Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатара менскіх шэсьцяў у падтрымку Лукашэнкі аштрафавалі за зьбіцьцё суседа


Архіўнае фота. Сяргей Каўрыгін (у цэнтры) падчас аднаго з шэсьцяў у жніўні 2020 году
Архіўнае фота. Сяргей Каўрыгін (у цэнтры) падчас аднаго з шэсьцяў у жніўні 2020 году

За нанясеньне лёгкіх цялесных пашкоджаньняў суд Першамайскага раёну Менску аштрафаваў Сяргея Каўрыгіна на 4350 рублёў. Таксама ён павінен сплаціць выдаткі (1900 рублёў) і маральную шкоду (1000 рублёў) пацярпеламу інжынэру-праграмісту EPAM Сяргею Карпаву, паведаміў dev.by.

Разглядаў справу судзьдзя Максім Трусевіч. На судзе ў якасьці сьведкі выступіла жонка Каўрыгіна Кацярына. Паводле яе, Сяргей Карпаў хацеў перашкодзіць таму, каб яны ўвайшлі ў ліфт, яе муж прытрымаў дзьверы і папрасіў яго адысьці, але той не пагадзіўся, так пачаўся канфлікт, пісала «Наша ніва».

Як сьцьвярджала Кацярына Каўрыгіна, Карпаў нібыта мацюкаўся, абураўся і ў нейкі момант сказаў: «А не пайшлі б вы?» Гэта абурыла яе мужа, той загадаў сям’і выходзіць зь ліфта. Жанчына павярнулася да дзяцей і самога пабіцьця ня бачыла, але ўпэўнена, што канфлікт справакаваў сам Карпаў, і ён меў пад сабой палітычны складнік.

Паводле Кацярыны Каўрыгінай, ёй расказвалі, што ў іх дваравым чаце цкавалі і высьмейвалі яе мужа за тое, што ён падтрымлівае рэжым і ладзіць шэсьці ў падтрымку ўлады. Маўляў, раней Карпаў вітаўся з Каўрыгінымі, але апошнім часам перастаў, а за некалькі дзён да бойкі дэманстратыўна не паехаў на адным ліфце зь яе мужам.

Каўрыгін і яго адвакатка папрасілі правесьці паўторную мэдыцынскую экспэртызу траўмаў пабітага суседа і далучыць да справы раздрукоўку паведамленьняў з дваровага чату. Хадайніцтвы судзьдзя Трусевіч не задаволіў.

Пацярпелы Сяргей Карпаў абверг палітычны складнік канфлікту. Ён кажа, што ў ліфце сапраўды не было месца, каб увайшлі яшчэ двое дарослых з 4 дзецьмі. «Пэрсанальна я ня маю ніякага нэгатыўнага стаўленьня да Каўрыгіна; пра тое, што ён арганізуе нейкія шэсьці, я ўвогуле ня ведаў», — сказаў Карпаў.

На пасяджэньні ён папрасіў спагнаць з Каўрыгіна кампэнсацыю за судовыя і мэдыцынскія выдаткі і кампэнсаваць яму маральную шкоду, агулам — трохі больш за 4000 рублёў.

Каўрыгін сваёй віны не прызнаў, але ў апошнім слове сказаў, што штраф ён гатовы сплаціць цалкам. Пры гэтым ён паведаміў, што даход яго сям’і з 4 дзецьмі складаецца зь яго невялікага заробку і грашовай дапамогі на дзяцей. Каўрыгін запэўніў, што зарабляе ўсяго толькі 400 рублёў (хоць мае дарагі аўтамабіль NW X6, на чым акцэнтаваў увагу адвакат пацярпелага).

Адвакат пацярпелага папрасіў суд не прызначаць Каўрыгіну штраф — бо той сам кажа, што мае мізэрны заробак, таму ад грашовых праблем у сям’і могуць пацярпець дзеці, і прасіў таксама не караць яго арыштам, а прызначыць пакараньне ў выглядзе 240 гадзін грамадзкіх работ.

Сяргей Каўрыгін больш за 10 гадоў працаваў у EPAM, сышоў у 2017 годзе. Пасьля гэтага да вясны 2020 году працаваў у канадзкай кампаніі беларускага паходжаньня Axamit. Пасьля выбараў стаў арганізатарам і актыўным удзельнікам шэсьцяў у падтрымку дзейнай улады. У сьнежні 2020 году заснаваў IT-кампанію Innovative Future Technologies, піша dev.by.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG