Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сілавік ёсьць, разумовіка ня трэба». Стваральнік расейскага мультсэрыялу пра тое, як яго жарты становяцца рэальнасьцю


Кадар з сэрыялу «Масяня»
Кадар з сэрыялу «Масяня»

«Сілавік ёсьць, разумовіка ня трэба». Гэта фраза з новай сэрыі мультсэрыялу «Масяня», якая расказвае пра татальны кантроль насельніцтва з боку сілавікоў. Паводле сюжэту, насельніцтва Расеі падзялілі на дзьве часткі: адна са зброяй сочыць за другой і кантралюе кожнае дзеяньне.

Стваральнік мультсэрыялу Алег Куваеў расказаў тэлеканалу «Настоящее время», што новая серыя — гэта антыўтопія, якая ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю (хоць у камэнтарах на YouTube аўтару нагадваюць, што сюжэты некаторых сэрый ужо спраўджваюцца), а таксама пра яго пляны зьняць «Масяню» пра Навальнага:

— Мультфільмы паводле азначэньня — гэта ўтрыраваньне. Гэта значыць, ты бярэш усё і перабольшваеш, гэта як карыкатура, прыблізна так сама працуе. І гэты мультфільм я зрабіў, увогуле разьлічваючы, што я здорава ўтрырую і перабольшваю. Проста гледачам так не здалося, што самае цікавае. Значыць, эфэкт менавіта ад гэтага адбыўся.

— Так, вы ведаеце, і ў камэнтарах, дарэчы, вам пішуць: «Спыніце ўжо прадказваць будучыню, таму што некаторыя сюжэты вашых мультфільмаў ужо пачынаюць спраўджвацца».

— Так, гэта зьвязана з тым, што сапраўды многія з тых мультаў, якія былі раней, я маю на ўвазе закранутыя сацыяльныя пытаньні, яны потым раптам спраўджваліся, прычым спраўджваліся зусім містычным чынам. Літаральна чатыры сэрыі таму была сэрыя, якая наогул ніякім чынам ня тычыцца ні палітыкі, ні сацыяльных [пытаньняў], і звалася яна «Ёршык». Тады яшчэ не было ніякай гісторыі з Навальным і з усім гэтым палацам Пуціна, ніякі ёршык ня сьвяціўся нідзе, а там у сэрыі ёршык — гэта нейкі такі містычны прадмет, зь якім усе бегаюць, носяцца.

І раптам літаральна праз месяц гэты ёршык становіцца нейкім сымбалем Навальнага і ўсёй гэтай гісторыі з палацам. Таму мульт сапраўды такі, ён жа не паказвае нейкі канкрэтны пункт гледжаньня, там «бац, давайце зробім так, і я наперадзе са сьцягам» — не, такога няма. Гэта проста жыцьцёвая сытуацыя, аказалася жыцьцёвай, гэта значыць я думаю, што ўтрырую, але вось, наце вам, прыехалі.

— Так, але пры гэтым палітыка непасрэдна ў гэтым мультфільме ёсьць, там, напрыклад, «Нав...»​. Усім зразумела, што гэта Навальны, або, напрыклад, ёсьць фраза пра цара.

— Ну натуральна, так, гэта наогул сьмешна, наколькі Навальны стаў такі цэнтральнай фішкай усёй гэтай «цялегі», хоць ня тое, каб ён не заслужыў; я лічу, што ён заслужыў. Але чаго ён адзін наогул, я не зразумеў, чаго ён адзін? Мяне вось гэта раздражняе: чаму адзін толькі Навальны? Іх мусіць быць хаця б два дзясяткі пры нармальнай сытуацыі — нейкіх людзей з апазыцыйнымі думкамі, якія павінны біцца за што-небудзь, за думкі чалавечыя і гэтак далей. А ён адзін, вось гэтая сытуацыя таксама нейкая крывая, і можна з гэтага мультфільм зрабіць — што апазыцыянэр у Расеі адзін, блін. На адну самую вялікую краіну самая малая колькасьць апазыцыянэраў. Таксама сьмешна, папраўдзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG