Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка ў Менску затрымалі больш за 170 чалавек, дзясяткі затрыманых у рэгіёнах

абноўлена

Менск у Дзень Волі, 25 сакавіка 2021 году
Менск у Дзень Волі, 25 сакавіка 2021 году

25 сакавіка ў розных гарадах Беларусі адбываюцца затрыманьні актыўных грамадзян, іх судзяць, штрафуюць і садзяць на «суткі», выклікаюць у СК.

Па дадзеных Праваабарончага цэнтру «Вясна» на 21:30, вядома пра мінімум 118 затрыманых у 19 гарадах Беларусі. Гэта ня лічачы шматлікіх ператрусаў і выклікаў на допыты ў розных гарадах.

Па стане на 23.00 канал «Списки задержанных» паведамляе прозьвішчы 178 затрыманых. Паводле валянтэраў, толькі ў Партызанскае РУУС Менску прывезьлі каля 20 затрыманых.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Беларусі 25 сакавіка затрымана больш за 200 чалавек. Таксама выявілі 43 кіроўцаў, якія «парушалі правілы карыстаньня гукавымі сыгналамі». 11 аўтамабіляў, ідэнтыфікацыйныя дадзеныя якіх «выклікалі сумневы ў сапраўднасьці, зьмясьцілі на стаянкі ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў для далейшага разбору».

Менск

  • У Менску невядомыя затрымалі лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча, яго перавезьлі ў Жодзіна.
  • Раніцай затрымалі Лізавету Македон, у яе дома правялі ператрус, пасьля чаго адвезьлі яе ў СК на допыт. Папярэдне — за жнівеньскія падзеі.
  • У адным з інтэрнатаў БДУ затрымалі студэнтку Аляксандру Гузоўскую, удзельніцу восеньскіх акцый пратэсту.
  • Зь ператрусам прыйшлі да жыхаркі Менску Лізаветы Хамчаноўскай. З пастановы аб правядзеньні ператрусу вынікае, што ён праводзіцца ў межах распачатай крымінальнай справы па арт. 293 (масавыя беспарадкі) і арт. 342 (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу. Лізавету затрымалі і адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.
  • У СК на допыт забралі з дому менчука Аляксея Уткіна. Былі забраныя ягоны ноўтбук і тэлефон. Яго падазраюць па крымінальнай справе па арт. 293 і 342 КК у сувязі з падзеямі 14 ліпеня.
  • У кватэру да Вольгі і Ільлі Белазорчык у Менску раніцай прыйшлі сілавікі і зладзілі ператрус, іх саміх павезьлі ў аддзяленьне міліцыі.
  • Дома затрымалі актывіста «Сход-Беларусь», музыку гурту Shaman Jungle Юрыя Данскова.
  • Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі з Навінак у СІЗА-1 на Валадарскага і зьмясьцілі ў карцар да 2 красавіка.
  • У Менску затрыманы Уладзіслаў Глявіцкі.

У Гомельскім рэгіёне людзей саджаюць на суткі, выклікаюць у СК

У буйных гарадах Гомельскай вобласьці адбываюцца затрыманьні актыўных грамадзян, іх садзяць на «суткі», выклікаюць у СК.

  • 24 сакавіка ў Гомлі затрымалі спэцыяліста IT-сфэры Станіслава Мачалава. Ён пайшоў у краму і не вярнуўся дахаты. 25 сакавіка суд пакараў яго арыштам на 15 сутак нібыта за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Таксама затрымалі жыхара Гомля Яўгена Маскоўкіна. Яго зьмясьцілі ў ІЧУ. 25 сакавіка ў Гомлі на допыт у СК выклікалі Алега Левянца.
  • У Мазыры, Калінкавічах і Сьветлагорску 24 сакавіка людзей затрымлівалі для допыту ў СК. Праваабаронцу Ўладзімера Целепуна схапілі ў анкалёгіі, дзе яму 23 сакавіка рабілі апэрацыю, даставілі на допыт у СК.
  • У Сьветлагорску 24 сакавіка затрымалі Аляксея Блажэвіча і Аляксандра Аляксейкава. Ім прысудзілі па 15 сутак арышту зь невядомай прычыны.
  • 25 сакавіка ў СК у Рэчыцы выклікалі на допыт журналіста Андрэя Мядзьведзева і праваабаронцу Валера Пуціцкага.

Горадзеншчына: затрыманьні й ператрусы ў чальцоў Саюзу палякаў і іншых актывістаў

  • Жонка актывіста непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі Андрэя Пачобута Аксана паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ў іх дома праводзіцца ператрус у межах крымінальнай справы за распальваньне варожасьці (арт. 130 Крымінальнага кодэксу), Андрэя Пачобута затрымалі.
  • Завялі крымінальную справу і на старшыню Саюзу палякаў Анжаліку Борыс і іншых, таксама па ч. 3 арт. 130 КК.
  • Сілавікі прыйшлі ў польскую грамадзкую школу і сядзібу Саюзу палякаў Беларусі ў Горадні, а таксама дадому да дырэктаркі грамадзкай школкі пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай. Адбываецца ператрус у рэдакцыі пры Саюзе палякаў у Беларусі. Забіраюць газэты «Głos znad Niemna» і часопісы «Magazyn Polski», кампутары і абсталяваньне, паведамляе «Белсат».
  • Таксама прайшоў ператрус у кіраўніцы Лідзкага аддзяленьня Саюзу палякаў у Беларусі Ірэны Бярнацкай, пасьля ператрусу яе павезьлі ў Менск на допыт у Сьледчы камітэт.
  • У вёсцы Лунна Мастоўскага раёну затрымалі мясцовага актывіста і краязнаўцу 78-летняга Лявона Карповіча, перадае Hrodna.life. У яго над домам вісеў нацыянальны сьцяг.
  • Каля 15.00 два супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Любові Сарлай. Яе адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС для высьвятленьня інфармацыі аб папярэдніх акцыях, расказала яна Hrodna.life.
  • У інтэрнаце ўнівэрсытэту а 9-й раніцы быў затрыманы Дзьмітры Ярэніч.
  • Супрацоўнікі ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму на праспэкце Незалежнасьці затрымалі дваіх кіроўцаў, якія сыгналілі падчас руху.

Магілёў

  • У Магілёве асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту мясцовы жыхар, які летась удзельнічаў у пратэставых акцыях і двойчы быў за іх аштрафаваны, Віталь Мандрыеўскі. Яго затрымалі 22 сакавіка. Да суду ён знаходзіўся ў мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня. Пра арышт Мандрыеўскага праваабаронцы даведаліся ад калег па ягонай працы. За што ён асуджаны, невядома. Актывісты кажуць, што ў яго ёсьць хранічныя хваробы, якія вымагаюць прыёму лекаў.
  • Магілёўскі праваабаронца і актывіст Аляксандар Хамратаў паведаміў, што яго затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі ў масках. Падрабязнасьцяў затрыманьня няма, перадае MAYDAY. Вядома, што яго адправілі ў ізалятар на тры дні. Праваабаронцы высьвятляюць сытуацыю і шукаюць адваката.
  • Магілёўца Арцёма Кармазіна забралі з працы людзі ў форме АМАП у балаклавах, паведамляе MAYDAY. У райаддзелах міліцыі Магілёва заяўляюць, што такога чалавека ў іх няма. Увечары стала вядома, што ён ужо дома.
  • 12 гадзінаў прабыў у Ленінскім аддзеле міліцыі Магілёва старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў. Туды яго выклікалі позвай у якасьці сьведкі і дапыталі ў справе распаўсюджваньня самвыдавецкай газэты «Могилёвские вести». Па словах актывіста, паўдня ён праседзеў у «кутку» аддзелу, нікому не патрэбны, але яго не адпускалі. На 28 сакавіка ён зноў мае зьявіцца ў міліцыю як сьведка.

У магілёўскай глыбінцы міліцыю зацікавілі палітычныя надпісы паўгадовай даўнасьці

Чэрыкаўскія міліцыянты шукаюць «хуліганаў», якія летась у райцэнтры на асфальце напісалі «3%». Тады іх замалявалі камунальнікі, а міліцыя асаблівай увагі не надала. Цяпер пад падазрэньнем мясцовыя жыхары, заўважаныя на акцыях пратэсту. Ад 22 да 25 сакавіка апэратыўнікі дапыталі ў міліцыі, дома і на працы каля дзясятка чалавек. У мясцовым чаце пішуць, што ў некаторых адбыліся вобшукі. Шукалі фарбу.

Бабруйск

У Бабруйску затрыманыя Сяргей Бяляеў і Ўладзімер Міхалап. Апрача іх, на скрыжаваньні вуліц Менскай і Спартакаўскай затрымалі дзьвюх маладых жанчын, паведамляе Бобруйск Online. На адной з цэнтральных вуліц гораду дзяжурыць ДАІ.


Салігорск

Сёньня раніцай у Салігорску супрацоўнікі Сьледчага камітэту РАУС Салігорску затрымалі гарадзкога актывіста Паўла Батуева.

Таксама дома АМАП затрымаў удзельніка страйкаму «Беларуськалію» Дзьмітрыя Караку.

Случчына

  • Затрыманы жыхар Слуцку Андрэй Крот. Папярэдняя прычына — выявы «Пагоні» і бел-чырвона-белыя сьняжынкі на вокнах.
  • 24 сакавіка празь бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» на прыватным участку затрымалі Ўладзімера Кульбіцкага, вёска Лучнікі Слуцкага раёну.

Рэчыца

  • Сёньня ў СК Рэчыцы выклікалі журналіста Андрэя Мядзьведзева і праваабаронцу Валера Пуціцкага. Іх статус у позьве не пазначаны. Можна меркаваць, што допыт зьвязаны з крымінальнай справай па ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
  • З раніцы супрацоўнікі міліцыі дзяжурылі пад пад’ездам Аляксандры Бахцінавай. Калі яна выйшла з дому, села ў таксі і паехала да свайго адваката ў будынку ФСАН, яны перасьледавалі яе на машыне. Ёй хацелі ўручыць позву на прафіляктычную гутарку, яна адмовілася.

Віцебск

У Віцебску затрымалі вядомага апазыцыянэра і дысыдэнта Барыса Хамайду, піша Белсат. Ранкам 25 сакавіка ён выйшаў да легендарнага ў Віцебску «сіняга дому» ў цэнтры гораду на адзіночны пікет з выявай «Пагоні». Ужо празь некалькі хвілін да яго падышлі людзі ў форме МУС. Цяпер Барыс Хамайда ў Чыгуначным РАУС Віцебску.

Берасьце

  • Вядомы сваёй бел-чырвона-белай прычоскай жыхар Берасьця Андрэй Прыстаўка паведаміў, што яго затрымалі: «А мяне зноў вязуць на 13 содняў, якія я ўжо адседзеў...» — пасьпеў напісаць ён у тэлеграме. Пазьней яго ўсё ж адпусьцілі.
  • На выхадзе з дому затрымалі журналістаў-фрылансэраў Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука. Іх зьбіраюцца везьці ў Маскоўскі РАУС, паведамляе «Белсат». У Міланы ёсьць непаўналетняя дачка.

Вілейка

Чытачы зь Вілейкі паведамляюць, што ў цэнтры гораду міліцыя затрымала вілейчука Андрэя Кудзіка.

Горкі

  • Праз камэнтар на судзьдзю, які караў пратэстоўцаў, да трох чалавек у Горках прыйшлі зь ператрусамі і забралі тэхніку. Зьняважлівыя выказваньні ў адрас судзьдзі Горацкага суду Аляксандра Зайцава нібыта зьявіліся ў сацсетках. Пад падазрэньне трапілі актывісты, якіх затрымлівалі за ўдзел у леташніх пратэставых акцыях.
  • У Андрэя Юркова, Натальлі Даронінай і Ларысы Самсонавай у межах крымінальнай справы забралі тэлефоны, кампутары, носьбіты інфармацыі, а таксама фотаапарат.

Мёры

Затрыманая Натальля Радос.

Маладэчна

У горадзе затрымалі маладачанцаў Яўгена Радзівілку і жонку палітвязьня Паўла Пяскова Вераніку Французаву.


Штраф у 4,5 афіцыйнага сярэдняга заробку

У судзе Заводзкага раёну Менску 25 сакавіка аштрафавалі маці пяцярых дзяцей Іну Дабратвор, інфармуе тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае». Падставай для пратаколу па ч. 3 па арт. 24.23 КаАП сталі вывешаныя на акне партрэты Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай, Віктара Бабарыкі і герб «Пагоня».

Партрэты палітвязьняў у сваім пад’езьдзе Дабратвор назвала «музэем славы Лукашэнкі», пры гэтым адзначыла, што не яна рабіла інсталяцыю. Пра палітвязьняў, якіх яна паказала ў сваім вакне, Іна Дабратвор сказала, што лічыць іх прыгожымі, добрымі, сумленнымі і хоча, «каб такія людзі акружалі» яе.

Судзьдзя Жанна Хвайніцкая прызнала яе вінаватай у незаконным пікетаваньні і аштрафавала на 5800 рублёў. Гэта рэкордны штраф.

22 сакавіка суд Першамайскага раёну Менску пастановай судзьдзі Максіма Трусевіча аштрафаваў маці чацьвярых дзяцей Дар’ю Пажытных на 2900 рублёў. Яе таксама прызналі вінаватай у «незаконным пікетаваньні» за выяву герба «Пагоня» на вакне, якую Трусевіч аднёс да «бел-чырвона-белай сымболікі».

15 сутак блогеру Тубялевічу за «непадпарадкаваньне»

Блогера Ягора Тубялевіча асудзілі паводле артыкула аб непадпарадкаваньні міліцыянту (24.3 КаАП), паведаміла «Медиазоне» жонка блогера Дар’я Тубялевіч.

Ягора затрымалі раніцай 24 сакавіка. Міліцыянты прад’явілі яму пастанову аб правядзеньні ператрусу, пасьля чаго забралі з дому ноўтбук, тэлефон, нататнік з гербам «Пагоня» і нацыянальны сьцяг. Пасьля суду Тубялевіч паведаміў жонцы праз тэлефон, што яго асудзілі за непадпарадкаваньне «за тое, што доўга адчыняў дзьверы міліцыянтам», і што яго пераводзяць у Жодзіна.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», яшчэ сама меней 7 чалавек асудзілі сёньня на 15 сутак арышту, мінімум 4 атрымалі штрафы. Усе выракі тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG