Жамчужнага вызвалілі з Горацкай папраўчай калёніі № 9. Раніцай 19 лютага яго пасадзілі пад канвоем у прыгарадны цягнік з Горак на Воршу.

У Горацкай папраўчай калёніі яго трымалі трымалі ад 13 ліпеня 2017 году, а наагул у калёніях строгага рэжыму Жамчужны прабыў шэсьць з паловай гадоў.

10 чэрвеня 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, незаконным набыцьці сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, а таксама ў даваньні хабару. Праваабаронцы лічаць пакараньне Жамчужнага палітычна матываваным.

Хто такі Міхаіл Жамчужны

Дацэнт, кандыдат тэхналягічных навук. Працаваў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце і кіраваў у ім лябараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду.

Аўтар шэрагу навуковых манаграфіяў і распрацовак. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

У 2006 годзе супраць яго пачалі крымінальную справу, ініцыяваную, як сьцьвярджаюць праваабаронцы, КДБ. Яму прапаноўвалі даць паказаньні супраць начальства, а калі ён адмовіўся, асудзілі на 5 гадоў за «крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі».

Па вызваленьні ён заняўся абаронай правоў зьняволеных. Стаў сябрам праваабарончай арганізацыі «Плятформа», а пазьней сузаснавальнікам новай арганізацыі «Плятформа інавэйшн».

Другі раз яго арыштавалі ў 2015 годзе пасьля таго, як асудзілі кіраўніка «Плятформы інавэйшн» Андрэя Бандарэнку. Паводле зьвестак праваабаронцаў, эпізоды злачыннай дзейнасьці праводзіліся ў рамках апэратыўнага экспэрымэнту пад кантролем КДБ дзеля выяўленьня яго сувязі з замежнымі грамадзянамі.

Андрэй Бандарэнка ня змог сустрэць Міхаіла Жамчужнага каля калёніі. Ён даганаў цягнік з Горак у Воршы
Андрэй Бандарэнка ня змог сустрэць Міхаіла Жамчужнага каля калёніі. Ён даганаў цягнік з Горак у Воршы

Праваабаронцы даводзяць, што дзейнасьць Жамчужнага не была скіраваная на атрыманьне выгады, а папярэдняе сьледзтва і судовы разгляд справы супраць яго былі закрытымі і непразрыстымі. Прысуд яму назвалі неабгрунтаваным і палітычна матываваным.

Адбываў пакараньне ў калёніях Навасадаў, Івацэвіч і Горак. Шмат часу ў Горацкай калёніі асуджаны правёў у штрафным ізалятары і памяшканьні камэрнага тыпу нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі. Свае дзеяньні, са словаў ягонага адваката, аргумэнтаваў жаданьнем папярэдзіць пагрозу асабістай бясьпецы, а таксама замахам на чалавечыя гонар і годнасьць. Паводле яго, пагроза зыходзіла ад іншых асуджаных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG