Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Фрыдман: «Дзяржаўныя прапагандысты ў Беларусі знаходзяцца пад уплывам антысэміцкіх стэрэатыпаў»


Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык, «Жёлтые сливы»
Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык, «Жёлтые сливы»

Гісторык з Дусэльдорфу Аляксандар Фрыдман некалькі месяцаў займаўся маніторынгам афіцыйнай прапаганды ў Беларусі. Ён прыйшоў да высновы, што праўладныя тэлеграм-каналы і супрацоўнікі дзяржаўных СМІ культывуюць нэасавецкі антысэмітызм.

Пра вынік свайго дасьледаваньня аб габрэйскіх поглядах на пратэсты ў Беларусі, апублікаванага ў расейскім часопісе «Ab Imperio», Фрыдман расказаў падчас круглага стала гісторыкаў у эфіры Радыё Свабода.

Хто такі Аляксандар Фрыдман:

Аляксандар Фрыдман
Аляксандар Фрыдман
  • выпускнік факультэту гісторыі БДУ, доктар (PhD)
  • супрацоўнік праекту «Памяць пра габрэйскую спадчыну ў Беларусі, Украіне і Польшчы пасьля 1945 г.» (Цэнтар антрапалягічных дасьледаваньняў музэяў і спадчыны ў Інстытуце эўрапейскай этналёгіі ўнівэрсытэту імя Гумбальта (Бэрлін)
  • выкладчык ва Ўнівэрсытэце зямлі Саар (Саарбрукен) і Унівэрсытэце імя Генрыха Гейнэ (Дусэльдорф)
  • сярод кірункаў яго навуковай дзейнасьці — гісторыя антысэмітызму ў СССР і на постсавецкай прасторы, а таксама прапаганда ў аўтарытарных дзяржавах

«Калі б ім дазволілі, то яны б сказалі нашмат больш, чым яны гавораць сёньня»

«У кастрычніку я пачаў працу над артыкулам „Габрэйскія погляды на беларускія падзеі“. У гэтым артыкуле я назіраю за антысэміцкай кампанэнтай таго, што адбываецца ў дзяржаўнай прапагандзе. У лістападзе мне давялося перарабіць гэты артыкул, бо прыкладаў станавілася больш і больш. Калі б я пісаў сёньня, то мне давялося б дапісаць яшчэ 2 або 3 старонкі дадаткова. Калі чытаць „Жёлтые сливы“, Мукавозчыка або глядзець Азаронка, гэтая тэма прысутнічае, і яны спрабуюць пакуль неяк трымацца. Калі б ім дазволілі, то яны б сказалі нашмат больш, чым яны гавораць сёньня».

Гісторык зьвяртае ўвагу на пашырэньне праўладнымі каналамі інфармацыі пра нібыта датычнасьць да пратэстаў у Беларусі амэрыканскага філянтропа габрэйскага паходжаньня Джорджа Сораса, францускага філёзафа з габрэйскімі каранямі Бэрнара-Анры Леві і габрэйскае паходжаньне або ізраільскае грамадзянства Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

«Адкуль гэта прыйшло? Гэта прыйшло з так званых „ДНР-ЛНР“. Гэта там быў вынайдзены гэты фэйк. Што тычыцца Сораса і Бэрнара-Анры Леві, то гэта таксама не вынаходка беларускіх прапагандыстаў. Чалавек, які вельмі актыўна працуе з двума гэтымі вобразамі, вядомы з расейскай тэлевізіі, паходзіць з Данбасу. Гэта расейскі журналіст украінскага паходжаньня Ўладзімер Карнілаў. Ён ужо даволі доўга працуе адным з экспэртаў на беларускай тэлевізіі. І гэтая гісторыя з Сорасам і Леві напэўна была падкінутая ім. Калі паглядзець яго публікацыі, то там вымалёўваецца вобраз Анры-Леві як крывавага філёзафа з Францыі. І асабліва падкрэсьліваецца, што ён Леві, каб кожны зразумеў, якое ў яго паходжаньне».

«Людзі, якія робяць гэты канал, з майго пункту гледжаньня, безумоўна, антысэміты»

Паводле Фрыдмана, праўладныя прапагандысты ўжо зьвярнуліся да наратыву, які вядомы з Польшчы і Чэхаславаччыны 1968 году, калі студэнцкі рух у Польшчы, а потым падзеі ў Чэхаславаччыне былі прадстаўленыя як вынік сіянісцкай змовы.

«І таму ўсе гэтыя рэчы, якія цяпер выходзяць, пра габрэйскае паходжаньне беларускіх журналістаў, ці намёкі, якія робіць спадар Мукавозчык аб прозьвішчах а-ля Шрайбман ці Кац, якія зьяўляюцца ў пратэставым кантэксьце, — гэта такі шыфр гэтых людзей», — кажа Фрыдман.

Ён прывёў прыклад, калі падчас кампаніі вакол тэлеграм-каналу «Белые халаты» тэлеграм-канал «Жёлтые сливы» апублікаў скрын з камэнтаром карыстальніка з Ізраілю, пазначыўшы яго чырвонай зоркай Давіда. Рэпост гэтага допісу зрабіў канал Агенцтва тэлевізійных навінаў беларускай тэлевізіі і канал афіцыйнага агенцтва БелТА. Празь некаторы час афіцыйны тэлеграм-каналы прыбралі допіс, але на канале «Жёлтые сливы» ён застаўся.

«Людзі, якія робяць гэты канал, з майго пункту гледжаньня, безумоўна, антысэміты. Гэта вельмі цікава назіраць, як тэма Галакосту і абвінавачаньня ў ім паходзіць ад людзей, якія зьяўляюцца антысэмітамі. Той антысэмітызм, які культывуецца гэтым тэлеграм-каналам, гэта нэасавецкі антысэмітызм. Гэта можна шыкоўна параўноўваць з савецкай традыцыяй антыізраільскай прапаганды. З аднаго боку — абвінавачаньні супраць сыяністаў, а з другога — падкрэсьліваецца роля СССР у барацьбе з нацызмам, ратаваньні габрэяў. Тэма ёсьць, і яна будзе выкарыстоўвацца, бо людзі, якія займаюцца дзяржаўнай прапагандай, знаходзяцца пад значным уплывам антысэміцкіх стэрэатыпаў».

«Мэта адна — данесьці да людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку, што ўсе гэтыя пратэсты інсьпіраваныя звонку»

На пытаньне пра мэтавую аўдыторыю антысэміцкіх пасылаў гісторык адказаў:

«Напэўна, гэта прапаганда, якая робіцца для саміх сябе і для тых, хто разважае гэтаксама. Спадары Мукавозчык і Бянько напэўна, лічаць, што пераважная большасьць беларускага грамадзтва складаецца з антысэмітаў, якім трэба гэты антысэміцкі наратыў падкінуць. Я ня думаю, што прапаганда імкнецца некага перацягнуць з пратэставага лягеру. Гэта наратыў, які ідзе для сваіх. А мэта адна — данесьці да людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку, што ўсе гэтыя пратэсты інсьпіраваныя звонку. Тое самае зрабілі польскія камуністы, калі студэнты пачалі дэмакратычны пратэст. Камуністы заявілі, што ўсё гэта габрэйская інтэлігенцыя і сіяністы, і што палякі да гэтага пратэсту ніякага дачыненьня ня маюць. Тое ж самае яны імкнуцца зрабіць і сёньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG