Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеяча Саюзу палякаў журналіста Пачобута з Горадні перавезьлі ў Менск і дапыталі


Cябра Галоўнага праўленьня СПБ Андрэй Пачобут. Архіўнае фота.

Андрэя Пачобута даставілі ў Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту ў Менску, дзе адбыўся допыт.

Як паведамляе БАЖ, Анджэй Пачобут затрыманы на 72 гадзіны ў рамках крымінальнай справы. За кратамі ў Беларусі 12 прадстаўнікоў мэдыя.

Пачобут пасьля праведзенага ў яго доме ператрусу быў затрыманы. Ператрусы прайшлі таксама ў польскай грамадзкай школе і ў офісе СПБ у Горадні, дома ў дырэктара грамадзкай школы пры СПБ у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай і ў кіраўніка Лідзкага аддзяленьня СПБ Ірэны Бярнацкай.

Генэральная пракуратура сёньня паведаміла, што распачала ў дачыненьні да старшыні неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і «іншых асоб» справу паводле часткі 3 артыкула 130 КК (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасьці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб).

Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка ў Горадні, на наступны дзень суд арыштаваў яе на 15 сутак за арганізацыю 7 сакавіка традыцыйнага сьвята рамёстваў «Гродзенскія Казюкі — 2021».

Пасьля арышту СПБ заявіў, што «перасьлед Анжалікі Борыс за рэалізацыю статутных задачаў СПБ, а менавіта захаваньня польскіх традыцый і культуры сярод польскай меншасьці», зьяўляецца «актам запалохваньня ўсёй польскай меншасьці ў Беларусі».

Неўзабаве пасьля затрыманьня Борыс МЗС Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі і выказала пратэст у сувязі з сытуацыяй. Пазьней міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў заявіў, што затрыманьне і рашэньне суду ў дачыненьні да Анжалікі Борыс недапушчальныя і супярэчаць міжнародным стандартам.


Кіраўнік польскай дыпляматыі паведаміў, што 24 сакавіка ўзьняў гэтае пытаньне на сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO ў Брусэлі, а таксама на перамовах зь вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем і дзейным старшынём АБСЭ Ан Ліндэ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG