Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надышоў час пісаць слова «Беларус» зь вялікай літары


Марш Справядлівасьці ў Менску, 20 верасьня 2020 году
Марш Справядлівасьці ў Менску, 20 верасьня 2020 году

Пасьля падзеяў апошніх трох дзён у Беларусі і новай хвалі гвалту супраць беларускага народу з боку сілавых структур, дрэнна сьпіцца.

У сёньняшнюю бяссонную ноч мне падумалася, што пакуль большасьць з нас сьпіць або бяссонна варочаецца ў сваіх ложках, прыблізна паўтары тысячы беларусаў, часта ў нялюдзкіх умовах, знаходзяцца ў турмах паводле крымінальных або адміністрацыйных справаў.

Гэтыя людзі зьняволеныя толькі за тое, што хацелі лепшай будучыні для сябе і свайго народу. Іншыя тысячы беларусаў ужо прайшлі праз гвалт, катаваньні, турмы і зьнявагу за тое ж. А некаторыя былі забітыя або зьніклі бязь вестак. І гэта толькі рэальнасьць нашага часу. За плячыма народу ў гісторыі — сотні тысяч і мільёны ахвяраў.

Жорстка затрыманыя і зьбітыя беларусы — удзельнікі Маршу Годнасьці ў Менску, 11 кастрычніка 2020 году
Жорстка затрыманыя і зьбітыя беларусы — удзельнікі Маршу Годнасьці ў Менску, 11 кастрычніка 2020 году

Гэта — страшная цана нашай будучай свабоды. Ня мы адны яе плацім. Часам яна бывае і больш страшнаю, шмат якія народы за свабоду ваявалі, многія яе так і не здабылі.

Тым ня менш, насуперак усяму, што рабілася ў краіне апошнія 26 гадоў, наш народ нечакана для вонкавых назіральнікаў вырас і ператварыўся ў нацыю. І цяпер нацыя беларусаў патрабуе свабоды, дэмакратыі і павагі да сябе.

Зьявіліся і парасткі самапавагі. Нельга не заўважыць, як незалежныя сайты і ТГ-каналы апошнія гады і асабліва месяцы пачалі з гонарам па-расейску пісаць слова «беларус» праз «а» замест расейскага «белорус» ці «белорусс». У гэтым праяўляецца рост нацыянальнай сьвядомасьці і самапавагі.

І вось сёньня ноччу раптам падумалася — чаму мы пішам слова «беларус» з малой літары? Ці нашы героі і пакутнікі не заслугоўваюць на тое, каб называць іх Беларусамі?

Калі вы спытаецеся ў філёлягаў, чаму нашы суседзі палякі, чэхі, славакі пішуць назвы сваёй нацыянальнасьці і назвы іншых нацыянальнасьцяў зь вялікай літары, яны адкажуць, што за гэтым няма ніякага ідэалягічнага зьместу — проста прыраўноўваюць назвы нацыянальнасьцяў да ўласных назоўнікаў.

Але я бачу за гэтым больш глыбокі нацыянальна-гістарычны і сымбалічны зьмест.

Калі ведаеш гісторыю доўгага і цяжкага змаганьня палякаў або чэхаў за свае нацыянальныя дзяржавы, сваю культуру і мову ў апошнія 150 гадоў, пра іх тытанічныя высілкі і ахвяры (асабліва польскія) — то зусім па іншаму глядзіш на іх рашэньне пісаць Паляк, Чэх, Славак, Немец, Амэрыканец, Расеец і т. д.

У гэтым ёсьць прызнаньне і павага да нацыянальнай годнасьці кожнага народу, які прайшоў праз стагодзьдзі і захаваўся насуперак, часьцей за ўсё, неспрыяльнаму лёсу і гістарычным абставінам. Гэта — павага да сябе і да іншых.

Недарэмна, у большасьці разьвітых моваў, якія прадстаўляюць высокаразьвітыя старыя культуры, назвы нацыянальнасьцяў пішуцца зь вялікай літары — гэтак робяць ангельцы і амэрыканцы, немцы, французы, галяндцы, грэкі, ірляндцы, шатляндцы, а таксама альбанцы, туркі, усе славянскія народы, за выключэньнем трох усходнеславянскіх народаў і баўгараў, і іншыя.

Тым больш гэта патрэбна беларусам, якіх стагодзьдзямі пераконвалі ў тым, што яны частка трыадзінага расейскага народу, і якіх апошнія 26 гадоў пераконваюць, што яны з расейцамі «адзін народ» ці «расейцы са знакам якасьці».

Дадатковы плюс у тым, што традыцыя такая ў беларусаў ужо ёсьць. Беларуская эміграцыя ў ХХ стагодзьдзі ўсьлед за палякамі пісала ў сваіх пэрыядычных і навуковых выданьнях назвы нацыянальнасьцяў зь вялікай літары.

Кастусь Каліноўскі больш за пяцьдзесят разоў у сваіх тэкстах выкарыстаў уведзенае ім ва ўжытак паняцьце народнай праўды, праўды беларуса. «Ты, народзе вялікі і чэсны, праўдай ім адкажы», — пісаў ён. Пасьля і Янка Купала згадаў пра тую праўду і сфармуляваў яе так: «Людзьмі звацца».

Пахаваньне Мікіты Крыўцова ў Маладэчне. Удзельніка акцый пратэсту не маглі знайсьці дзесяць дзён, ягоная сьмерць застаецца загадкавай. 25 жніўня 2020 году
Пахаваньне Мікіты Крыўцова ў Маладэчне. Удзельніка акцый пратэсту не маглі знайсьці дзесяць дзён, ягоная сьмерць застаецца загадкавай. 25 жніўня 2020 году

Няўжо тысячы беларусаў, што загінулі ў высылках і турмах за апошнія 150 гадоў, ня вартыя таго, каб назваць іх Беларусамі? Няўжо Аляксандар Тарайкоўскі, Мікіта Крыўцоў або Генадзь Шутаў ня вартыя гэтага?

Думаю, вартыя. Варта пачынаць пісаць слова «беларус» зь вялікай літары.

У гэтым будзе прызнаньне нашага доўгага і пакутнага шляху за права «людзьмі звацца». Права Беларусаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не канечне адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG