Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты мірныя і нямірныя: перамагае заўсёды дух


Ілюстрацыйнае фота.

«Эх, калі б пратэстоўцы ў леташнім жніўні дзейнічалі больш рашуча» — такая лунае ў галовах многіх. Лунала і тады, і нават наўпрост выказвалася: аднымі — у форме наўпроставых заклікаў, іншымі — у выглядзе акадэмічнай канстатацыі: маўляў, супраць жорсткіх дыктатураў, гатовых праліваць кроў бязь межаў, гандысцкія, цалкам мірныя сродкі барацьбы ніколі не былі эфэктыўнымі.


Адказ на пытаньне «што было б, калі б...» важны і для асэнсаваньня таго, што адбылося, і на будучыню.

Сьцісла

  • «Эх, калі б пратэстоўцы ў леташнім жніўні дзейнічалі больш рашуча» — такая лунае ў галовах многіх
  • Самыя папулярныя каналы камунікацыі ў 2020 годзе не заклікалі да гвалту
  • Адбывалася канкурэнцыя ўплываў і прыхільнікі больш рашучых дзеяньняў у ёй прайгралі
  • Да нямірных дзеяньняў не заклікаў ніводны аўтарытэтны палітычны лідэр
  • Ідэолягі і лідэры пратэстаў натхняліся тэорыяй перавагаў мірнага пратэсту
  • Нямірныя, сілавыя пратэсты амаль ніколі не перамагаюць дзякуючы менавіта свайму сілавому складніку
  • Пра гэта сьведчыць досьвед рэвалюцыі Майдану 2013-2014 гадоў, эгіпецкай рэвалюцыі 2011 году, расейскай лютаўскай рэвалюцыі 2017 году
  • Перамога нават гвалтоўнага пратэсту — гэта перамога духу, гэта вынік дэмаралізацыі бюракратычнага і сілавога апаратаў рэжыму
  • Гвалтоўны пратэст аказвае дваістае ўзьдзеяньне — ён можа і дэмаралізаваць уладу і яе сілавы апарат, але і ўзмацніць імпэт падаўленьня
  • Беларускі пратэст, які пачаўся ў жніўні 2020 году, павінен быць мірным — такой была воля народу
  • Наступным разам гэтая воля можа быць іншай, але якім ён будзе, вызначыцца менавіта воляй народу

Канкурэнцыя формаў пратэсту

Ужо падчас пратэстаў выказвалася шмат аргумэнтаў на карысьць менавіта мірных пратэстаў. Галоўны — той, што такім быў настрой грамадзтва.

Насамрэч адбывалася спаборніцтва праектаў, заклікаў — хапала людзей, тэлеграм-каналаў, якія да больш рашучых і вельмі рашучых дзеяньняў заклікалі народ ад пачатку і на працягу ўсяго часу пратэстаў.

А людзі прыслухоўваліся да іншых. Гэтых іншых, самых папулярных, улады ўсё роўна ахрысьцілі «тэрарыстычнымі». Але варта сказаць, што гэтыя папулярныя каналы зь мільённай аўдыторыяй да гвалтоўных дзеяньняў не заклікалі.

А тыя, што заклікалі, не былі папулярныя, а кола гатовых выконваць іх заклікі было яшчэ вузейшым, чым іх аўдыторыя.

І тое, што выйгралі ў спаборніцтве за розумы і сэрцы беларусаў адны, а ня іншыя, было паказьнікам стану грамадзтва, гатоўнасьці да такіх, а ня іншых дзеяньняў.

Варта дадаць, што такой жа была і лінія лідэраў, пры ўсёй умоўнасьці гэтага паняцьця адносна леташняга беларускага пратэсту — ані Сьвятлана Ціханоўская, ані Павал Латушка, ані чальцы Каардынацыйнай Рады да нямірных пратэстаў ніводнага разу не заклікалі.

Са страху, з адчуваньня тых самых настрояў грамадзтва, з пачуцьця адказнасьці за жыцьці людзей, зь безьлічы іншых прычынаў, але факт — не заклікалі, не спрыялі, не віталі спробы гвалтоўнага супраціву.

Віктар Бабарыка і Эрыка Чэнавэт

Дарэчы, не заклікаў, не спрыяў і не вітаў такія формы супраціву і самы папулярны, паводле некаторых апытаньняў, палітык краіны — Віктар Бабарыка. Мяркую, што калі б яго дапусьцілі да выбараў, то і тады яго стаўленьне да гэтага пытаньня наўрад ці зьмянілася б. Адваротнае супярэчыць усяму, што мы ведаем пра гэтага чалавека і палітыка.

Яшчэ адзін фактар — адсутнасьць падрыхтаванай інфраструктуры нямірнага супраціву. На ўкраінскім Майдане 2013-2014 гадоў ахоўныя сотні зьявіліся даволі хутка, многія зь іх чальцоў былі падрыхтаваныя да сілавога супрацьстаяньня, мелі экіпіроўку, амуніцыю, крыху і нават зброю для такіх дзеяньняў.

Ізноў жа — у Беларусі гэтага не было.

Нарэшце, важны і ідэалягічны аспэкт. Калі ня самі пратэстоўцы, то ідэолягі, лідэры і каардынатары пратэсту натхняліся тэорыяй Джына Шарпа і яе разьвіцьцём у дасьледаваньні Эрыкі Чэнавэт і Марыі Стэфан. Паводле гэтай тэорыі негвалтоўны, мірны пратэст больш эфэктыўны, ён часьцей у гісторыі прыводзіць да посьпеху, калі 3.5% насельніцтва ангажаваныя ў пратэст, гэтага дастаткова, каб абрынуўся любы аўтарытарны рэжым.

Ізноў жа — няма браку ў крытыцы гэтай тэорыі, гэтага падыходу, хапала крытыкі дасьледаваньня Чэнавэт і Стэфан. Але гэтая тэорыя ў Беларусі перамагла яе крытыку.

І гэта — яшчэ адзін факт. Але ёсьць і яшчэ адзін чыньнік, які важны ў гэтай спрэчцы.

Гвалтоўны пратэст перамагае не гвалтам

Парадокс, але нават нямірныя, сілавыя пратэсты амаль ніколі не перамагаюць менавіта сваім сілавым складнікам.

У 2014 годзе Віктар Януковіч быў зрынуты сілавым шляхам. Але хіба тыя, хто яго зрынуў, мелі перавагу над абаронцамі рэжыму ўва ўзбраеньні, у вайсковым вышкале, нарэшце, нават у колькасьці? Галоўнакамандуючаму Януковічу падпарадкоўвалася і войска, якое колькасьцю і ўзбраеньнямі дакладна пераважала пратэстоўцаў.

Януковіч ня кінуў яго на падаўленьне паўстаньня — ці па слабасьці волі, ці з наяўнасьці рэшткаў сумленьня, ці з перасьцярогі, што войска ня выканае загад і паверне зброю супраць яго. Зараз няважна чаму, важна, што ня кінуў.

Калі вымяраць суадносінамі вайсковай моцы, чыста сілавымі складнікамі, Януковіч не прайграў бы. Але вынік вызначаўся насамрэч іншым, а менавіта ступеньню дэмаралізацыі абаронцаў рэжыму.

Зброя, дубінкі, іншыя інструмэнты падаўленьня ў іх у руках яшчэ былі, але волі, жаданьня, імпэту іх ужываць — ужо не. Гэтых маральных чыньнікаў не было ані ў кіраўнікоў рэжыму, ані ў яго шэраговых абаронцаў.

Гэтаксама адбывалася і падчас шматлікіх іншых гвалтоўных паўстаньняў і рэвалюцыяў.

У 2011 годзе ў Эгіпце рэвалюцыя не была мірнай, там загінулі сотні людзей. Гвалт ужываўся з абодвух бакоў, з боку ўлады — зброя, з боку пратэстоўцаў, паўстанцаў — пераважна камяні, палкі і кулакі. І там не было такога, каб паўстанскае войска разьбіла ўрадавае. Але рэвалюцыя перамагла.

Ну і ў клясычнай рэвалюцыі, расейскай лютаўскай 1917 году — у Петраградзе стралялі, некалькі вайсковых злучэньняў перайшлі на бок паўстаньня, паліцыянтаў раззбройвалі і забівалі. Але цар Мікалай ІІ адрокся не тады, калі даведаўся пра гэтыя забурэньні, а калі яму на стол ляглі тэлеграмы ад камандуючых франтоў з прапановай адрачыся.

Іншымі словамі, няма такога супрацьпастаўленьня — мірны пратэст, мірнае паўстаньне перамагае сілай духу, дэмаралізуючы сілавы апарат рэжыму, а нямірны, гвалтоўны пратэст перамагае ўласна гвалтам, фізычным сілай, зброяй.

Не, пратэст, прычым любы, хоць мірны, хоць не, калі перамагае, то перамагае духам.

Як гвалтоўны пратэст узьдзейнічае на сілавікоў

Узьдзеяньне гвалту на сілавы апарат дваістае. З аднаго боку, гвалт сапраўды гэты апарат дэмаралізуе: адна справа сілавіку атрымаць маральнае асуджэньне грамадзтва ці нават сямейнага свайго асяродзьдзя, другая — атрымаць у галаву камень, «кактэйль Молатава» ці кулю. У другім выпадку асабістая рызыка істотна падвышаецца.

Але зь іншага боку, гвалт пратэстоўцаў можа і кансалідаваць абаронцаў рэжыму, у шэрагоўцаў сярод іх узьнікае матыў помсты за параненых, зьнявечаных і забітых паплечнікаў. А ва ўлады, у начальнікаў, у тым ліку і вышэйшых, гвалт можа зьняць усе абмежаваньні на ўжываньне гвалту ў адказ.

У 2005 годзе тагачасны лідэр Узбэкістану Іслам Карымаў у адказ на нямірны пратэст у Андыжане аддаў загад касіць пратэстоўцаў кулямётамі. Ці касіў бы, калі б пратэст быў мірны? Можа так, можа не. Але на нямірны хапіла волі (ці зьверства) аддаць загад ужыць кулямёты, а ў выканаўцаў — яго выканаць.

Дарэчы, у таго ж цара Мікалая ІІ рука не здрыганулася ў студзені 1905 году загадаць расстраляць радыкальную, але мірную маніфэстацыю. А пазьней, калі рэвалюцыя перарасла ў гвалтоўную фазу — страляць, страляць, страляць. Тады генэралы яму не прапаноўвалі адрачыся, ён і страляў, а не адракаўся.

Балянс, роўнадзейную гэтых рознаскіраваных фактараў ужываньня сілы з боку пратэстоўцаў, якія і дэмаралізуюць і мацуюць маральны настрой улады і яе абаронцаў, немагчыма вызначыць загадзя.

Магчыма, калі б беларускі пратэст летась быў больш рашучым, то Лукашэнка б ужо ня быў кіраўніком Беларусі. А магчыма, што ўсё скончылася б тым жа, чым і скончылася, толькі лік адных забітых ішоў бы на сотні ці тысячы.

Гвалт — не чароўная палачка посьпеху

Што са сказанага вынікае?

Найперш тое, што гвалт — зусім не «залаты ключык» посьпеху пратэстаў. Можа статыстыка, якой апэравалі Чэнавэт і Стэфан, і хібная, але відавочна, што і гвалтоўныя пратэсты прынамсі нярэдка церпяць паразу, што гарантыяў посьпеху гвалт не дае ніякіх. Гарантыю, што крыві пральецца значна больш, чым пры нямірным пратэсьце, на жаль, дае.

Гвалт — не чароўная палачка яшчэ і таму, што рэвалюцыі, паўстаньні, пратэсты перамагаюць ня гвалтам, нават калі ўжываюць яго, а духам. А калі перавагі духу няма, то і перамогі няма хоць з гвалтам, хоць безь яго.

І яшчэ адзін урок падзеяў мінулага году. Што прынамсі ў такія крытычныя, лёсавызначальныя моманты воля народу — гэта больш чым мэтафара і паліталягічны канструкт.

Што гэты беларускі пратэст, паўстаньне, рэвалюцыя, называйце як заўгодна, будзе мірным — гэта вырашылі ўсе разам і ніхто асабіста. А галасы асобных людзей, якія гэтай супольнай волі супярэчылі, не былі ўзятыя пад увагу.

І гэтак жа будзе і наступным разам, праз месяц, праз год ці праз 10 гадоў — хаця воля народу тады можа быць і іншай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG