Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не ўяўляю, як Беларусь цяпер можа паехаць на „Эўравізію“». Naviband пра новую песьню і рэальную культуру ў падпольлі


Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук выступаюць на «Эўравізіі» у 2017 годзе.

Музыкі Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук расказваюць пра новую кампазыцыю Naviband «Сьнег».

Удзельнікі конкурсу «Эўравізіі» ад Беларусі (2017) выказваюць сваё стаўленьне да ўдзелу Белтэлерадыёкампаніі ў «Эўравізіі» на тле беспрэцэдэнтнага гвалту ў краіне, а таксама гавораць пра тое, што ў Беларусі ўсім музыкам, нягледзячы на нэўтральнасьць, трэба абраць, на якім яны баку.


«Сьнег паставіў усё на паўзу»

12 лютага адбылася прэмʼера песьні Naviband «Сьнег» (музыка — Ксенія Жук, словы — Арцём Лукʼяненка і Ксенія Жук).

Арцём Лукʼяненка: «Сьнег паставіў усё на паўзу», такія словы там ёсьць. Песьня адпавядае нашаму цяперашняму настрою. Ён крыху сумны, але з надзеяй. Калі мы працавалі над песьняй, выпадкова запісаліся мае словы «Усё ў нас будзе». І мы вырашылі гэта пакінуць. Гэта частка песьні, пазла, частка надзеі, якія ёсьць у кампазыцыі «Сьнег».

Музыкі некаторы час жылі і працавалі ў Польшчы, цяпер вярнуліся ў Беларусь.

Ксенія Жук: «Цяпер складаны час і з пандэміяй, і з палітычнай гісторыяй. Мы ў такім стане, што не абмяжоўваем сябе нейкім часам і месцам. Гэта вельмі крута. Цяпер хочацца вельмі шмат працаваць над песьнямі, новым матэрыялам. Думаем пра іншыя калябарацыі, якія мы можам зрабіць».

Паводле музыкаў, творчасьць дапамагла ім выйсьці зь цяжкага псыхалягічнага стану, зьвязанага з сытуацыяй у краіне.

Арцём Лукʼяненка: «Маральна стала так цяжка, што немагчыма было спаць па начах, былі панічныя атакі, пачаліся псыхалягічныя праблемы. Патрэбны быў перапынак, і мы ўвайшлі ў працэс стварэньня музыкі, здымкаў, розных творчых момантаў. Гэта нас ратуе, мы выказваем эмоцыі праз творчасьць».

Ксенія Жук: «Нам трэба было пераключыцца, каб ізноў пачаць працаваць. Гэта было выпрабаваньне, і мы шчасьлівыя, што яно атрымалася вельмі прадуктыўным. За гэты час мы напісалі шмат песьняў, зрабілі відэа ў падтрымку палітвязьняў — кампазыцыі „Але“, „Мільёны вялікіх сэрцаў“, „Іншымі“, „Девочка в белом“.... Цяпер песьня „Сьнег“. Мы любім, каб кожны сам знайшоў свой сэнс у нашых песьнях. Мы вельмі шчасьлівыя, што змаглі зараз трошкі іншую атмасфэру падарыць нашым слухачам».

Беларусь без «Эўравізіі»?


Беларускі фонд культурнай салідарнасьці распачаў кампанію за тое, каб Белтэлерадыёкампанію выключылі з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу і пазбавілі права на трансьляцыі і ўдзел вяшчальніка ў «Эўравізіі». Адпаведны ліст кіраўнік фонду Сяргей Будкін накіраваў у офіс Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу ў Жэнэве.

Гэты зварот падтрымаў і кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, які ў сваім лісьце абгрунтаваў мэтазгоднасьць выключэньня, спасылаючыся на статут зьвязу і яго этычны кодэкс. Пакуль Эўрапейскі вяшчальны зьвяз ня хоча выключаць са свайго складу Белтэлерадыёкампанію, аргумэнтуючы гэта тым, што «мы па-за палітыкай». Якая пазыцыя беларускіх удзельнікаў «Эўравізіі» ў 2017 годзе?

Арцём Лукʼяненка: «Мы бралі ўдзел у „Эўравізіі“ і ведаем гэта знутры. Мы разумеем, што гэта даволі цяжкі працэс. Павінна быць альтэрнатыва — каго тады ўключаць у Эўрапейскі вяшчальны саюз. Гэта зусім ня простая справа. Але мяне больш клапоціць стан, у якім знаходзіцца культура ў Беларусі. Рэальная культура, рэальныя музыкі, якія могуць быць на сцэне „Эўравізіі“ і паказваць, што такое рэальная Беларусь, — яны цяпер у падпольлі. Культура разьвіваецца ў падпольлі.

Тое, што паказваюць на БТ, я не магу назваць актуальнай культурай. Гэта людзі, якія пагадзіліся жыць з усім тым, што адбывалася. Іх празь ляяльнасьць запрашаюць на ўсе канцэрты і мерапрыемствы, не зважаючы на тое, што яны ўяўляюць сабой з пункту гледжаньня музыкі, эстэтыкі, культуры. Я проста не магу ўявіць, як Беларусь цяпер можа паехаць на конкурс „Эўравізіі“. З другога боку, нават цікава, што гэта можа быць за ўдзельнік. „Эўравізія“ дэкляруецца як конкурс без палітыкі, але ўсё роўна журналістаў шмат, і першымі пытаньнямі, натуральна, будуць пытаньні пра сытуацыю ў Беларусі. Я ня ведаю, як артыст, які будзе там, справіцца з гэтым, бо не даваць нікому інтэрвію — немагчыма».

Ксенія Жук: «Можа, лепей было б самім адмовіцца ад удзелу ў „Эўравізіі“ сёлета. Гэта быў бы самы нармальны варыянт. Прадстаўнік Беларусі на „Эўравізіі“ павінен быць актуальным, вядомым, сучасным і папулярным артыстам. Калі мы ў 2017 годзе ўдзельнічалі ў конкурсе, гэта адбывалася ва Ўкраіне, мы папрацавалі зь вельмі крутымі ўкраінскімі артыстамі, якія падтрымлівалі і разумелі нас як беларусаў. Тады і Белтэлерадыёкампанія, якая была прадусарам, падтрымала нашы нацыянальныя ідэі, беларускую мову, саму канцэпцыю нашага выступленьня».

«Абіраем бок праўды»

Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка
Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка

Арцём Лукʼяненка і Ксенія Жук кажуць, што да лета мінулага году імкнуліся быць нэўтральнымі, але цяпер гэта немагчыма.

Ксенія Жук: «Мы сябруем з Алегам Хаменкам, які калісьці даўно нам клясную рэч сказаў: „Які б ты ні быў нэўтральны, артыст у нашай краіне павінен абраць бок“. Да гэтага лета мы імкнуліся выказвацца толькі за музыку. Цяпер справа нават не ў палітыцы. Мы збольшага выказваемся супраць гвалту. Калі трэба абіраць бок, то мы абіраем бок праўды. Праўда за намі, за сьветлымі, шчырымі беларусамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG