Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка трапіў у пастку. Брытанскі навуковец напісаў пра гэта кнігу


Выйшла ў сьвет новае выданьне кнігі «Беларусь: апошняя эўрапейская дыктатура». Аўтар кнігі, брытанскі дасьледчык Эндру Ўілсан, расказаў Радыё Свабода, як ён тлумачыць беларускія падзеі 2010-х гадоў, чаму Лукашэнка трапіў у пастку пасьля жніўня мінулага году і як ён ацэньвае выбарчую кампанію Сьвятланы Ціханоўскай і працу яе каманды ў выгнаньні.

Эндру Ўілсан — прафэсар украінскіх дасьледаваньняў ва Ўнівэрсытэцкім каледжы Лёндану, старшы аналітык Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў.

Сьцісла:

  • Рэжым спаліў многія перавагі, якія меў раней. Ён выступаў у ролі абаронцы сувэрэнітэту дзяржавы і праводзіў кампанію мяккай беларусізацыі. Цяпер гэтыя рэчы выкінулі ў вакно, і база падтрымкі робіцца небясьпечна вузкай.
  • Эканамічная стратэгія, супрацьлеглая таму, што рабіў урад Румаса, ня будзе пасьпяховай. Калі ІТ-эканоміка зьменшыцца ці нават зьнікне, гэта вельмі ўзмоцніць нагрузку на дзяржаўны сэктар.
  • Расея хоча прыдбаць эканамічныя актывы Беларусі для расейскіх алігархаў. Цана расейскай падтрымкі ад жніўня 2020 году зрабілася вельмі высокай.
  • Лукашэнку не падабаецца гэтая цана, ён працягвае размовы пра захаваньне сувэрэнітэту, але ўласнымі дзеяньнямі ён загнаў сябе ў становішча, дзе расейская падтрымка істотная для ягонага выжываньня.

«Закручваньне гаек рабілі прымітыўна, бо рэжым пралічыўся ў сваіх плянах»

— Мы апошні раз размаўлялі ў мінулым чэрвені — на раньняй стадыі выбарчай кампаніі ў Беларусі. Вы тады сказалі, што рэжым можа запанікаваць. На вашую думку, тое, што адбылося ў жніўні — брутальныя катаваньні затрыманых, стрэлы ў пратэстоўцаў — гэта было праявай панікі ці гэта быў халодны разьлік з боку прадстаўнікоў рэжыму, якія бачылі, што інакш яны ня могуць утрымацца ва ўладзе?

— І першае, і другое. Магчыма, калі глядзець на гэта цяпер, «паніка» была не зусім правільным словам. Відавочнымі былі пралікі, памылкі. Улады не змаглі правесьці выбары так, як рабілі гэта звычайна.

Зь іх боку была недаацэнка кампаніі Ціханоўскай, неразуменьне фэмінізацыі — жаночага складніка — і посьпехаў гэтай кампаніі. Яна была вельмі простая, вельмі пазытыўная, вельмі інклюзіўная, адкрытая для розных людзей. Усяго гэтага рэжым не разумеў.

Таксама было відаць, што рэжым арыентаваўся на дзьве папярэднія выбарчыя кампаніі. У 2015 годзе, адразу пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, у іх усё атрымалася адносна лёгка, і з гэтага яны зрабілі няправільныя высновы праз 5 гадоў.

Тое ж самае тычыцца 2010 году. Мне здаецца, рэжым разьлічваў, што ўдасца паўтарыць кароткі пэрыяд брутальных рэпрэсій, каб здушыць любы пратэст. У 2010 годзе гэта было ня больш за 24 гадзіны.

Тут рэжым відавочна памыліўся — відавочна, што стаўка на кароткія рэпрэсіі не спрацавала і ён мусіў рабіцца ўсё больш рэпрэсіўным. Ня ў сэнсе першапачатковай крывавай лазьні, якую можна было прадказаць, а ў тым сэнсе, што давялося далей «закручваць гайкі», пакуль палітычная прастора ня зьменшылася і недзе ў лістападзе ня скончылася першая фаза пратэстаў. І гэтае «закручваньне гаек», верагодна, рабілася менш прадумана і больш прымітыўна, чым магло б быць, бо рэжым пралічыўся ў сваіх плянах.

«Рэжым спаліў многія перавагі, якія меў раней»

— Вы таксама казалі пра так званы «разумны» альбо «хітры» аўтарытарызм — калі аўтарытарныя рэжымы робяць нешта такім спосабам, каб стварыць уражаньне, што яны маюць народную падтрымку. Ці лічыце вы, што жнівень 2020 году ў Беларусі зрабіўся ў нейкім сэнсе пераломным момантам, калі рэжым страціў гэты «розум» і «хітрасьць», і стала зразумела, што ён грунтуецца на гвалце і рэпрэсіях?

— Так. Многія людзі ня любяць выкарыстоўваць гэтае слова — «разумны», «хітры» — калі размова ідзе пра брутальныя рэжымы. Я тут думаў пра Віталя Сіліцкага, які гаварыў пра «папераджальны» аўтарытарызм. Таксама ёсьць кніга аднаго брытанскага дасьледчыка пра Беларусь, якая называецца «Адаптыўны аўтарытарызм».

Але ніводзін з гэтых прыметнікаў — «разумны», «хітры», «папераджальны», «адаптыўны» — цяпер ужо не пасуе да рэжыму. Улады засталіся з брутальным прымусам.

Рэжымы могуць доўга выжываць і бяз гэтага, на адным толькі прымусе. Але ня вечна. Трэба мець яшчэ нейкія элемэнты падтрымкі, акрамя страху. Патрабуецца прынамсі пасіўная падтрымка ці абыякавасьць нейкай часткі насельніцтва. Няясна, ці мае гэта рэжым сёньня, хоць Chatham House правёў даволі цікавыя дасьледаваньні пра так званую прамежкавую частку насельніцтва, якая выступае ў ролі «гледачоў» — рэжыму ня любіць, але пратэставаць ня хоча.

Рэжым спаліў многія перавагі, якія меў раней. Бо ён прыдбаў некаторыя перавагі за пэрыяд да 2020 году. Ён выступаў у ролі абаронцы сувэрэнітэту дзяржавы і праводзіў кампанію «мяккай беларусізацыі». Цяпер гэтыя рэчы выкінулі ў вакно, і база падтрымкі рэжыму робіцца небясьпечна вузкай.

«Апошняя эўрапейская дыктатура — не падманлівы цэтлік»

— Вельмі цяжка коратка пераказаць так шмат зьместу ў інтэрвію, але новае выданьне вашай кнігі мае два новыя разьдзелы. Папярэдняе выданьне выйшла ў сьвет у хуткім часе пасьля выбараў 2010 году і масавых рэпрэсій, якія пачаліся ўсьлед за імі. Ці можна назваць асноўныя пункты, якія вы ўбачылі ў гэтым дзесяцігодзьдзі беларускай гісторыі?

— Так. Па-першае, сама назва кнігі. Выдаўцы хацелі захаваць «апошнюю дыктатуру», бо гэта добра вядомая фраза для англамоўнай аўдыторыі. Але ў пэрыяд паміж першым і другім выданьнямі былі некаторыя скаргі, што гэта падманлівы цэтлік, што гэта не апошняя дыктатура ў Эўропе, што ёсьць Азэрбайджан, Расея, што шмат у якіх дэмакратыях сытуацыя пагаршаецца, нават унутры Эўразьвязу.

Але я думаю, што падзеі мінулага году апраўдалі захаваньне гэтага цэтліка і нават падкрэсьліваньне такога вызначэньня, бо гэта брутальны дыктатарскі рэжым.

У другім выданьні ёсьць дадатковая гісторыя фактычна з трох частак. У 2011 годзе заходняя аўдыторыя мела тры клішэ наконт Беларусі — што гэта апошняя дыктатура, што Беларусь — гэта нейкая вэрсія Расеі бяз моцнай нацыянальнай ідэнтычнасьці, натуральны сатэліт Расеі, а па-трэцяе, што Беларусь нэасавецкая ня толькі ў сэнсе ідэалёгіі, але і ў сваёй эканоміцы — вялікі дзяржаўны сэктар, вялікія прадпрыемствы, нейкі сацыяльны кантракт.

Ужо пасьля 2010 году было ясна, што слабы бок у гэтым трохкутніку быў трэці. Глябальны эканамічны крызіс 2008–2009 гадоў ударыў па Беларусі асабліва моцна, і наступныя 10 гадоў ішлі намаганьні неяк даць гэтаму рады. Гэта было нашмат больш цяжкае дзесяцігодзьдзе эканамічна, чым 2000-я гады ці нават канец 90-х. І гэта было адным з фактараў, які прывёў да падзеяў 2020 году.

Я таксама пішу пра зьмены, якія пачаліся пасьля вайны ва Ўкраіне, ад 2014 году. За імі стаяла лёгіка апошняга дыктатара. Лукашэнка хацеў выжыць і захаваць свой рэжым, і гэта азначала большы акцэнт на сувэрэнітэт і балянсаваньне замежнай палітыкі, бо Расея рабілася ўсё больш патрабавальнай у адносінах зь Беларусьсю і менш шчодрай у сэнсе эканамічных субсыдый.

А гэта значыла, што спатрэбіліся новыя стратэгіі. Я сьцьвярджаю, што наступствам большай сувэрэнізацыі ў замежнай палітыцы зрабілася «мяккая беларусізацыя» зьверху ўніз, а таксама на гарызантальным узроўні і зьнізу ўверх...

«Ці можа дыктатар памяняць усё? Не»

— А калі вы гаворыце пра «мяккую беларусізацыю» зьверху ўніз, што вы маеце на ўвазе? Бо большасьць назіральнікаў унутры Беларусі казалі пра тое, што ўлады проста перасталі зьнішчаць мясцовыя ініцыятывы, якія раней спыняліся. Ці вы пабачылі нейкія ініцыятывы, якія ішлі з самага верху ўлады?

— Ключавой палітычнай зьменай было тое, што, як вы сказалі, дзяржава больш не блякавала гарызантальныя ініцыятывы. І гэта дасягнула сваіх межаў, напэўна ўжо 2-3 гады таму. «Мяккая беларусізацыя» пайшла настолькі далёка, наколькі хацела дзяржава. Лукашэнка ніколі не хацеў узмацняць апазыцыю, але хацеў мець дадатковыя дэкарацыі для сваёй стратэгіі «сувэрэннай дзяржаўнасьці». Гэта пераважна тычылася таго, што рэжым дазволіў крыху больш палітычнай прасторы для беларусізацыі.

Тое самае тычыцца і вельмі-вельмі абмежаванай палітычнай лібэралізацыі. Яна мела на мэце дапамагчы ў замежнай палітыцы, дапамагчы зьняць санкцыі, што адбылося ў 2016 годзе. Гэта часова дало людзям больш палітычнай прасторы для мабілізацыі.

Трэцяе, і, магчыма, самае важнае, — прынамсі падчас ураду Румаса ад 2018 да 2020 году вялася эканамічная палітыка, якая мела на мэце зьменшыць нагрузку на дзяржаўны сэктар і пашырыць прыватны сэктар, які змог бы аплачваць рахункі. Асабліва гэта тычылася ІТ-індустрыі. Гэта прывяло да высьпяваньня новай сярэдняй клясы і росту ІТ-сэктару.

Шмат што з гэтага наклалася адно на адно ў 2020 годзе. Новая сярэдняя кляса была вельмі актыўная ў пратэстах. Вырасьлі сеткі ўзаемнай падтрымкі грамадзянскай супольнасьці — асабліва пасьля пратэстаў 2017 году супраць указу пра дармаедаў і падчас эпідэміі каранавірусу, калі дзяржава адмовілася ад адказнасьці за абарону грамадзян і ім давялося рабіць гэта самім. Усе гэтыя працэсы ў любым выпадку набліжаліся да сваёй мяжы, і тут пачаўся пратэст і брутальная рэакцыя рэжыму.

І трэцяя частка новага матэрыялу ў кнізе тычылася пытаньня: ці можа дыктатар памяняць усё? Калі Лукашэнка хоча зрабіць разварот на 180 градусаў і пайсьці ў іншым кірунку — адноўлены саюз з Расеяй, канец «мяккай беларусізацыі», іншая эканамічная стратэгія. Ці магчыма гэта? Ці можна так павярнуць у зусім іншы кірунак доўгатэрміновыя тэндэнцыі?

Я думаю, што ў некаторых момантах адказ — «так». Але ў іншых — адказ відавочна «не». Якую рабіць ідэалягічную структуру? Так, можна мець расейскую прапаганду на дзяржаўнай тэлевізіі, але яе аўдыторыя зьмяншаецца.

Ці ёсьць эканамічная стратэгія, супрацьлеглая таму, што рабіў Румас? Не. Калі ІТ-эканоміка зьменшыцца ці нават зьнікне, гэта вельмі ўзмоцніць нагрузку на дзяржаўны сэктар.

І можна пабачыць манэўры Расеі, якая хоча прыдбаць эканамічныя актывы Беларусі для расейскіх алігархаў. Цана расейскай падтрымкі ад жніўня 2020 году сапраўды зрабілася вельмі-вельмі высокай.

Пытаньне да Румаса

— Вы ўжо згадалі прэм’ер-міністра Румаса і эканамічную палітыку ягонага ўраду ў апошнія некалькі гадоў. Наколькі вядома, спадар Румас цяпер у Лёндане. Ці хацелі б вы зь ім сустрэцца і пагутарыць для магчымага будучага новага выданьня сваёй кнігі?

— Некаторыя людзі выказвалі вэрсіі, што рэжым нарэшце расколваецца і што ў Беларусі ўтвараецца новая алігархія. Я б не заходзіў так далёка, але можна было пабачыць прыхаваныя сувязі паміж людзьмі ва ўрадзе Румаса і людзьмі вакол Бабарыкі ці нават Цапкалы і іх выбарчых кампаній. Цяпер пытаньне ў тым, ці будуць гэтыя сувязі зьнішчаныя і ці выціснуць гэтых людзей у дыяспару. Пабачым. Вядома ж, я рады быў бы з усімі пагутарыць.

— Але якім было б вашае першае пытаньне да спадара Румаса?

— Наколькі шмат ёсьць прыхаванай незадаволенасьці новай стратэгіяй? Вядома ж, выглядае, што Лукашэнка мае на сваім баку сілы прымусу. Але што наконт усіх астатніх у іншых міністэрствах? Асабліва калі ўлічыць, што эканамічная будучыня краіны настолькі ненадзейная. Колькі там нявыказаных сумневаў?

«Ціханоўская — сымбаль супрацьстаяньня дыктатуры»

— Вы ўжо выказаліся пра стратэгію выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Ці маглі б вы больш падрабязна ацаніць гэтую кампанію, а таксама дзеяньні яе каманды ў выгнаньні?

— Лукашэнка вядомы сваім грэблівым стаўленьнем да Ціханоўскай і да жанчын агулам. Гэта быў сапраўдны пралік у краіне, дзе 53 працэнты насельніцтва — жанчыны.

Мне здаецца, што фэмінізацыя кампаніі была сапраўдным посьпехам, бо яна наклалася на іншыя рэчы — на пазытыўнае, неідэалягічнае пасланьне. Не было праграмы, не было маніфэсту, цэнтральным пасланьнем кампаніі былі свабодныя і справядлівыя выбары, але ня гэтым разам, а наступным разам. «Гэта не свабодныя і справядлівыя выбары, і мы павінны зрабіць так, каб яны ўрэшце адбыліся».

Такое скіраванае ў будучыню пазытыўнае пасланьне дапамагло далучыць да кампаніі максымальную колькасьць людзей. Шмат у якіх сэнсах яна, вядома ж, была выпадковай, апалітычнай фігурай. І, зноўку ж, гэта дапамагло пашырыць падтрымку.

Тое, што яна ў выгнаньні, гэта не яе віна. Але ёсьць агульныя пытаньні: ці ня трапіць Беларусь пасьля 2020 году ў такую ж сытуацыю, як Польшча ў часы «Салідарнасьці», калі ўсе ключавыя фігуры апазыцыі, ці прынамсі шмат хто зь іх, вымушаныя жыць за мяжой? Відавочна, што для таго, каб быць эфэктыўным з-за мяжы, патрэбныя зусім іншыя стратэгіі. Мне здаецца, што апазыцыя гэта прадумала і дзейнічае даволі вынаходліва, асабліва онлайн.

Эўропа і Амэрыка, нават калі яны асабліва не зрабілі нічога іншага, трымаюць дзьверы адчыненымі для Ціханоўскай. Яна мае доступ на высокім узроўні, і гэта важна — захоўваць увагу да тэмы, пашыраць сваё пасланьне ў Эўропе і Амэрыцы. Асабліва таму, што нічога ня скончылася. Калі масавыя пратэсты спыніліся ў лістападзе, гэта яшчэ ня значыць, што Лукашэнка перамог.

Цягам зімы захоўваліся драбнейшыя лякальныя пратэсты, і Ціханоўская заклікала да новага этапу пратэстаў ад 25 сакавіка. Пабачым, што адбудзецца ў другім акце. Мне здаецца, што агулам яна зрабіла даволі добрую працу — і падчас кампаніі, і ў выгнаньні. Яна застаецца добрым сымбалем супрацьстаяньня дыктатуры.

Тут карціна можа быць досыць чорна-белай. Навальны ў Расеі вядзе кампанію супраць карупцыі, бо для Расеі гэта галоўная праблема, а галоўная праблема для Беларусі — аўтакратыя, дыктатура. І Ціханоўская даволі добра ўвасабляе супрацьстаяньне гэтай праблеме.

«Расея не дала грошай проста так»

— Калі мы размаўлялі ў мінулым чэрвені, вы казалі пра расейскую стратэгію, пра тое, што Расея спрабуе атрымаць ад кіраўніцтва Беларусі больш ляяльнасьці, асабліва ў замежнай палітыцы, узамен на меншыя субсыдыі. Ці лічыце вы, што цяпер Расея гэта мае, а Лукашэнка пасьля выбараў загнаны ў кут?

— Расейская стратэгія да і пасьля выбараў, да пратэстаў і пасьля, вельмі адрозьнівалася, бо так шмат памянялася. На жаль, у асноўным на карысьць Расеі. Напачатку, пасьля 9 жніўня, можна было пабачыць, што Расея ўзважвае варыянты. Яна дасылала складаныя пасланьні — было шмат размоваў пра так званы армянскі сцэнар, дзе Расея была адносна спакойная наконт зьмены рэжыму, хоць відавочна, што такога не адбылося...

— Калі вы кажаце пра такія пасланьні, вы маеце на ўвазе закрытую камунікацыю ці публічныя заявы? Бо не было заўважна адкрытых сыгналаў, што Расея будзе вітаць армянскі сцэнар. Кіраўніцтва Расеі маўчала некалькі дзён, гэта так...

— Я цяпер кажу пра расейскія мэдыя, дзе разважалі пра розныя магчымасьці. А гэта ў нейкім сэнсе можна лічыць ускосным сыгналам.

Асабіста я лічыў, што гэта перабольшана, бо Беларусь — не Армэнія. Расея можа заставацца спакойнай, хто б ні ўзначальваў Армэнію, бо Армэнія настолькі залежыць ад Расеі ў пляне бясьпекі. Нават калі браць пад увагу жахлівую паразу Армэніі ў вайне мінулай восеньню.

Беларусь жа не прывязаная да Расеі такім страхам за ўласнае існаваньне. Ніхто не зьбіраецца зьнішчаць Беларусь, і яна зусім у іншай сытуацыі, у адрозьненьне ад Армэніі.

Відавочна, што цяпер Расея мае перавагу. Яна дае Лукашэнку падтрымку рознага кшталту, але цікава, што фінансавая падтрымка дагэтуль абмяркоўваецца. Расея не дала грошай проста так, і нават не дала значнай сумы грошай, бо, мне здаецца, яна спрабуе выкруціць Лукашэнку рукі, каб той прадаў ключавыя эканамічныя актывы.

Акрамя таго, Расея хацела б саступак у сфэры бясьпекі — магчыма, не вайсковую базу, бо гэта пытаньне больш доўгатэрміновае, але напэўна яна б хацела, каб Беларусь спыніла шматвэктарную замежную палітыку і больш шчыльна каардынавала сваю замежную палітыку з Расеяй. Таму мне здаецца, што наконт цаны расейскай падтрымкі працягваецца торг. Часткова таму, што Лукашэнка ўласнымі дзеяньнямі загнаў сябе ў становішча, дзе расейская падтрымка істотная для ягонага выжываньня.

Лукашэнку не падабаецца гэтая цана, ён працягвае размовы пра захаваньне сувэрэнітэту, але лёгіка сытуацыі паказвае, што яму патрэбная Расея, і Расея гэта ведае.

«Зьмены пасьля жніўня 2020 — пагроза для Ўкраіны»

— У кароткім зьмесьце новага выданьня вашай кнігі гаворыцца, што вы разглядаеце агульныя пэрспэктывы Эўропы ў двух сцэнарах — у выпадку падзеньня Лукашэнкі і ў выпадку, калі ён застанецца ва ўладзе з расейскай падтрымкай. Як вы бачыце гэтыя сцэнары, як яны будуць уплываць на Эўропу агулам?

— Пачну з другога сцэнару, бо ў кароткатэрміновай пэрспэктыве Лукашэнка захаваў уладу. Ёсьць практычныя пытаньні — зьявілася новая беларуская дыяспара, асабліва ў Літве і Польшчы. Ёсьць эканамічныя страты — бо Расея спрабуе прымусіць Беларусь перанакіраваць экспарт праз расейскія парты, а не праз парты ў балтыйскіх дзяржавах. Ёсьць патэнцыйная пагрозы бясьпецы, асабліва для Ўкраіны.

Беларусь ніколі не была такой ужо нэўтральнай, як рабіла выгляд пачынаючы з 2014 году, але яна не дазваляла выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для пагрозаў супраць Украіны. Яна не дазволіла стварыць нейкі «другі фронт» супраць Украіны, што магло б падарваць украінскія намаганьні трымаць абарону на ўсходзе. Таму нэгатыўныя наступствы для Ўкраіны, магчыма, найбольшыя, калі Расея здолее пасьпяхова ператварыць Беларусь у фактычнага сатэліта.

— Гэта значыць, што вы пакуль ня лічыце рэжым Лукашэнкі фактычным сатэлітам Расеі, так?

— Мы ідзем у гэтым кірунку з жніўня. Але мы пакуль не настолькі далёка на гэтым шляху, як магло б быць — у сэнсе захопу Расеяй беларускіх эканамічных актываў, у сэнсе значных зьменаў у замежнай палітыцы Беларусі, такіх як вайсковая база, запозьненае прызнаньне анэксіі Крыму ці незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі альбо Абхазіі, у сэнсе так званых «інтэграцыйных мапаў» для ўзмацненьня «саюзнай дзяржавы».

Усе гэтыя вэктары відавочна паказваюць у адным кірунку, але Беларусь пакуль ні ў якім разе не прайшла туды на 100 працэнтаў. І можна пабачыць, што Лукашэнка па-ранейшаму ў нейкіх сэнсах вырываецца і спрабуе паказаць сябе абаронцам дзяржаўнага сувэрэнітэту. Але ягоныя пазыцыі ўсё слабейшыя, і выглядае, што пытаньне асабістага выжываньня пераважвае ўсё астатняе.

Тут мы вяртаемся да мэму пра апошняга дыктатара. Дыктатар сапраўды можа скіроўваць карабель дзяржавы ў патрэбным сабе кірунку.

«Лукашэнка пасьля Беларусі» ці «Беларусь пасьля Лукашэнкі»?

— А што тычыцца першага сцэнару — падзеньня Лукашэнкі?

— У кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта не выглядае вельмі імаверным. Але мы пакуль што ў першым акце — пабачым, што адбудзецца ў другім. Тут, відавочна, шмат будзе залежаць ад таго, якім будзе сцэнар пераходу ўлады — ці будзе гэта пераход унутры рэжыму, і калі так, дык да якога наступніка. Ці гэта будзе нейкі кампраміс з апазыцыйнымі сіламі.

Але відавочна, што Эўразьвязу і ЗША трэба будзе пераключыцца на пазытыўныя прапановы — прапанаваць пернік, а ня толькі бізун. Насамрэч мы нешта падобнае пабачылі ўжо мінулай восеньню, калі тры дзяржавы Эўразьвязу — Літва, Румынія і Польшча — у дэклярацыі апісалі прапанову, якая будзе даступная для новай, больш дэмакратычнай Беларусі. У сэнсе гандлёвага доступу да рынкаў Эўразьвязу, свабоды руху. Прынамсі, Эўразьвяз падумаў пра больш пазытыўныя сцэнары, у нейкай ступені.

— Калі трэцяе выданьне вашай кнігі выйдзе ў 2030 годзе, якім будзе кароткі зьмест новых разьдзелаў і ці будзе ў кнігі новая назва?

— Калі вы хочаце, каб я рызыкнуў з прагнозам, я думаю, што Лукашэнка захаваўся ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. І, як мы ўжо казалі, на адным прымусе можна захаваць уладу ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве, але, напэўна, не дзесяцігодзьдзе. Улічваючы эканамічныя праблемы і ўлічваючы, на якім раздарожжы цяпер Беларусь — у рэжыму ёсьць прыхільнікі, але хоць пратэстоўцаў і выціснулі з вуліц у лістападзе, у вас па-ранейшаму ёсьць новы грамадзянскі, патрыятычны, расейскамоўны беларускі апазыцыйны рух, і гэта новая зьява.

Грамадзтва падзеленае, і я ня бачу, каб Лукашэнка мог захавацца яшчэ дзесяцігодзьдзе. Будзем спадзявацца, што трэцяе выданьне будзе мець прыгажэйшую назву — «Лукашэнка пасьля Беларусі».

— Вы маеце на ўвазе «Беларусь пасьля Лукашэнкі»?

— «Беларусь пасьля Лукашэнкі» — гэта лепш, так.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG