Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць дзеячоў Саюзу палякаў Беларусі завялі крымінальную справу


Анжаліка Борыс. Архіўнае фота

Паводле прад’яўленага артыкулу, падазраваным можа пагражаць да 12 гадоў зьняволеньня.

Генэральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненьні старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і іншых асобаў паводле ч. 3 арт. 130 КК «Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб», паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Максымальная санкцыя дадзенай часткі артыкулу 130 прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.

Прадстаўнікоў Саюзу палякаў Беларусі вінавацяць у тым, што зь 2018 году па цяперашні час на тэрыторыі Горадні і іншых населеных пунктаў вобласьці «з прыцягненьнем непаўналетніх арганізавалі і правялі шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаваньні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаваньняў, якія дзейнічаюць падчас і пасьля Вялікай Айчыннай, якія зьдзяйсьнялі рабаваньні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, зьнішчэньне маёмасьці. Іх дзеі перасьледавалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўданьня генацыду беларускага народа».

24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на закрытым паседжаньні на 15 сутак арышту за правядзеньне традыцыйнага сьвята Казюкі.

Раніцай 25 сакавіка ў дамы журналіста і актывіста Саюзу Анджэя Пачобута і дырэктаркі польскай грамадзкай школкі ў Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай уварваліся сілавікі і праводзяць ператрусы на падставе заведзенага крымінальнага артыкулу.

У апошнія месяцы зносіны Беларусі і Польшчы істотна пагоршыліся. Краіны ўзаемна высылалі дыпляматаў, усё пачалося з абвінавачаньняў, якія афіцыйны Менск прад’явіў Польшчы. Рэжым Лукашэнкі вінаваціць польскі бок у падбухторваньні пратэстаў у Беларусі і спрыяньні нестабільнасьці ў дзяржаве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG