Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцу незарэгістраванага Саюзу палякаў асудзілі на 15 дзён арышту за Казюкі

абноўлена

Анжаліка Борыс

Старшыню Саюзу палякаў Беларусі, непрызнанага беларускімі ўладамі, Анжаліку Борыс асудзілі на 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Пра гэта паведаміў у сваім Твітэры сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Яе асудзілі за несанкцыянаванае правядзеньне традыцыйнага сьвята Казюкі (артыкул 24.23 КаАП).

Справу разглядаў судзьдзя Руслан Гурын. Сьведкамі выступілі міліцыянты. Казюкі, як і штогод, праводзілі ва ўнутраным дворыку будынка польскага консульства.

Борыс затрымалі напярэдадні ўвечары 23 сакавіка і адвезьлі на допыт у РАУС Ленінскага раёну Горадні. На ноч яе пакінулі ў ізалятары.

Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў пракамэнтаваў прысуд на сваёй старонцы ў Твітэры: «Затрыманьне і асуджэньне беларускімі ўладамі Анжалікі Борыс гэта непрымальна і супярэчыць міжнародным стандартам. Я ўзьняў гэтае важнае пытаньне падчас сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў NATO, а таксама ў размове з [кіраўніком дыпляматыі Эўразьвзу] Жузэпам Бурэлем і старшынёй АБСЭ Ан Ліндэ».

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

На думку сябра незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута, Казюкі — толькі фармальная нагода, каб затрымаць Борыс.

«Мы назіраем чарговую хвалю антыпольскай прапаганды і кампаніі супраць польскай меншасьці», — камэнтуе Пачобут.

Паводле ягоных назіраньняў, кампанія пачалася ў пачатку сакавіка, калі 12 сакавіка затрымалі кіраўніцу грамадзкай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. Яна больш за 10 дзён знаходзіцца пад вартай праз падазрэньне ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці (крымінальны артыкул 130), аднак абвінавачаньне, па інфармацыі Пачобута, ёй дагэтуль не прад’явілі. Школа пасьля затрыманьня дырэктаркі не працуе, настаўнікаў выклікаюць на допыты.

«Разграмілі польскую школу. Мы назіраем эскаляцыю. Мы назіраем моцны ўдар. Дзяржаўныя мэдыя надаюць шмат увагі, каб ачарніць Польшчу і яе гісторыю, і прадставіць палякаў, якія жывуць у Беларусі, як пятую калёну, якая нясе пагрозу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», — кажа сябра незарэгістраванага ўладамі Саюзу палякаў.

На запатрабаваньне ўладаў Беларусі Горадню пакінулі двое польскіх дыпляматаў, у тым ліку генэральны консул Яраслаў Ксёнжэк. У Горадні застаўся толькі адзін польскі консул.

«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца ў палітычным і эканамічным крызісе. Ён патрабуе адцягнуць увагу грамадзтва ад гэтага становішча. Вонкавым ворагам будзе Польшча, унутраным — польская меншасьць у Беларусі», — мяркуе Анджэй Пачобут.

Анжаліку Борыс ужо судзілі за арганізацыю традыцыйнага сьвята Казюкоў у 2019 годзе. Тады яе вызвалілі ад адказнасьці праз «малазначнасьць парушэньня». Падтрымаць кіраўніцу пад суд прыйшлі каля ста паплечнікаў.

Як пагаршаліся адносіны паміж Менскам і Варшавай

Пасьля выбарчай кампаніі 2020 году Лукашэнка ўжо выказваўся пра палякаў.

«Асноўнымі маімі супернікамі былі, даруйце ўжо, палякі і католікі», — успомніў ён сваіх апанэнтаў на першых выбарах у 1994 годзе падчас візыту ў Горадню 22 жніўня 2020 году.

«Сёньня знайшліся людзі, якія штурхаюць нас у прорву звадаў і нянавісьці... На заходняй мяжы неспакойна, бразгаюць зброяй, пагражаюць, адкрыта ўмешваюцца ва ўнутраныя справы нашай сувэрэннай дзяржавы. Нехта нават пацірае рукі, я гэта ведаю дакладна, успамінае пра «ўсходнія крэсы», дзе ўсё беларускае было пад забаронай, выпальвалася гарачым жалезам. Сёньня хапае тых, хто хацеў бы адсячы хаця б шматок гэтай „заходняй пэрліны Беларусі“», — сказаў на той жа сустрэчы ў Горадні Лукашэнка.

«Вы ж бачыце гэтыя заявы пра тое, што калі Беларусь распадзецца, то Горадзенская вобласьць адыдзе да Польшчы. Яны ўжо адкрыта пра гэта гавораць, сьпяць і бачаць», — сказаў Лукашэнка падчас нарады 27 жніўня.

29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.

Летась у кастрычніку зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы на просьбу беларускіх уладаў.

У лістападзе Лукашэнка зноў абвінаваціў Польшчу ў падбухторваньні да рэвалюцыі ў Беларусі. Пры гэтым ён заявіў, што прыводзіць словы нібыта польскага прэм’ера Матэвуша Маравецкага: «Будучыня Беларусі прынцыповая для Польшчы. Заходнія тэрыторыі Беларусі гістарычна належаць Польшчы... Варшава распачала мноства канкрэтных крокаў для дапамогі беларускай рэвалюцыі: фінансавая падтрымка праз польскія і польска-амэрыканскія праграмы салідарнасьці з ахвярамі рэжыму Лукашэнкі, запрашэньне беларускіх студэнтаў, спрашчэньне правілаў перасячэньня мяжы, падтрымка незалежных СМІ і НДА».

У лістападзе Лукашэнка таксама прапанаваў не пускаць у Беларусь лекараў, якія зьехалі працаваць за мяжу.

21 сьнежня Беларусь закрыла межы на наземны выезд і ўезд «праз каранавірус», у тым ліку для Польшчы. Праяжджаць мяжу можна толькі ў некаторых выключных выпадках.

  • Сёлета 12 сакавіка затрымалі дырэктарку грамадзкай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву праз падазрэньне ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Школа цяпер не працуе.
  • 13 сакавіка з Горадні выехалі яшчэ два польскія дыпляматы на патрабаваньне беларускіх уладаў.
  • 23 сакавіка затрымалі кіраўніцу незарэгістраванага ў Беларусі Саюзу палякаў Анжаліку Борыс за арганізацыю без дазволу беларускіх уладаў сьвята Казюкоў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG