Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Коршунаў: У Беларусі адбываецца неймавернае — гэта прыклад усяму сьвету


Каля стэлы «Менск — горад-герой», 16 жніўня 2020 году.
Каля стэлы «Менск — горад-герой», 16 жніўня 2020 году.

Што адбываецца зь беларусамі апошнія паўгода? Ці скончыцца рэвалюцыя грамадзтва палітычнай перамогай? Калі гэта можа адбыцца? Якой будзе новая Беларусь — больш ці менш беларускай? Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе гаворыць сацыёляг, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў.

Сьцісла

  • Рэвалюцыя высьпявала даўно. Сярод яе прычын — урбанізацыя, паскарэньне зьмены пакаленьняў, рост адукацыі, інтэрнэтызацыя грамадзтва.
  • Беларусы пачалі ўсьведамляць, што нічога не перадвызначана, усё можна вырашаць і зрабіць самім.
  • Ператварэньне мэдыяпрасторы з вэртыкальнай у гарызантальную перамяніла яе ня толькі ў інфармацыйную, але і ў арганізацыйную. Узьнікла мноства гарызантальных сувязяў паміж людзьмі. Гэта мяняе іх дзейнасьць.
  • Беларусь апярэджвае заходнюю цывілізацыю на шляху інфармацыйнай, камунікацыйнай і сацыяльнай перабудовы, якую на Захадзе прадчувалі, але яшчэ нават не малявалі.
  • Будучая Беларусь будзе беларускай — і пад бел-чырвона-белым сьцягам, і пад Пагоняй, але зламаць усё і перабудаваць адразу — гэта водгуку ня знойдзе.
  • Тое, што адбылося, выводзіць на першае месца і нацыянальныя сымбалі, і нацыянальную мову, і нацыянальную гісторыю.
  • Памяркоўнасьць беларусаў ня тоесная талерантнасьці. Памяркоўны беларус доўга мяркуе. Калі ж меркаваньне выпрацавана, зьбіць беларуса з гэтага шляху вельмі цяжка.

Беларусы пачалі ўсьведамляць, што ўсё могуць зьмяніць яны самі

— Я зь вялікай увагай і цікавасьцю сачу за вашымі публікацыямі, у якіх вы апісваеце эвалюцыю беларускага грамадзтва з пункту гледжаньня тэарэтычнай сацыялёгіі. Адна з вашых высноваў палягае ў тым, што цяпер у Беларусі адбываецца гарызантальная сацыяльная рэвалюцыя. Пра гэта мы пагаворым пазьней. А першае пытаньне такое — ці стала для вас гэтая рэвалюцыя нечаканасьцю? Яна зьявілася зь ніадкуль у выніку памылак улады 2020 году ці ўсё ж у апошнія дзесяцігодзьдзі наша грамадзтва пакрыёма мянялася і высьпявала для рэвалюцыі?

— Зразумела, у грамадзтве нічога не адбываецца зьнянацку. Усё высьпявае, у тым ліку і рэвалюцыя, якая цяпер ідзе. Яна не адбылася, яна яшчэ адбываецца. І, як любы сацыяльны працэс, адбываецца хвалямі.

Ці былі раней знакі таго, што цяпер адбываецца? Так, былі. Я пераглядаў артыкулы, што пісалі калегі, і свае ўласныя тэксты — і ведаеце, было адчуваньне, што «нешта будзе». Было адчуваньне, што грамадзтва зьмянілася, і вельмі моцна — цягам апошніх дзесяці гадоў.

Генадзь Коршунаў
Генадзь Коршунаў

Але найбольш важкія зрухі адбываліся за апошнія пяць гадоў. Гэта вельмі доўгія трэнды. Можна казаць пра пашырэньне ўрбанізацыі. На сёньняшні дзень Беларусь — самая ўрбанізаваная краіны Ўсходняй Эўропы і адна з самых урбанізаваных краін ва ўсёй Эўропе. Чаму гэта важна? Па-першае, гэта зусім іншы побыт, зусім іншыя каштоўнасьці і сацыяльныя стандарты.

Па-другое, гэта паскарэньне зьмены пакаленьняў. І гэта ня толькі тое, што людзі старэйшага веку адыходзяць. Тут наогул істотная зьмена. Тэмпаральныя межы паміж пакаленьнямі, якія на пачатку ХХ стагодзьдзя складалі 25 гадоў, пасьля, у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя — 20 гадоў, цяпер скараціліся да 10 гадоў. Цяпер атрымліваецца, што ў актыўнай сацыяльнай фазе знаходзяцца некалькі пакаленьняў. А за кошт таго, што сацыяльная дынаміка і тэхналягічныя працэсы паскараюцца вельмі хутка, атрымліваецца так, што малодшыя пакаленьні займаюць больш значную пазыцыю ў грамадзтве, чым старэйшыя. Такога ў чалавецтва ніколі не было, каб маладыя вучылі старэйшае пакаленьне, як жыць у цяперашнім сьвеце.

Па-трэцяе, трэба казаць пра рост адукацыі грамадзтва. І ня толькі інстытуцыйнай, хоць паводле дадзеных апошняга перапісу, мае месца вялікі прырост колькасьці людзей з вышэйшай адукацыяй, з аднаго боку, а з другога — зьніжэньне колькасьці людзей з малой адукацыяй. Гэта азначае, што сярэдні ўзровень адукацыі значна вырас цягам апошніх дзесяці гадоў.

А да гэтага трэба дадаць і неінстытуцыйную адукацыю. Гэта калі людзі самастойна павялічваюць узровень сваіх кампэтэнцыяў. Прычым рознага кшталту — пачынаючы ад фінансавай і канчаючы кампутарнай ці інтэрнэтнай кампэтэнцыямі. Людзі, іх сацыяльны капітал і інтэлектуальны ўзровень растуць вельмі шпарка.

Яшчэ з такіх вялікіх тэндэнцый — рост прыватнага сэктару ў эканоміцы. На пачатак 2020 году доля працоўных месцаў, якая прыпадала на прыватны сэктар, складала каля паловы ад усіх занятых у эканоміцы. Палова! Больш за тое, да 60% экспарту прыпадае на прыватны сэктар. Атрымліваецца, што прыватныя арганізацыі больш эканамічна дзеяздольныя за прыватныя.

Рост прыватнага сэктару важны ня толькі для эканомікі. Гэта вялікія зрухі ў мэнтальнасьці чалавека. Калі ў дзяржаўнай эканоміцы мы атрымліваем зарплату, то ў прыватнай мы зарабляем. Людзі прызвычайваюцца працаваць.

За апошнія гады зьмянілася стаўленьне да бізнэсоўцаў. Калі раней яны былі крывапійцамі, то цяпер — не. Цяпер яны даюць працоўныя месцы. А калі мы выйдзем за межы Менску, у раёны, то ўбачым, што там вялікія праблемы з працоўнымі месцамі. А бізнэсоўцы даюць магчымасьць іншым зарабляць. Гэта вельмі значны зрух.

З другога боку, мае месца паступовы адыход уладаў ад канцэпцыі сацыяльнай дзяржавы. Гэта можна было назіраць цягам апошніх дзесяці гадоў ці нават болей. Выдаткі дзяржавы на сацыяльныя праекты зьніжаюцца. І хоць на дэкляратыўным узроўні пра гэта шмат гавораць, на справе гэтае зьмяншэньне відаць, і людзі яго адчуваюць.

Гэта значыць, што дзяржава пачала аддаляцца ад грамадзтва, яна пачала займацца сваімі справамі. І вось у такой сытуацыі людзі пачалі самі вырашаць свае пытаньні. І пры тым, вырашаць добра, і прызвычаіліся да гэтага. Гэта добра відаць на тым жа прыватным сэктары.

Плюс тэндэнцыя татальнай інтэрнэтызацыі. Тут я вылучаю тры этапы. Спачатку ў людзей зьяўляюцца кампутары, пасьля яны выходзяць у сеціва, а пасьля сеціва пасяляецца ў людзей у кішэні 24/7, як кажуць. Мы не даём сабе справаздачы, наколькі тэлефон з інтэрнэтам зьмяніў усё вакол — ад паўсядзённасьці да працы і нават да таго, як налета мы плянуем свае вакацыі.

Калі абагульняць, то можна сказаць, што да пачатку 2020 году наклаліся мінімум чатыры фазавыя пераходы з аднаго стану ў другі. Гэта тэхналягічны пераход, інфармацыйна-камунікацыйны, сацыяльна-палітычны і каштоўнасны.

А трыгерам, гэта значыць тым, што непасрэдна спусьціла кручок, стала сытуацыя з пандэміяй каранавірусу і тое, як на яе рэагавалі найвышэйшыя ўлады.

Таму можна сказаць так. Тое, што нешта высьпявае, мы адчувалі і бачылі. Але тое, што яно бахне — да 2020 году было невідавочна.

Беларусь апярэджвае заходнюю цывілізацыю на шляху інфармацыйнай, камунікацыйнай і сацыяльнай перабудовы

— Тое, што вы сказалі пра бізнэсоўцаў, пацьвярджаецца і папулярнасьцю Віктара Бабарыкі і тымі надзеямі, якія на яго ўсклалі беларусы, калі ён выставіў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары. І цяпер апытаньні паказваюць, што ён самы папулярны палітык Беларусі. У сваіх публікацыях вы пішаце, што ў нас у краіне адбываецца гарызантальная рэвалюцыя. Маглі б вы коратка назваць асноўныя прыкметы гарызантальнай рэвалюцыі ў беларускім грамадзтве?

— Я б яе разьбіў на два блёкі. Першы блёк каштоўнасны, другі арганізацыйны.

Што да каштоўнасьцяў, то, па-першае, гэта адыход ад «наканавальніцтва». Людзі пачалі ўсьведамляць, што нічога не перадвызначана, усё можна вырашаць. Па-другое, мае месца адыход ад патэрналізму, то бок не дзяржава мае ўсё вырашаць, а сам чалавек. І вось падзеі першай хвалі COVID-19 прывялі людзей да разуменьня, што яны могуць самі — не дзяржаўныя ўстановы, а самі людзі. Калі такое ўсьведамленьне прыходзіць, зьнішчыць яго практычна немагчыма. Той, хто пакаштаваў свабоды, хто пакаштаваў самаарганізацыі, хто адчуў сваю моц — арганізацыйную, камунікацыйную, інтэлектуальную — будзе так працаваць далей.

Другі момант — арганізацыйны. Калі мы гаварылі пра адыход ад сацыяльнай дамовы, то трэба разумець, што гэта такая вэртыкальная структура. Наогул, усе сацыяльныя і палітычныя структуры індустрыяльнага грамадзтва — прынцыпова вэртыкальныя. Таму што так і кіраваць у тую эпоху найбольш эфэктыўна. Але цяпер гэтая вэртыкаль пачала размывацца.

Гэта добра відаць па мэдыяпрасторы. Раней яна таксама была вэрыткальная. І вось што атрымалася цягам апошніх дзесяці гадоў, прынамсі апошнія тры гады — гэта ўжо норма. Дзяржаўная сыстэма СМІ робіцца другаснаю. А на першае месца выходзіць магутная сеткавая сыстэма, калі няма галоўных. Цяпер СМІ шмат, і яны ўтвараюць гарызантальную сыстэму. Чалавек ня толькі сам выбірае, але і ўдзельнічае. Гэта шыкоўная рэч для стратэгічнай пэрспэктывы, але і апэратыўна яна ўжо выканала сваю ролю. Як мы ведаем, новыя мэдыя — гэта ня толькі мэдыя, гэта і спосаб камунікацыі. Перш за ўсё ў варыянце мэсэнджараў.

Раней было так: сыгнал зьверху, зваротная сувязь, зноў сыгнал зьверху і г. д. А цяпер сыгналы ідуць безь перапынку, тыя ж самыя 24/7. І ня толькі сыгналы ідуць. Ідзе арганізацыя ў суполкі. Паводле тэрытарыяльнага прынцыпу, суседзкія чаты, тыя ж карпаратыўныя або цэхавыя чаты паводле прафэсійнай прыкметы, паводле інтарэсаў і хобі — аўтамабілісты, раварысты і так далей. Ёсьць і агульнанацыянальныя суполкі. Колькасьць сувязяў, зь якімі чалавек працуе, атрымлівае інфармацыю і робіць нешта сваё, за апошні час, нават за апошні год, вырасла на парадкі.

У 2020 годзе аказалася, што гэтыя сувязі — ня проста інфармацыйныя, яны сталі арганізацыйнымі. Яны ня проста мяняюць нешта ў карціне сьвету, яны мяняюць дзейнасьць. Можна аказаць, што гэтая інфармацыйна-камунікацыйная повязь на шмат якіх узроўнях павязала аднаго чалавека з мноствам іншых. Гэтая камунікацыя стала ствараць новыя сацыяльныя інстытуцыі. Пакуль мы ня можам гаварыць пра сталыя інстытуты, але інстытуцыі ўжо дакладна ёсьць.

І тут паўстае пытаньне — ці не за гэтымі інстытуцыямі будучыня? Бо тыя базавыя пераходы, пра якія я казаў, гэта пераходы ў сацыяльнай арганізацыі. Можна казаць, што нараджаецца новая сацыяльнасьць. Гэта наогул фантастычная рэч, за якой цікава назіраць і ў якой вельмі цікава ўдзельнічаць як аналітыку.

У мяне ёсьць думка, што цікавасьць суседзяў да беларускіх падзей вынікае, у тым ліку, з таго, што яны адчуваюць, што ў нас робіцца нешта неймавернае, нават незразумелае. Яны да гэтага ідуць вельмі паступова. Заходняя цывілізацыя наогул больш гарадзкая. А мы адразу стрэлілі з 1950-х гадоў. І у такіх станах і з такіх цывілізацыйных рэчаў Беларусь пераходзіць і выстройвае свой шлях, што, я ўпэўнены, мы апярэджваем заходнюю цывілізацыю на шляху інфармацыйнай, камунікацыйнай і сацыяльнай перабудовы, якую яны прадчувалі, але яшчэ нават не малявалі. І таму яны не разумеюць, як беларусы на гэта выходзяць.

«Беларусь будзе беларускай. Яна мае быць беларускай, і будаваць яе маюць усе беларусы»

— Вось вы фармулюеце, што гарызантальная рэвалюцыя ў Беларусі ідзе ў чатырох плашчынях — нацыянальнай, сацыяльнай, грамадзянскай і палітычнай. Мяне асабіста найбольш цікавіць нацыянальны аспэкт таго, што адбываецца. Людзі раптам пачалі ганарыцца тым, што яны беларусы. Як вы лічыце, беларуская мова, беларускія сымбалі, беларуская гісторыя і культура сталі бліжэйшымі людзям? Якую пэрспэктыву беларушчыне можна прадказаць, зыходзячы з падзеяў апошняга году? Будучая Беларусь будзе больш беларускай, такой самай, як цяпер, ці менш беларускай?

— Безумоўна, Беларусь будзе беларускай.

Кожная краіна ўнікальная, але тут трэба разумець, што Беларусь пройдзе вельмі не клясычны шлях пабудовы грамадзтва.

У нас і раней так было. Мы ведаем, што спачатку ў БССР было чатыры дзяржаўныя мовы. Мы ведаем, што Беларусь — поліканфэсійная краіна. Мала хто ведае, але Беларусь мае і вельмі моцны паганскі пласт, які накрывае шмат што з канфэсіянальных рэчаў. Усё гэта доўгі час раней жыло і віравала пад цяжарам іншаземных адміністрацый.

Адно са словаў, якое, на маю думку, вельмі добра фіксуе адметнасьць беларускай культуры і беларукай нацыі, — гэта памяркоўнасьць. Я заўсёды кажу, што пераклад гэтага слова як талерантнасьць не працуе. «Памяркоўны» чыста лінгвістычна паходзіць ад дзеяслова меркаваць. Што значыць меркаваць? Гэта выпрацоўваць сваё меркаваньне, сваю думку.

Таму беларусы ня тое што вагаюцца — яны могуць узяць паўзу, каб падумаць. Беларусу хуткія, радыкальныя рэчы не падабаюцца. Але калі нейкае меркаваньне выпрацавана, зьбіць беларуса з гэтага шляху ўжо даволі цяжка.

Калі цяпер думаць, што новая Беларусь будзе монанацыяналістычнай, то гэта ня вельмі добрая ідэя. За стагодзьдзі, калі побач жылі беларус, паляк, літовец, украінец, расеец, калі побач жылі пратэстанты, каталікі, праваслаўныя, яўрэі, мусульмане — яны жылі, паважаючы адзін аднаго. Вось адкуль тая памяркоўнасьць. Перш чым нешта сказаць, падумай, бо можаш зачапіць некага — сябра, суседа. Таму асьцярожнасьць і павагу да іншага, да таго, хто размаўляе на іншай мове або моліцца таму самаму Богу, але па-іншаму, парушаць нельга.

Таму я думаю, што Беларусь, безумоўна, будзе беларускай і пад бел-чырвона-белым сьцягам, і пад Пагоняй, але зламаць усё і перабудаваць адразу — гэта водгуку ня знойдзе.

Беларусь мае быць беларускай, і будаваць яе маюць усе беларусы.

Вось у чым мне бачыцца памылка старой апазыцыі і прэзыдэнта. Яны ўзялі на сябе функцыі галоўных суб’ектаў, сказалі: «Мы ведаем, як трэба. Трэба будаваць так, так і так». І адзін казаў, і другія казалі. Не. Гэта вэртыкальная мадэль. Раней нехта мог сказаць: «Рабіце так», і інфармацыя ішла ўніз. Яно тады не спрацавала, а цяпер тым больш не спрацуе.

Цяпер Беларусь ужо выбудоўваецца зьнізу. Гэта будзе вельмі складаны працэс, я ня ведаю, зь якіх складнікаў і чыньнікаў ён будзе будавацца, але тое, што адбылося, ужо выводзіць на першае месца і нацыянальныя сымбалі, і нацыянальную мову, і нацыянальную гісторыю.

І тут трэба паводзіцца вельмі памяркоўна, трэба ісьці ад людзей, каб даваць інфармацыю, даваць меркаваньні, даваць абгрунтаваньні, але каб людзі будавалі самі. Гэта прынцыповая рэч.

Беларусы цяпер прабіваюць шлях ня толькі для сябе

— Давайце пагуляемся ў фармулёўкі. У 2020 годзе шмат хто выказаўся на тэму эвалюцыі беларускай нацыі. Казалі і пісалі, што яна закончыла фармаваньне, што яна дафармавалася, дафармоўваецца, уступіла ў фінальную стадыю разьвіцьця і т. д. На ваш погляд сацыёляга, ці існуе сёньня беларуская нацыя? Ці існавала яна 10, 20 або 30 гадоў таму? У чым адрозьненьне?

— Безумоўна, беларусы былі, ёсьць і будуць. Яны былі і раней за БНР, і раней за БССР. Але 2020 год — гэта год фазавага пераходу. Мы выходзім на абсалютна новы ўзровень самаасэнсаваньня, на новы ўзровень ідэнтычнасьці.

Да 2020 году сэнсы, якія і звонку, і зьверху ўкладаліся ў нацыянальны дыскурс, малявалі беларусаў віктымнай нацыяй — і там мы былі ахвярай, і тут у нас не атрымалася, мы былі, але ўвесь час пад ярмом, і вось толькі нядаўна неяк вылучыліся.

Але ў 2020 годзе адбылося пераасэнсаваньне на такім эмацыйным узроўні і на такім усеагульным ахопе (хоць і не на 100%, бо так ніколі нічога не бывае), што перавярнула той нэгатыўны досьвед і перабудавала імідж беларусаў. Калі раней беларус — гэта гаротны мужык, то цяпер быць беларусам вялікі гонар.

Таму я б казаў пра выхад нацыянальнай сьвядомасьці на новы ўзровень і перабудову на субстанцыянальным узроўні. І ня толькі для сябе. Вядома, трэба размаўляць з суседнімі калегамі пра тое, як яны нас бачаць. Але я ўсё ж падазраю, што мы цяпер — і гэта вельмі цяжкі, пакутны шлях — але з пункту гледжаньня нацыянальнай ідэі, сьцьвярджэньня нацыі, мы прабіваем шлях ня толькі для сябе.

«Вэртыкаль пакуль ёсьць. Але крок наперад — і ёй ужо няма месца»

— І нарэшце пытаньне прагнозу. Гарызантальная рэвалюцыя і новае грамадзтва, якое ўзьнікае ў яе выніку, павінны непазьбежна, з пункту гледжаньня навукі і практыкі гісторыі, прывесьці да дэканструкцыі вэртыкальнай сыстэмы — гэта значыць, наяўнага палітычнага рэжыму. Я не пытаюся ў вас, калі гэта адбудзецца, ёсьць жа яшчэ і вонкавыя фактары, якія таксама могуць прысьпешыць ці запаволіць працэс. Але, з пункту гледжаньня навукі, як доўга могуць суіснаваць дзьве такія чужародныя сілы — новая гарызанталь і старая вэртыкаль?

— Гэта вельмі цяжкае пытаньне. Тут сапраўды вельмі шмат чыньнікаў, якія ня вельмі ад нас залежаць. Але дакладна можна сказаць, што гістарычная і сацыяльная дынаміка на баку гарызанталі. І тое, што гарызанталь зьявілася, — гэта вынік разьвіцьця, якое цягнулася дзесяцігодзьдзямі.

Вэртыкаль у тых абставінах, якія складваюцца цяпер, нежыцьцяздольная. І тут наогул цікава. Вэртыкаль была здольная так доўга існаваць толькі таму, што беларусы як нацыя чакалі.

Мне прыйшла думка (і яна мяне не адпускае), што беларусы — гэта не індустрыяльная нацыя. Беларусы — гэта нацыя постмадэрнісцкая. Мадэрн карэлюецца з індустрыяльным грамадзтвам. Беларусы — гэта ўнутрана дывэрсыфікаванае грамадзтва, шматканфэсійнае, шматнацыянальнае, але яно мела повязь. Пры ўсё сваёй адрознасьці і спэцыфічнасьці гэта былі людзі, якіх яднала Беларусь, якіх яднала зямля. І ўсё роўна гэта было сеціва.

І вось цяпер зьявілася арганізацыйная і камунікацыйная падстава, якая змагла даць постмадэрнізму беларусаў інструмэнт і повязь паміж вельмі рознымі беларусамі — што ў самой Беларусі, што ў замежжы. Гэтая повязь змагла зьнітаваць нас усіх і зьяднаць перад абліччам экзыстэнцыяльнага выкліку COVID-19 і гвалту жніўня 2020 году. Гэтая повязь змагла нас усіх зьляпіць, падняла нас і паказала нам самім і ўсяму сьвету, хто мы. Яна ж зьнітавала нас з усім сьветам.

Таму так, вэртыкаль пакуль ёсьць. Але крок наперад — і ёй ужо няма месца. Проста няма месца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG