Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі правялі ператрусы ў актывістаў Саюзу палякаў. Анджэя Пачобута затрымалі

абноўлена

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

Шэраг актывістаў Саюзу палякаў Беларусі паведаміў пра ператрусы і агляды з раніцы 25 сакавіка.

Раніцай 25 сакавіка пачаўся ператрус дома ў горадзенскага журналіста Анджэя Пачобута. Ягоная жонка Аксана Пачобут пасьпела толькі напісаць: «Дома міліцыя ў балаклавах. Тэлефанаваць не даюць».

Ператрус дома ў Пачобутаў праводзілі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу «Распальваньне варожасьці», паведаміў Саюз палякаў Беларусі.

Аксана Пачобут
Аксана Пачобут

Як расказала Аксана Пачобут пазьней, ранкам да іх прыйшлі каля васьмі сілавікоў у масках і балаклавах. Гэта было каля 8.15. Яны самі зайшлі ў кватэру ўсьлед за сынам, які выйшаў у школу.

Ператрус скончыўся каля 11.20, забралі тэхніку: 2 ноўтбукі, жорсткі дыск, 7 мабільных тэлефонаў працоўных і непрацоўных, флэшкі, працоўныя бэджы з канфэрэнцый, літаратуру на польскай мове, дакумэнты, асабліва на польскай мове, дамову на Карту паляка старэйшай дачкі, польскую ўзнагароду.

Увесь працэс здымалі на камэру, прасілі даваць некаторыя паказаньні на камэру, але Анджэй адмовіўся гэта рабіць. Адваката ў кватэру не пусьцілі.

«Столькі каштуе радзіма? Упакоўвайце гэтыя гранты», — сказаў сьледчы.

Анджэю дазволілі сабраць рэчы і павезьлі з сабой.

Тэлеканалу «Белсат» стала вядома, што адбываецца ператрус у рэдакцыі пры Саюзе палякаў Беларусі. Забіраюць газэты «Głos znad Niemna» і часопісы «Magazyn Polski», кампутары і абсталяваньне.

24 сакавіка кіраўніцу непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс закрытым судом асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту за арганізацыю і правядзеньне сьвята Казюкі. Анджэй Пачобут — сябра гэтага саюзу.

«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца ў палітычным і эканамічным крызісе. Ён патрабуе адцягнуць увагу грамадзтва ад гэтага становішча. Вонкавым ворагам будзе Польшча, унутраным — польская меншасьць у Беларусі», — сказаў пасьля суду Анджэй Пачобут.

Прыйшлі дадому і да дырэктаркі польскай грамадзкай школкі ў Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай.

У сядзібу незарэгістраванага Саюзу палякаў у Горадні і грамадзкую школу імя караля Стэфана Баторыя пры ім прыйшла міліцыя, паведаміла каля 10-й гадзіны ранку журналістка Інэса Тодрык-Пісальнік у сваім фэйсбуку.

Пра агляд у яе дома паведаміла таксама старшыня аддзелу незарэгістраванага Саюзу палякаў у Лідзе Ірэна Бэрнацкая. У яе забралі тэхніку, візытоўкі, нататнікі, газэты, дыплёмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG