Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыдатная для Беларусі тэорыя негвалтоўнага супраціву Шарпа? Рэвалюцыйны гвалт — пастка ці права народа? Ці пацьвярджаюць падыход Шарпа рэвалюцыі дзясятых гадоў ХХІ стагодзьдзя? Па гэтых пытаньнях ў Праскім акцэнце спрачаюцца журналісты Францішак Вячорка і Арцём Шрайбман. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Ці спрацавалі ў Беларусі рэцэпты Шарпа?

Дракахруст: 28 студзеня ва ўзросьце 90 гадоў памёр тэарэтык негвалтоўнага супраціву амэрыканец Джын Шарп. Яго падручнік негвалтоўных рэвалюцыяў «Ад дыктатуры да дэмакратыі» натхняў і натхняе змагароў за свабоду ў многіх краінах. У гэтай кнізе Шарп прывёў 198 мэтадаў негвалтоўных дзеяньняў, якімі грамадзяне супольна могуць дэлегітымізаваць дыктатуру і перамагаць яе. Сьмерць гуру негвалтоўных рэвалюцыяў — нагода пагаварыць пра тое, наколькі яго тэорыя, яго ўрокі і парады прыдатныя для Беларусі.

Давайце напачатку — пра беларускую найноўшую гісторыю, у прыватнасьці, пра беларускія Плошчы-2006 і 2010. Не сакрэт, што іх арганізатары натхняліся тэорыяй Шарпа, кансультаваліся з актывістамі з тых краінаў, дзе яго канцэпцыя бліскуча спрацавала. І збольшага беларускія Плошчы, як і іншыя беларускія пратэсты, адбываліся і адбываюцца паводле рэцэптаў Шарпа. Вынік вядомы. А чаму? Ці тэорыю, рэцэпты ўжывалі няправільна, ці самая тэорыя непрыдатная да сучаснай Беларусі, ці яшчэ зь якой прычыны?

Францішак Вячорка
Францішак Вячорка

Вячорка: Я палічыў, як мінімум 74 спосабы са 198 магчымых паводле Джына Шарпа, якія выкарыстоўваліся апазыцыяй у процістаяньні з Лукашэнкам. Але чаму вы лічыце, што гэтыя рэцэпты не спрацавалі? Спрацавалі! Як мінімум, антысавецкі супраціў 80-х таксама меў негвалтоўны характар і прывёў да незалежнай Беларусі. І падчас Лукашэнкі, менавіта дзякуючы негвалтоўнаму характару пратэстаў, быў не дапушчаны крывавы сцэнар. Апазыцыя не дала падставаў уладам застасаваць зброю плюс забясьпечыла сабе маральную перавагу, падтрымку з боку беларусаў Захаду і грамадзтва.

Як мінімум, антысавецкі супраціў 80-х таксама меў негвалтоўны характар і прывёў да незалежнай Беларусі.

Ці шмат людзей падтрымала б антыдармаедзкія акцыі 2017 году, калі б «дармаеды» трымалі ў руках не плякаты, а калашнікавы. Таму менавіта лукашэнкаўскі рэжым, а не апазыцыю, называюць крывавым. Ніхто не параўноўвае БНФ ці АГП з «Ісламскай дзяржавай» ці Ірляндзкай Рэспубліканскай Арміяй. А вось гвалт з боку Лукашэнкі над мірнымі дэманстрантамі падчас плошчаў 2006 і 2010 году адкінуў усе намаганьні Лукашэнкі па ўласнай легітымізацыі і нармалізацыі стасункаў з Захадам.

Дракахруст: Францішак, я не зусім зразумеў. Сцэнары Шарпа скіраваныя на тое, каб дамагчыся перамогі. Перамогі не было. Вы параўноўваеце зь Ісламскай дзяржавай. Можна параўноўваць шмат зь кім. Можна параўноўваць з арабскімі рэвалюцыямі. Гістарычна было вельмі шмат рэвалюцый, якія ўжывалі гвалт, але перамагалі.

Вячорка: Пачнём з таго, што ня Шарп прыдумаў гэтыя мэтады, ён адно апісаў іх на аснове назіраньняў за моладзевымі пратэстамі, у першую чаргу ў паўднёва-ўсходняй Азіі. У яго разуменьні, негвалтоўны супраціў — гэта фактычна адзіная альтэрнатыва гвалту і спосаб запабегчы грамадзянскай вайны. Але далёка не ва ўсіх краінах, якія апісвае Шарп, яны прывялі да перамогі. Ізноў жа, гэта мэтадалёгія, гэта мэтады, як змагацца з рэжымам. А перамога ў Беларусі, пра якую мы гаворым, магчыма яшчэ не прыйшла, і яшчэ не створаная крытычная маса, якая павінна стварацца мірнымі мэтадамі.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Арцём, ваш адказ. Чаму перамога не было дасягнутая, хаця Шарп прапаноўваў, як яе дасягнуць. Ці можа тэорыю няправільна ўжывалі. Можа справа ў тым, што астатнія 120 мэтадаў не ўжывалі? Ці можа сама тэорыя непрыдатная для Беларусі? Ці можа гэтай тэорыі недастаткова?

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Шрайбман: Зразумела, гэта недастатковая ўмова для перамогі над аўтарытарным рэжымам. І я згодны з тым, што сказаў Францішак, што не сасьпела ні ў якім годзе, ні ў 2010-м, ні ў 2015-м, ні сёньня не сасьпела крытычная маса незадаволеных, якая магла бы стаць хаця б пачатковай глебай для таго, каб апазыцыя магла пакрокава рэалізоўваць стратэгію Шарпа.

Ну а далей з гэтага сыходзяць астатнія несупадзеньні па стратэгіі. Калі ў цябе няма дастатковага чалавечага рэсурсу, ты не можаш плянаваць сур’ёзнае супрацьдзеяньне ўладам. Ты ня можаш яго плянаваць, калі ў цябе няма адчуваньня, што на тваім баку сапраўды маўклівая большасьць народу, калі ў цябе няма актывістаў, гатовых выконваць манатонную руцінную працу па каардынацыі пратэсту.

Калі ў цябе няма дастатковага чалавечага рэсурсу, ты не можаш плянаваць сур’ёзнае супрацьдзеяньне ўладам.

У 2006-м годзе, калі было найбольш блізка да сцэнару рэвалюцыі, калі было намётавае мястэчка ў Менску, на момант разгону гэтага лягеру там заставаліся сотні чалавек. Вось гэта была крытычная маса незадаволеных, якая прыйшла з тым, каб зьмяняць уладу. Людзі, якія прыйшлі туды ў першы дзень, пратэставалі супраць сфальсыфікаваных выбараў, але яны не засталіся на Плошчы.

Інтарэсы, якія прымусілі іх сысьці з Плошчы, аказаліся больш важкімі, чым інтарэс спрабаваць такім спосаб дамагчыся зьмены ўлады. Пакуль у вас няма крытычнай колькасьці людзей, гатовых начаваць, гатовых супрацьстаяць гвалтоўна ці не гвалтоўна сілавікам, гэтыя сцэнары маларэальныя. Ну і акрамя таго ў Беларусі вельмі кансалідаваная сілавая «вэртыкаль», і апазыцыі і лідэрам пратэстаў проста няма на што абаперціся ў эліце, а без эліты гэта практычна немагчыма.

Ці мае народ права на паўстаньне?

Дракахруст: Сутнасьць тэорыі Шарпа — не адно ў наборы шматлікіх прыёмаў, якія варта ўжываць для барацьбы, а ў жорсткім патрабаваньні, каб пратэсты былі выключна мірнымі. «Калі вы выкарыстоўваеце гвалтоўныя мэтады, — тлумачыў Шарп, — вы змагаецеся той зброяй, якой ваш вораг валодае лепш за ўсё, і ў выніку вы станеце героем, але мёртвым». Наколькі вам падаецца слушнай гэтая ўстаноўка?

Ці гэта насамрэч такая «адмазка», прыгожы спосаб абдурыць уладу і грамадзкае «балота»: не, не, мы толькі за мірныя шлях, ну а на практыцы — а як пойдзе, як атрымаецца, разьвіцьцё сытуацыі пакажа і падкажа.

А калі ўлада ўжывае гвалт, хіба няма маральнага права адказаць ёй тым жа? Хіба адказнасьць за гвалт у гэтым выпадку не ляжыць на ўладзе, якая «першая пачала»? А калі народная стыхія не ўтрымліваецца ў мірных межах? Хіба народ ня мае права на паўстаньне, і неабавязкова мірнае? Адказ Шарпа — адмоўны. А беларускай апазыцыі? І практычны, і тэарэтычны.

Я не ўпэўнены, што калі бы Эўрамайдан ва Ўкраіне праходзіў бы па сцэнары Шарпа, то аднаго негвалтоўнага супраціву хапіла бы, каб перамагчы «Бэркут».

Шрайбман: Беларуская апазыцыя існуе ў рамках палітычнай сыстэмы. Таму я думаю, што выбар ісьці на гвалтоўнае супрацьстаяньне ці негвалтоўнае, беларуская апазыцыя нават не робіць, таму што на гвалтоўнае супрацьстаяньне ў яе няма ніякіх рэсурсаў. Ні чалавечых, ні фізычных, ні грашовых. І няма маральнага рэсурсу для гвалтоўнага супраціву, таму што няма таго крытычнага ўзроўню абурэньня, які быў, напрыклад, на Майдане ў Кіеве. У Беларусі такой сытуацыі няма, таму і пытаньне вельмі гіпатэтычнае.

Маё асабістае стаўленьне для гэтага досыць дваістае. Гістарычна, гледзячы на прыклад удалых рэвалюцыяў, у некаторых выпадках без гвалту ў адказ і брутальных крокаў з боку апазыцыі яна магла і не перамагчы. Гэта факт. Я не ўпэўнены, што калі бы Эўрамайдан ва Ўкраіне праходзіў бы па сцэнары Шарпа, то аднаго негвалтоўнага супраціву хапіла бы, каб перамагчы «Бэркут».

Зь іншага боку, у большасьці выпадкаў гвалту трэба пазьбягаць па максымуму ня толькі з меркаваньняў нейкай высокай маралі, а зь меркаваньняў практычных. Таму што калі палітычны канфлікт вырашаецца праз гвалт, праз забойства людзей з абодвух бакоў, то гэта задае матрыцу ўзаемаадносінаў, палітычнай культуры ў грамадзтве на наступныя гады нават пасьля перамогі такой рэвалюцыі.

Пасьля гвалтоўнай рэвалюцыі звычайна пачынаюцца працэсы, якія не заўсёды маюць шмат агульнага з дэмакратызацыяй. Часам уладам бывае вельмі цяжка аднавіць манаполію за ўладай, загнаць гэтага дэмана назад.

Пасьля гвалтоўнай рэвалюцыі звычайна пачынаюцца працэсы, якія не заўсёды маюць шмат агульнага з дэмакратызацыяй.

А, па-другое, вельмі цяжка адысьці ад гэтага градусу грамадзкай напружанасьці. І я не хачу прыводзіць прыклад Украіны, бо там было сурʼёзнае зьнешняе ўмяшальніцтва, і я не ўпэўнены, што без яго яны бы прыйшлі да нейкага гвалтоўнага супрацьстаяньня ў Крыме ці на Данбасе, але ў прынцыпе ва многіх краінах за рэвалюцыяй ішла грамадзянская вайна, таму што калі рэвалюцыя праходзіць гвалтоўным шляхам, грамадзтва ўжо таксама бачыць за сабой маральнае права рэагаваць такім жа чынам. Таму маральнае праходжаньне гэтай рамкі, гэтага барʼеру гвалту, дорага абыходзіцца грамадзтву незалежна ад таго, хто перамагае.

Дракахруст: Францішак, калі ўлада ўжывае гвалт, хіба няма маральнага права адказаць ёй тым жа? Хіба адказнасьць за гвалт у гэтым выпадку не ляжыць на ўладзе, якая так бы мовіць першая пачала? А калі народная стыхія проста не ўтрымліваецца ў мірных межах? Хіба народ не мае права на паўстаньне, неабавязкова мірнае? Шарп даваў адказы адмоўныя. Ён меў рацыю?

Вячорка: Калі ў адказ на мірны пратэст улада пачынае гвалт, народ мае права на паўстаньне. І пра гэта гаворыць ва ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека 1948 году. У бальшыні дэмакратычных дзяржаваў права супраціўляцца ўзурпацыі ўлады, у тым ліку і праз паўстаньне, закладзенае ў канстытуцыі. Дарэчы, Лукашэнка выдатна разумее, што калі ён будзе страляць па жанчынах, умоўна кажучы, то на вуліцы выйдуць сотні тысячаў людзей, і тады ні пра якія стасункі з Захадам не давядзецца гаварыць.

Калі ў адказ на мірны пратэст улада пачынае гвалт, народ мае права на паўстаньне.

Але пры гэтым у беларускіх дэмакратычных колах мірны характар барацьбы, застаецца сьвятыняй, гэтае патрабаваньне непарушнае з самага пачатку. Магчыма, менавіта таму недарэчна глядзеліся фільмы беларускага тэлебачаньня пра «Белы легіён». Калі я кіраваў Моладзевым БНФ, прыходзілі гарачыя галовы і казалі, давайце змагацца, давайце пойдзем у цір. І мы ім адразу казалі, што мы змагаемся не гвалтам, змагаемся мірна, змагаемся маральна. Гэтымі прынцыпамі карысталіся і «Малады фронт», і «Зубр», і «Бунт», і «Джынс», які мэтады Шарпа пераняў найбольш.

Дракахруст: Калі паглядзець гістарычна, самы клясічны выпадак супраціву па Шарпу — гэта гандызм. Але калі браць беларускую гісторыю, скажам, антырасейскія паўстаньні ХІХ стагодзьдзя ўсе былі гвалтоўныя, беларуская чырвоная партызанка часоў Другой сусьветнай вайны таксама была гвалтоўная. Дык можа проста беларусы не індусы?

Вячорка: Беларусы не індусы, а тэорыя Шарпа не ўнівэрсальная. Тое, што адбывалася ў сярэднявеччы, ў Новы час, у ХІХ стагодзьдзі нельга пераносіць на наш час. Тэорыя Шарпа ўзьнікла ў тым ліку на аснове амэрыканскіх антываенных рухаў. Сам Шарп браў удзел у пратэстах супраць вайны ў Віетнаме. Гэтая тэорыя першапачаткова мае лявацкі характар. Але вялізная ідэйная перавага ў тым, што яна мае на мэце стварыць мірны характар процістаяньня паміж уладамі і грамадзтвамі. Яно мае на мэце выхаваць больш паслухмянага, адказнага як пратэстоўца, так і чыноўніка. Мы кіруемся тэорыяй Шарпа не таму, што мы падтрымліваем яго ідэялёгію ці яго погляды, а менавіта таму, што мы ня хочам крыві ў нашай дзяржавы. І гандызм менавіта гэтым падобны да шарпаўскіх тэорыяў.

Тэст дзясятых гадоў для тэорыі Шарпа

Дракахруст: Аксамітныя рэвалюцыі мінулага стагодзьдзя ў Цэнтральнай Эўропе і ў СССР, каляровыя рэвалюцыі нулявых ХХІ стагодзьдзя даволі добра ўкладаліся ў тэорыю Шарпа. Сэрбія −2000 год, Грузія — 2003 год, Украіна — 2004 год, там усё было па падручніку Шарпа як па нотах, як той казаў. Ну а потым прыйшлі дзясятыя.

Ужо кіргіская рэвалюцыя 2010 году была значна менш «аксамітнай», чым рэвалюцыя 2005 году. А ў 2011-м пачалася «арабская вясна». Там з негвалтоўнасьцю ўсё наагул атрымалася кепска. У Лібіі і Сірыі справа дайшла да грамадзянскай вайны. Ну і нарэшце ўкраінскі Эўрамайдан 2013-2014 гадоў таксама пачынаўся мірна, аднак «кактэйлі Молатава», якія там зьявіліся пазьней, канцэпцыі негвалтоўнага пратэсту неяк ня ў поўнай ступені адпавядалі, мякка кажучы.

Ужо кіргіская рэвалюцыя 2010 году была значна менш «аксамітнай», чым рэвалюцыя 2005 году.

У дзясятыя гады ХХІ стагодзьдзя сьвет вярнуўся да рэвалюцыйнай клясікі, якая стагодзьдзямі была гвалтоўнай. Насуперак парадам і развагам Шарпа эгіпецкія, лібійскія, украінскія рэвалюцыянэры ўжывалі гвалтоўныя дзеяньні, але сталі ня мёртвымі героямі, прынамсі ня ўсе мёртвымі, але і героямі-пераможцамі. Дык можа тэорыя Шарпа проста састарэла па меншай меры як канцэпт, а не адно набор прыёмаў барацьбы?

Я ня бачу ніякай сурʼёзнай зьмены глябальных трэндаў.

Шрайбман: Я ня думаю, што яна састарэла, бо яна ж не аб тым, якія шляхі рэвалюцыі працуюць, а якія не працуюць. Яна аб тым, як тэхнічна зладзіць мірную рэвалюцыю. Шарп не пісаў аб тым, што больш-менш гвалтоўныя паўстаньні не працуюць. Па-мойму ён нават прыводзіў прыклады таго, калі падобныя сцэнары спрацоўвалі.

Проста ён, як і большасьць камэнтатараў, палітыкаў, аналітыкаў, экспэртаў, ня хоча быць адвакатам гвалту. Таму ён і сканцэнтраваўся на негвалтоўнай барацьбе. Я ня бачу ніякай сурʼёзнай зьмены глябальных трэндаў. Сапраўды, ў 2010-х было больш гвалтоўных рэвалюцыяў, хаця ня ўсе зь іх атрымаліся. У той жа Сірыі скінуць Асада не атрымалася, у тым ліку дзякуючы ўмяшальніцтву Расеі. У Лівіі я таксама не ўпэўнены, што атрыманы вынік можна назваць перамогай, бо вынік гэтай перамогі ў Лівіі не дастаўся нікому.

Дракахруст: Але дыктатурай яна перастала быць, таму мэта была дасягнутая.

Шрайбман: Яна перастала быць дзяржавай у прынцыпе ў нейкім сэнсе. Яны сапраўды выгналі гаспадароў дому, але спалілі пры гэтым увесь дом. Гвалт у рэвалюцыі часьцей зьяўляецца не як нейкі самастойны, аўтаномны выбар рэвалюцыянэраў. Гэта хутчэй масавы адказ на той градус барацьбы, якая вядзецца ўладай. Калі ўлада гатова падаўляць пратэсты гвалтам, то пасьля, калі ў пратэстоўцаў хапае сілаў і энэргіі, пратэстоўцы адказваюць сваім гвалтам.

Я нагадаю, што ўмоўныя лідэры ўкраінскай рэвалюцыі — Цягнібок, Яцэнюк і Клічко — адмаўлялі радыкальныя сцэнары, яны як раз былі за перамовы.

Вельмі рэдка пратэсты пачыналіся з нейкага сьвядомага, сплянаванага гвалту. Таму ў 2010-ыя гады мы пабачылі, што тыраны, дыктатары ад Украіны да Лібіі, аказаліся гатовыя адказваць жорсткай і брутальнай сілай на мірныя пратэсты, што ў некаторых месцах выклікала бурную рэакцыю ў пратэстоўцаў, а ў некаторых — не. У некаторых месцах гэтая рэакцыя была пасьпяховай і дыктатараў выгналі.

Я нагадаю, што ўмоўныя лідэры ўкраінскай рэвалюцыі — Цягнібок, Яцэнюк і Клічко — адмаўлялі радыкальныя сцэнары, яны як раз былі за перамовы. І калі бы яны прымалі рашэньні аб ходзе рэвалюцыі і кантралявалі сытуацыю, магчыма, усё было бы зусім інакш, чым яно пайшло. Рашэньні прымаюцца часьцей не на ўзроўні сьвядомага выбару лідэраў, а на ўзроўні спантаннай народнай рэакцыі, якую лідэры ў сваю чаргу могуць накіраваць, утрымаць ці наадварот распаліць.

Таму пытаньне аб тым, састарэла тэорыя Шарпа ці не, мне здаецца, не зусім дакладнае. Як пакавае практыка, усё менш і менш, асабліва ў апошнія гады, пратэстоўцы кіруюцца сцэнарамі мірнай барацьбы, а аддаюць перавагу (ці так складваецца) гвалту ў адказ на гвалт.

Дракахруст: Францішак, Арцём кажа, што Шарп не адмаўляў, што бываюць і гвалтоўныя рэвалюцыі, гэта не яго адкрыцьцё. Але ўсё ж такі ў нулявыя гады працэсы адбываліся паводле яго схемы, у дзясятыя гады нават пераможныя рэвалюцыі пераважна ўжывалі гвалт. Дык можа тэорыя састарэла?

Вячорка: Я пагаджуся. Я лічу, што тэорыя Шарпа патрабуе перагляду. Факт, што рэжымы па ўсім сьвеце навучыліся нэўтралізоўваць негвалтоўны супраціў. Нават у Беларусі заклікі да байкоту, за які так агітаваў Шарп, сталі па-за законам. Таксама ўлада прыняла закон супраць маўклівых акцыяў пратэсту. Ну і таксама важны факт, што міжнародная супольнасьць стала менш чуйнай да гвалту з боку дыктатарскіх дзяржаваў, усё больш гучаць заявы, што «гэта ўнутраныя справы краіны, мы ня ўмешваемся».

І, безумоўна, гвалту стала больш, і ён стаў непрапарцыйны мірным пратэстам. І Эўрамайдан, і лібійскае паўстаньне пачыналіся з мірных пратэстаў. Лібійскае паўстаньне пачалося з мірнага Дня Гневу, і толькі калі расстралялі 13 чалавек, якія сьпявалі песьні і трымалі плякаты, толькі тады дэманстранты ўзброіліся. Кадафі ўзброіў сваіх паліцыянтаў, а Януковіч адправіў «Бэркут» зьбіваць студэнтаў. Калі гэта адбылося — шарпаўская тэорыя перастала быць актуальнай.

І, безумоўна, гвалту стала больш, і ён стаў непрапарцыйны мірным пратэстам.

Тады дэманстранты таксама ўзброіліся і пачалі бараніць сябе. Што тычыцца характару — трэба разумець, што ў Шарпа ўсё, дзе стасуецца сіла, гэта гвалт, і ён супраць гэтага. Разьбіваць шкло ў доме ўраду ў Беларусі — гэта ўжо быў гвалт, і гэта дало падставы ўлады да масавага разгону.

Межы гвалту і негвалтоўнага супраціву

Дракахруст: А што ёсьць гвалт? Зразумела, што калі дэманстрант страляе ў паліцэйскага ці паліцэйскі ў дэманстранта — гэта гвалт. Але ёсьць пэўная «шэрая» зона паняцьця: бойкі з паліцыяй, кіданьне камянёў у паліцыю, штурханіна з паліцыяй, захоп будынкаў — гэта ўсё гвалт? Трэба сказаць, што падобныя рэчы адбываюцца падчас дэманстрацый па ўсім сьвеце, у тым ліку і дэмакратычных краінаў.

Вячорка: Падпальваць будынкі банкаў, разьбіваць шкло дамоў ураду — гэта гвалт. А вось пляскаць у далоні альбо ісьці добраахвотна ў аўтазак — гэта негвалтоўны супраціў. Закідваць дымавымі шашкамі ці прарываць кардоны АМАПу — гвалт, а альтэрнатыўныя выбары 1999 году ці той жа байкот, альбо тачка гною ад Алеся Пушкіна пад рэзыдэнцыю прэзыдэнта — негвалтоўны супраціў.

Калі Шарп пісаў сваю кнігу-падручнік, аўтарытарныя рэжымы ў бальшыні дзяржаваў ня ведалі, як адказваць на гэтыя дзеяньні. Аднак потым яны пачалі ўводзіць заканадаўчыя абмежаваньні, дэлегітымізаваць шарпавыя мэтады. Мэтады Шарпа збольшага маюць сымаблічны характар. І яны выкарыстоўваюцца беларускай апазыцыяй штодзень, такія як вывешваньне беларускіх сьцягоў, масавыя малітвы, дэманстрацыя партрэтаў зьніклых. Нават кампанія вышыванак — гэта таксама негвалтоўны супраціў. Забараніць вышыванку ўлада ня можа, таму пачала яе асвойваць, каб зьнішчыць сымболіку.

Дракахруст: Арцём, а па-вашаму, дзе праходзіць мяжа? Што ёсьць гвалт, а што не зусім гвалт ці дапушчальны гвалт?

А біць шкло, біцца з паліцыяй — гэта ўсё гвалт.

Шрайбман: Шарп, сярод сваіх 198 спосабаў негвалтоўнага супраціву, называе некаторыя, якія стаяць блізка да мяжы. Гэта зьнішчэньне сваёй уласнасьці, напрыклад, спаліць сваю машыну, калі гэта не шкодзіла іншым, і блякаваньне дарогаў. Калі можна блякаваць дарогі і гэта лічыцца негвалтоўным супрацівам, то я ня бачу асаблівага гвалту ў тым, каб без учыненьня шкоды дзяржаўнай уласнасьці яе блякаваць. Уласна кажучы, па Шарпу заняць нейкую ўрадавую ўстанову без шкоды ані будынку, ані людзям, будзе таксама негвалтоўным супрацівам.

А біць шкло, біцца з паліцыяй — гэта ўсё гвалт. Іншай градацыі, чым страляць, але тым не менш гвалт. Апраўданы ці не апраўданы — гэта пытаньне вельмі асабістае для кожнага пратэстоўца і апазыцыйнага лідэра, і як правіла, гэтыя маральныя межы праводзяцца ў самім працэсе. Тое, што ўчора была недапушчальна маральна, заўтра другі бок палічыць для сябе ўжо маральным. Гэта ўжо вельмі хісткія і гнуткія матэрыі.

Адзінае, што нават калі супрацьстаяньне прыходзіць да сытуацыі ўзброенага ўнутранага канфлікту, грамадзянскай вайны, як юрыст міжнароднік, я не магу сказаць, што ўсе рамкі зьнятыя. Ёсьць нормы міжнароднага гуманітарнага права, якое дзейнічае для ўнутраных канфліктаў. І такія рэчы, як забойствы палонных, зьдзекі з людзей, катаваньні, у любой сытуацыі застаюцца па-за межамі як міжнароднага закону, гэтак і маральных нормаў, нават калі сытуацыя выйшла за межы негвалтоўных дзеяньняў.

Беларускі пратэст паводле Шарпа ці паводле Трыпалі

Дракахруст: Ну а зараз вернемся да Беларусі. У будучыні гіпатэтычны сцэнар пераменаў з удзелам вуліцы — ён будзе паводле Шарпа ці паводле досьведу дзясятых ад Кіеву да Трыпалі? З улікам таго, што беларуская ўлада і ў 2006-м, і ў 2010-м паказала, што будзе ўжываць гвалт.

Група пратэстоўцаў ня зможа проста прыйсьці і захапіць нейкую казарму, захапіць зброю.

Шрайбман: Ніводзін з гэтых двух. Я думаю, што калі беларускія пратэсты ня будуць адыгрываць вырашальную ролю, яны могуць быць другаснымі фактарамі, фонам, ускосным чыньнікамі. Каб не дапусьціць пратэсту, будуць прымацца тыя ці іншыя рашэньні. Пратэсты могуць быць нябачным фактарам ціску. І каб іх пазьбегнуць, улады, альбо групы ўзьдзеяньня ва ўладзе, могуць мяняць свае паводзіны.

Але я ня бачу, прынамсі ў бліжэйшыя 5-10 гадоў, магчымасьці для апазыцыі перамагчы, гвалтоўным ці негвалтоўным шляхам, сілу ўсяго дзяржаўнага апарату. Таму што ёсьць абсалютны і відавочны дысбалянс сілаў. Акрамя таго, у адрозьненьні ад большасьці краінаў, дзе гвалтоўныя ці негвалтоўныя пратэсты перамагалі, у Беларусі ёсьць маналітная улада, і што самае галоўнае, бюракратычная эфэктыўнасьць улады. Гэта значыць, загады выконваюцца, зброя кантралюецца. Група пратэстоўцаў ня зможа проста прыйсьці і захапіць нейкую казарму, захапіць зброю.

Я не люблю спасылкі на мэнталітэт, я хутчэй схільны называць гэта палітычнай культурай, але ў беларускай палітычнай культуры ёсьць абсалютна іншыя адносіны да ўлады, чым, скажам, ва Ўкраіне, і ў многіх іншых краінах, дзе рэвалюцыя атрымалася. У Беларусі ёсьць упэўненасьць у сакральнасьці ўлады і схільнасьць да выкананьня законаў, хай і несправядлівых.

Я не бачу шанцаў для рэвалюцыйных сцэнароў у Беларусі. Нам гісторыя падкідвае шмат розных сюрпрызаў, і на 100% мы нічога выключыць ня можам. Але сцэнары ўнутрыэлітнага расколу, ці фізычнага старэньня лідэра ці проста натуральнай зьмены ўлады па ўзросьце, значна больш імаверныя для Беларусі, чым вулічныя.

Дракахруст: Францішак, а якія сцэнары вам падаюцца больш праўдападобнымі?

Галоўная задача для апазыцыі — прывесьці краіну да дэмакратычных пераменаў мірным шляхам і не дапусьціць паўтарэньня ўкраінскага сцэнару.

Вячорка: Я ведаю, што ўнутрыэлітнага расколу не адбудзецца, калі ня будзе вуліцы. Як не было б бязь вуліцы незалежнай Беларусі. Беларускі рэжым не такі маналітны, як яго малююць. І я думаю, што сілавыя структуры не настолькі адданыя Лукашэнку, як нам збоку падаецца. Гэтаксама, як і няма моцнага ідэалягічнага «клею» паміж рознымі інстытутамі гэтага рэжыму. Таму ўсё можа адбывацца вельмі нечакана і непрадказальна.

Галоўная задача для апазыцыі — прывесьці краіну да дэмакратычных пераменаў мірным шляхам і не дапусьціць паўтарэньня ўкраінскага сцэнару. Але калі дзяржава ўжывае гвалт, народ мае права на паўстаньне Так ці інакш, тэорыя Шарпа патрабуе перагляду.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG