Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг: Лукашэнка спрабуе вярнуцца да звыклага геапалітычнага балянсаваньня


Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

Такую думку выказаў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» дырэктар Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі, камэнтуючы вынікі Ўсебеларускага народнага сходу.

Паводле яго, заявы Лукашэнкі на сходзе былі адрасаваныя ня толькі Крамлю, але і «калектыўнаму Захаду». На думку экспэрта, Лукашэнка, які цяпер захаваў уладу, і яго бліжэйшае атачэньне спрабуюць вярнуцца да звыклага для сябе рэжыму зьнешнепалітычнага балянсаваньня.

«З аднаго боку, Аляксандар Лукашэнка паспрабаваў зрабіць рэвэрансы на ўзроўні рыторыкі на адрас Масквы. Тут можна адзначыць, што ён згадаў прыхільнасьць саюзьніцкім адносінам з Расейскай Фэдэрацыяй і адмову ад імкненьня да нэўтралітэту. Але пры гэтым ён падкрэсьліў неабходнасьць захаваньня шматвэктарнай зьнешняй палітыкі. А гэта гаворыць пра тое, што ён спрабуе пасылаць сыгналы і Захаду, каб уключыць яго ў дыялёг, спэкулюючы на расейскай пагрозе», — мяркуе Сівіцкі.

Менавіта гэтым, на думку экспэрта, тлумачацца словы і самога Лукашэнкі, і міністра замежных справаў Уладзімера Макея, і намесьніка начальніка Генэральнага штабу Паўла Муравейкі аб тым, што Беларусь не сасьпела да паўнавартаснага нэўтралітэту.

«На самой справе, гэта сыгнал заходнім сталіцам, што, калі яны працягнуць палітыку санкцыйнага ціску, гэта прывядзе да страты незалежнасьці Беларусі і нэўтралітэту ў зьнешняй палітыцы з прычыны ўзмацненьня ціску з боку Расеі», — лічыць дырэктар Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў.

У гэтым кантэксьце, на думку Сівіцкага, трэба разглядаць і зьліў інфармацыі, які зьявіўся напярэдадні УНС, аб тым, што Беларусь можа разьлічваць на атрыманьне чарговага расейскага крэдыту ў памеры $ 3,5 млрд.

«Гэта сапраўды можна разглядаць, як працяг палітыкі эканамічнай падтрымкі ў абмен на геапалітычныя "пацалункі", і ў сёньняшніх умовах ёсьць сумневы адносна таго, што Крэмль зноў купіцца на гэты трук. Але ў цэлым відавочна, што Ўсебеларускі народны сход быў патрэбны Аляксандру Лукашэнку для таго, каб выкарыстоўваць яго як аргумэнт, каб не выконваць сочынскія пагадненьні з Уладзімірам Пуціным. І само гэтае мерапрыемства стала дэманстрацыяй упэўненасьці Лукашэнкі ва ўласных пазыцыях і трансьляцыяй "голасу народу", да якога ён апэляваў.

І нарэшце, Лукашэнка паказвае, што калі нейкі транзыт улады ў Беларусі і можа адбыцца, дык толькі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве, а не неадкладна, як гэтага патрабуюць у Крамлі. І толькі на ўмовах самога Лукашэнкі, а не на тых, што навязаныя звонку», — падсумаваў Арсені Сівіцкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG