Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як улады спрабуюць адолець апанэнтаў, апэлюючы да мінулага


Аляксандар Лукашэнка з сынамі ў Хатыні. 21 сакавіка 2021 году.

Як вядома, гісторыя — гэта палітыка, павернутая назад у часе. Беларускія ўлады пакінулі непрыемную сучаснасьць і ўсе сілы апарату скіравалі ў мінуўшчыну.

Сьцісла:

  • Зварот беларускіх уладаў да падзей пасьляваенных гадоў на Беласточчыне быў выкарыстаны дзеля таго, каб спаліць масты ў стасунках з Польшчай.
  • 21 сакавіка быў праведзены мітынг-рэквіем у Хатыні «Лямпада памяці», улады не хаваюць, што гэта спатрэбілася для вырашэньня бягучых палітычных патрэбаў.
  • Улады імкнуцца дыскрэдытаваць пратэсты, якія праводзіліся і праводзяцца пад бел-чырвона-белым сьцягам.
  • Яшчэ адзін адрасат кампаніі Нямеччына, неўзабаве Бэрліну прад’явяць прэтэнзіі і абвінавачаньні за генацыд часоў вайны.
  • На тле сацыяльна-эканамічных праблем, якія абрынуліся на краіну, усё гэта выглядае як акт адчаю, як спроба пераключыць увагу.

Калі палітыкі зьвяртаюцца да нейкіх падзей далёкай ці ня вельмі далёкай даўніны, то робяць гэта дзеля атрыманьня палітычных дывідэндаў, дзеля дадатковай легітымізацыі. Вось цяпер беларускія ўлады пакінулі непрыемную сучаснасьць і ўсе сілы дзяржапарату скіравалі ў мінуўшчыну.

Спачатку зварот да падзей пасьляваенных гадоў на Беласточчыне быў выкарыстаны дзеля таго, каб спаліць масты ў стасунках з Польшчай.

А ў мінулую нядзелю, 21 сакавіка, быў праведзены рэспубліканскі мітынг-рэквіем «Лямпада памяці», прысьвечаны 78-м угодкам хатынскай трагедыі. Зьвярніце ўвагу, дата ня круглая, не юбілей. Мінулыя гады нават падчас юбілейных дат такіх урачыстасьцяў не было. Адначасова Генэральная пракуратура распачынае крымінальную справу аб генацыдзе фашыстаў на беларускай тэрыторыі.

Прычым улады ня ўтойваюць, што гэтая апэляцыя да гісторыі спатрэбілася для вырашэньня бягучых палітычных патрэбаў. Лукашэнка, выступаючы на мітынгу, заявіў:

«Я зьвяртаюся да ўсіх, хто перакананы, што фашызм нёс на нашу зямлю цывілізацыю, хто гераізуе забойцаў, хто пакланяецца БЧБ-сцягам, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народу. Мы заняліся гэтай праблемай, і мы дакажам і пакажам усяму сьвету, што такое генацыд і што тыя, хто сёньня нас спрабуюць павучаць, як жыць, як мінімум ня маюць на гэта права».

Такім чынам, кампанія мае ўнутраныя і замежнапалітычныя мэты.

Па-першае, улады імкнуцца дыскрэдытаваць пратэсты, якія праводзіліся і праводзяцца пад бел-чырвона-белым сьцягам, атаясаміць усё пратэставае грамадзтва з фашызмам. Прыём вельмі грубы, але афіцыйная прапаганда даўно ўжо перайшла ўсе магчымыя межы. Падобна, гэта ідэалягічная падрыхтоўка да забароны бел-чырвона-белай сымболікі, абвяшчэньня яе экстрэмісцкай.

Другі адрасат гэтай кампаніі, як можна здагадацца з афіцыйных намёкаў, гэта Нямеччына («тыя, хто сёньня нас спрабуюць павучаць, як жыць, як мінімум ня маюць на гэта права»). Думаю, неўзабаве Бэрліну прад’явяць прэтэнзіі і абвінавачаньні за генацыд часоў вайны; магчыма, запатрабуюць матэрыяльнай кампэнсацыі. З Польшай адносіны сапсавалі, цяпер на чарзе Нямеччына.

Сэнс кампаніі зразумелы. Адно няясна. Няўжо сапраўды Лукашэнка лічыць, што чарговай апэляцыяй да генацыду часоў мінулай вайны ён зможа павярнуць на свой бок сымпатыі грамадзтва, прымусіць людзей, асабліва моладзь, палюбіць яго? На тле тых сацыяльна-эканамічных праблем (рост цэнаў і інш.), якія абрынуліся на краіну, усё гэта выглядае як акт адчаю, як спроба пераключыць увагу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG