Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лічу гэтых людзей героямі». Шматдзетную маці вінавацяць у пікеце ва ўласнай кватэры за партрэты палітвязьняў


Іна і Ільля Дабратворы
Іна і Ільля Дабратворы

На Іну Дабратвор, маці пяцярых дзяцей, у Заводзкім РУУС склалі адміністрацыйны пратакол за несанкцыянаваны пікет ва ўласнай кватэры паводле часткі 3 артыкулу 24.23 («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).

Паводле пратаколу, гаспадыня кватэры «правяла масавае мерапрыемства, пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня на шыбах вокнаў кватэры герба „Пагоня“, а таксама фатаздымкаў Віктара Бабарыкі, Сьвятланы Ціханоўскай і Марыі Калесьнікавай». Таксама Іну Дабратвор абвінавацілі ў разьмяшчэньні на сьценах сёмага паверха свайго пад’езда фатаздымкаў палітвязьняў з інфармацыяй пра іх.

Выява Пагоні і фатаздымкі Сьвятланы Ціханоўскай і Марыі Калесьнікавай дагэтуль засталіся на вокнах кватэры.

«Я сабрала рэчы, як на Акрэсьціна»

Іна Дабратвор расказала, што ў мінулую суботу прыяжджалі супрацоўнікі, каб забраць яе мужа Ільлю Дабратвора, але яго не было дома.

«Яны сказалі, што супраць яго заведзена нейкая адміністрацыйная справа і яго выклікаюць у РУУС. Якая справа і па якім пытаньні, яны нічога не патлумачылі. Увечары ў суботу пачалі зьяўляцца ў інтэрнэце фатаздымкі нашага пад’езду, хоць партрэты на сьценах віселі вельмі даўно і я асабіста такіх фота нікуды не пасылала. Таму склалася ўражаньне, што супрацоўнікі міліцыі прыехалі, сфатаграфавалі і пасьля гэтага яны зьявіліся ў інтэрнэце. То бок яны самі зрабілі рэкляму пад’езду», — сказала Іна.

Партрэты палітвязьняў у пад’езьдзе
Партрэты палітвязьняў у пад’езьдзе

У гэты ж дзень супрацоўнікі апыталі суседзяў. У нядзелю супрацоўнікі РУУС зноў зьявіліся ў пад’езьдзе.

«Калі сын выйшаў зь сябрам з кватэры, яны спыталі: „Хлопчык, ты адкуль? Ці ня ведаеш, хто тут усё наляпіў?“ і гэтак далей. Сын пра гэта мне сказаў, я ўзяла сьмецьце, каб выкінуць і паглядзець, што там адбываецца. Калі я выйшла, яны спыталі: „А хто тут усё наляпіў?“ Я ў сваю чаргу спыталася, хто яны такія, чаму знаходзяцца ў пад’езьдзе і задаюць пытаньні. Яны тады прад’явілі пасьведчаньні, — кажа Іна, — Калі я вярталася, яны сказалі, што мне трэба праехаць у РУУС, са мной хоча пагутарыць намесьнік начальніка і што мяне праз пару гадзін прывязуць назад. Я сказала, што нікуды не паеду, а калі ёсьць пытаньні, то ўчастковы можа апытаць па месцы жыхарства. Тым больш што ў мяне застаюцца дома адны неўпаўналетнія дзеці, а муж у ад’езьдзе. Яны стэлефанаваліся са сваім кіраўніцтвам і сказалі, што ім трэба, каб я паехала. Я сабрала рэчы, як на Акрэсьціна, дала ўказаньні дзецям, патэлефанавала найбліжэйшым сваякам, пазваніла на працу, што заўтра магу не прыйсьці, і паехала ў РУУС».

На кватэры правялі ператрус

У пастарунку Іна Дабратвор знаходзілася з 13 да 18 гадзін. Там цягам гадзіны зь ёй гутарыў намесьнік начальніка міліцыі.

«Гэта была такая ідэалягічная атака. Ён доўга мне тлумачыў, што Лукашэнка легітымны прэзыдэнт і што я мушу гэта прызнаць; што мы ня маем рацыі і ўсё павінна быць чырвона-зялёным. Потым мяне хацелі запісаць на відэакамэру, але я ад гэтага адмовілася, — кажа Іна. — Наступны супрацоўнік складаў на мяне пратакол апытаньня, потым яшчэ адзін прыйшоў, другі, трэці. Потым, калі скончылі з адміністрацыйнай справай, пайшлі ў крымінальны аддзел на трэцім паверсе і там яшчэ пісалі нейкае тлумачэньне. Пасьля гэтага мяне не адпусьцілі, а завялі ў вучэбны кабінэт і сказалі, што я не магу адсюль выходзіць. Я напісала скаргу на тое, што мяне затрымліваюць больш як на тры гадзіны без тлумачэньня прычын. Потым мы паехалі да мяне дахаты з вобшукам».

На кватэры ператрус праводзілі пяць супрацоўнікаў. Па словах Іны, яны канфіскавалі са сьцяны невялічкі бел-чырвона-белы сьцяг, сарвалі фота Бабарыкі, якое было на шыбе балькона. Фатаздымкі Сьвятланы Ціханоўскай і Машы Калесьнікавай адарваць не змаглі, бо яны моцна прылепленыя да шкла. Таксама на вакне пакінулі Пагоню. Пасьля вобшуку Іне сказалі чакаць позвы. Учора супрацоўнікі разам з работнікамі ЖЭСу абарвалі партрэты палітвязьняў у пад’езьдзе.

«Гэтыя іх дзеяньні я лічу бязглуздымі і бессэнсоўнымі. Калі на дзяржаўным узроўні я мушу атрымліваць дазвол наконт таго, як павінен выглядаць мой пад’езд... — кажа Іна. — Дзяржава магла значна лепш патраціць кампэтэнцыі сваіх супрацоўнікаў, чым проста на тое, каб накіроўваць зрываць налепкі са сьцен. Тым больш налепкі, якія нікога не зьневажаюць і нічыіх правоў не парушаюць, у цэлым даволі нэўтральныя сваім зьместам. Я наогул называла гэту інсталяцыю „музэем славы Лукашэнкі“. Бо ўлады з усіх сіл спрабуюць запалохаць насельніцтва, робяць вось гэтыя публічныя, паказальныя суды і выносяць ідыёцкія, не адпаведныя парушэньням прысуды. Гэта публічнасьць здалася мне актуальнай у нашых культурна-гістарычных рэаліях. Калі мяне ў РУУС пытаюць, чаму я, маўляў, разьмяшчала на сьценах не вэтэранаў, я тлумачыла, што для мяне нашы сучасьнікі зьяўляюцца большымі героямі. І што ў кожнага часу ёсьць свае героі. Таму я не разумею, чаму яны ў гэтым убачылі для сябе нейкую пагрозу. Гэта ўсяго толькі агульнадаступная інфармацыя, якую можна ўбачыць у СМІ».

Так пад'езд выглядае цяпер
Так пад'езд выглядае цяпер

Паводле Іны Дабратвор, 83-гадовая бабуля за яе перажывае, а сябры падтрымліваюць. Пакуль яна была ў пастарунку, дзецям сябры прывезьлі харчы.

«Беларусы — салідарная нацыя. Сябры і калегі пытаюцца, ці патрэбна якая дапамога».

«Я хачу, каб мяне такія людзі акружалі, хаця б на фатаздымках»

Здымаць з вакон кватэры Пагоню, партрэты Ціханоўскай і Калесьнікавай Іна не зьбіраецца, такіх рэкамэндацый у пастарунку ніхто не даваў.

«Гэта мая кватэра, мае вокны, і я іх упрыгожыла так, як лічу патрэбным. Я не лічу гэта пікетам. Тут няма ніякага выказваньня маіх палітычных поглядаў. Гэта проста людзі, якія мне падабаюцца, вось і ўсё. Я лічу іх прыгожымі, добрымі, сумленнымі. І я хачу, каб мяне такія людзі акружалі, хаця б на фатаздымках».

Жанчына кажа, што асабіста не знаёмая з Бабарыкам, Ціханоўскай і Калесьнікавай.

«Але гэта людзі вартыя быць узорам для перайманьня. Гэта цудоўныя, добрыя людзі, і я хачу, каб такіх людзей у Беларусі было больш».

Раней Іну Дабратвор затрымлівалі пасьля выбараў як назіральніцу і даставілі на Акрэсьціна. У пратаколе напісалі, што яна нібыта была ля стэлы, а не ля выбарчага ўчастку. Другі раз жанчыну затрымалі ў канцы лістапада, калі яна прывезла дзіця на спартовую сэкцыю, а калі выйшла, пачала здымаць на тэлефон калёну супрацоўнікаў міліцыі. За гэта яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і ў супраціве; напісалі, што яна нібыта ішла ў калёне. Яна правяла двое сутак у ізалятары на Акрэсьціна, а потым ёй прысуджалі штрафы — агулам у 65 базавых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG