Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Польскія нацысты» і «сарасяты». Як лукашэнкаўская прапаганда выкарыстоўвае гістарычныя тэмы і што з гэтым рабіць?


15 жніўня 2020 году, пратэст каля сядзібы АНТ
15 жніўня 2020 году, пратэст каля сядзібы АНТ

Пра тое, як прапаганда дазваляе нам наблізіцца да разуменьня найгоршых чалавечых рысаў, піша гісторык Аляксандар Фрыдман з Дусэльдорфу.

Хто такі Аляксандар Фрыдман:

  • выпускнік факультэту гісторыі БДУ, доктар (PhD)
  • супрацоўнік праекту «Памяць пра габрэйскую спадчыну ў Беларусі, Украіне і Польшчы пасьля 1945 г.« — Цэнтар антрапалягічных дасьледаваньняў музэяў і спадчыны ў Інстытуце эўрапейскай этналёгіі ўнівэрсытэту імя Гумбальта (Бэрлін)
  • выкладчык ва Ўнівэрсытэце зямлі Саар (Саарбрукен) і Ўнівэрсытэце імя Генрыха Гейнэ (Дусэльдорф)
  • сярод кірункаў яго навуковай дзейнасьці — гісторыя антысэмітызму ў СССР і на постсавецкай прасторы, а таксама прапаганда ў аўтарытарных дзяржавах
Аляксандар Фрыдман
Аляксандар Фрыдман

«Радыкалізацыю беларускай дзяржаўнай прапаганды я ўспрымаю з пэўным аптымізмам»

Летам 2009 году я распачаў працу ў Гейдэльбэрскім унівэрсытэце, дзе на працягу некалькіх гадоў пад кіраўніцтвам прафэсара Гайнца-Дытрыха Лёве вывучаў акупацыйную прэсу на занятых немцамі савецкіх тэрыторыях. Мой акадэмічны настаўнік Лёве — добра вядомы спэцыяліст па гісторыі Расеі і СССР, аўтар біяграфіі Сталіна, якую, дарэчы, карысна было б прачытаць і беларускім адэптам тырана — любіў жартаваць:

«Усё ж такі ёсьць шмат карыснага ў вывучэньні гэтай прэсы. Так, мова і зьмест — брыдкія, а аўтары выклікаюць агіду. Але прапаганда дазваляе нам наблізіцца да разуменьня найгоршых чалавечых рысаў і, між іншым, робіць жыцьцё дасьледчыка больш цікавым і разнастайным».

Пачынаючы са жніўня 2020 году я ўважліва назіраю за беларускай дзяржаўнай прапагандай і кожны дзень разумею, што Лёве сапраўды меў рацыю.

У гейдэльбэрскім праекце я займаўся перш за ўсё менскай «Беларускай газэтай» і смаленскім выданьнем «Новый путь». У апошні пэрыяд свайго існаваньня (канец 1943 і пачатак 1944 гадоў), калі крах акупацыйнай палітыкі падаваўся відавочным і становішча Нямеччыны рабілася ўсе больш катастрафічным, адбылася значная радыкалізацыя прапаганды, якая і без таго была прасякнутая нянавісьцю. Гэтая радыкальная прапаганда, аднак, ня здолела ўратаваць захопнікаў і была выразнай прыкметай агоніі рэжыму. Таму і радыкалізацыю беларускай дзяржаўнай прапаганды я ўспрымаю з пэўным аптымізмам.

«Параза Лукашэнкі ў барацьбе за настроі беларусаў — асабісты правал гратэскных салдатаў і афіцэраў прапагандысцкага фронту»

2020 год увайшоў у гісторыю як год інтэлектуальнага і маральнага банкруцтва рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Хоць Лукашэнка з дапамогай гвалту і рэпрэсій здолеў пакуль захаваць уладу, маральную перамогу атрымаў дэмакратычны пратэставы рух, канчатковы трыюмф якога падаецца толькі справай часу (магчыма, ужо зусім блізкага). Відавочная параза рэжыму Лукашэнкі ў барацьбе за настроі беларусаў — асабісты правал гратэскных салдатаў і афіцэраў прапагандысцкага фронту, якія ў роспачы вымушаныя пазбаўляцца ад апошняга налёту прыстойнасьці і зьвяртацца да найгоршых, амаральных мэтадаў барацьбы: Аляксей Голікаў захапляецца «нямецкім парадкам» нацысцкай эпохі, Грыгорый Азаронак выкрывае «юдаў», Людміла Гладкая дапытвае затрыманых пратэстоўцаў (яна, дарэчы, сябра камісіі па этыцы афіцыйнага Саюзу журналістаў), Андрэй Мукавозчык адкрыта заклікае да гвалту супраць праціўнікаў Лукашэнкі. Кіраўнік Беларускага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў не саромеецца называць Рэспубліку Беларусь, якая ўзьнікла ў 1991 годзе, «ублюдачным утварэньнем» і вядзе паляваньне на «польскіх нацыстаў» ды «прыхільнікаў Джорджа Сораса» («сарасятаў»).

Адкрытая ці прыхаваная беларусафобія, сэксізм, кансьпіралёгія, гамафобія, антысэмітызм, нэасталінізм і нэанацызм, эйблізм, антыамэрыканізм, германафобія і асабліва палянафобія, захапленьне эўрапейскімі ўльтраправымі і ўльтралевымі… Эклектычнасьць прапаганды, пагромны стыль і хаос у галовах малаадукаваных, але вельмі амбітных псэўдаінтэлектуалаў з «радзімай ад Брэста да Ўладзівастоку» ўражваюць мяне як дасьледчыка прапаганды ў дыктатурах. І адначасова адштурхоўваюць большасьць людзей, але вельмі добра ўспрымаюцца невялікай, але згуртаванай аўдыторыяй радыкальных прыхільнікаў Лукашэнкі.

Апошнія, хоць і адчуваюць зь непакоем подых новай эпохі, не жадаюць успрымаць рэальнасць, жадаюць заставацца ў «прапагандысцкай бурбалцы», у якой у Аляксандра Лукашэнкі заўсёды як мінімум 80% прыхільнікаў, а «сапраўдныя патрыёты» Дзермант альбо Шпакоўскі маюць культавы статус.

«Распальваньне нянавісьці з дапамогай гістарычных маніпуляцый можа мець жахлівыя наступствы»

Апошнім часам як беларускія дзяржаўныя прапагандысты, так і асобы з дыплёмамі гісторыкаў і нават пэўнымі акадэмічнымі рэгаліямі (у прыватнасьці, Вадзім Гігін, Ігар Марзалюк і Вячаслаў Даніловіч) усё часьцей зьвяртаюцца да гістарычнай тэматыкі. Ня грэбуючы прымітыўнымі фальсыфікацыямі і маніпуляцыямі, яны кіруюцца ў сваёй «навуковай» дзейнасьці прынцыпам беларускага савецкага гісторыка Лаўрэнція Абэцэдарскага: «Сапраўдны гісторык павінен быць у стане знайсьці факты пад свае тэзісы».

У пакутнай гісторыі Галакосту, якую афіцыйныя «сапраўдныя гісторыкі» (як і іншыя «сумнеўныя габрэйскія тэмы») раней абміналі, прапаганда бачыць сродак для бруднай барацьбы з дэмакратычным рухам. Удзел беларусаў у перасьледзе і зьнішчэньні габрэйскага насельніцтва добра дасьледаваны замежнымі гісторыкамі. Але ці патрэбныя прапагандзе ўзважаныя падрабязныя працы неангажаваных прафэсіяналаў? Зразумела, што не. Чаго шукаюць яны ў гісторыі Галакосту? Выключна беларускіх сьлядоў. У сваёй нянавісьці да беларускай мовы, культуры і нацыянальнай сымболікі яны ўсё часьцей імкнуцца прадставіць Галакост не арганізаваным нацыстамі злачынствам, а перш за ўсе «праектам беларускіх нацыяналістаў».

У гісторыі Галакосту з-пад пяра прапагандыстаў вы, у прыватнасьці, знойдзеце выключна паліцыянтаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі (як сапраўдных, так і выдуманых), але, напрыклад, ня знойдзеце беларусаў, якія ратавалі габрэяў, бо апошнія прапагандыстам сёньня ўвогуле не патрэбныя.

Каб падвесьці гістарычны падмурак пад антыпольскую палітыку рэжыму Лукашэнкі, прапагандысты, ідучы сталінскім шляхам, абвяшчаюць Польшчу «спрадвечным ворагам беларускага народу», а гісторыю Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы падаюць выключна як пэрыяд прыгнёту і жахлівых рэпрэсій. Сталінскія злачынствы ў Савецкай Беларусі ў гэтай сувязі, зразумела, увогуле ня ўзгадваюцца. Акцэнт робіцца на супрацоўніцтве паміж Нямеччынай і Польшчай, а пакт Молатава-Рыбэнтропа і яго роля ў гісторыі Другой Сусьветнай вайны фактычна замоўчваецца.

Зыходзячы з таго, што гістарычны сьверб у беларускіх прапагандыстаў зь цягам часу будзе толькі ўзмацняцца, узьнікае пытаньне, як варта абыходзіцца з гэтай супярэчлівай зьявай. Заплюшчыць вочы і ісьці далей? Не, бо распальваньне нянавісьці з дапамогай гістарычных маніпуляцый можа мець жахлівыя наступствы для беларускага грамадзтва і беларускай дзяржавы, і ўжо таму яго нельга пакідаць без увагі.

Баўгарыя Тодара Жыўкава ці Югаславія (Сэрбія) Слабадана Мілошавіча — добры гістарычны прыклад. Спрабаваць весьці дыскусіі? З шулерамі і маніпулятарамі? Марнаваньне часу, бо размаўляць можна толькі з тымі, хто сапраўды жадае пачуць і ў стане ўспрымаць аргумэнты суразмоўцы. Характэрны для дзяржаўных прапагандыстаў замкнёны фанатычны фундамэнталісцкі сьветапогляд выключае магчымасьць канструктыўнага дыялёгу.

Што ж застаецца?

У сёньняшнім беларускім грамадзтве назіраецца велізарная цікавасьць да мінуўшчыны Беларусі і запыт на гістарычныя тэмы. Гэта, прабачце за калямбур, гістарычны (і можа нават апошні такі) шанец, які беларускія гісторыкі (як у Беларусі, так і за мяжой) не павінны страціць, распаўсюджваючы розным шляхам веды, набліжаючы тым самым вольную дэмакратычную Беларусь і выкрываючы адначасова мэтады і мэты стваральнікаў чалавеканенавісьніцкай прапагандысцкай макулятуры, чыя эпоха ў Беларусі, відавочна, набліжаецца да свайго завяршэньня.

Кнігі па гісторыі, якія прапануе Аляксандар Фрыдман

  • Леанід Рэйн. «Каралі і пешкі: калябарацыя ў Беларусі ў час Другой сусьветнай вайны»
  • Бэрнард К‘яры. «Штодзённасьць за лініяй фронту. Акупацыя, калябарацыя і супраціў у Беларусі (1941–1944)»
  • Фэлікс Акерман. «Гісторыя Гародні (1919–1991). Нацыяналізацыя, вынішчэньне і саветызацыя сярэднеэўрапейскага места»

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG