Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывід дваяўладзьдзя і магчымая новая пасада Лукашэнкі. Што паказаў чарговы зьезд прыхільнікаў улады


Аляксандар Лукашэнка. 12 лютага.

Цяперашні Ўсебеларускі народны сход (УНС) адрозьніваўся ад папярэдніх падобных зьездаў прыхільнікаў Лукашэнкі шмат якімі асаблівасьцямі. Самае галоўнае — ён праходзіў у іншых палітычных умовах.

Сьцісла:

  • Улады надзімалі напоўніцу прапагандысцкую бурбалку.
  • УНС павінен быў стаць дадатковым сродкам легітымізацыі існага рэжыму і ўлады Лукашэнкі. Але ня стаў.
  • Пэўна можна сказаць, што будзе новая Канстытуцыя, якую прымуць на рэфэрэндуме ў 2022 годзе.
  • Лукашэнка не зьбіраецца канчаткова адыходзіць ад улады.
  • Канструкцыя з УНС як паралельным органам вышэйшай улады праграмуе дваяўладзьдзе.


Ніколі раней УНС там моцна не рэклямавалі. У цэнтры Менску паставілі вялізныя банэры. Так званых «дэлегатаў» сходу ў рэгіёнах праводзілі ўрачыста, амаль з музыкай. То бок прапагандысцкі пухір надзімалі напоўніцу.

Паводле задумы, цяперашні УНС павінен быў выканаць тры функцыі. Па-першае, стаць дадатковым сродкам легітымізацыі існага рэжыму і ўлады Лукашэнкі. Бо прэзыдэнцкія выбары гэтую ролю выканалі слаба. Пасьля масавых народных пратэстаў мінулага году Лукашэнку спатрэбіліся нейкія дадатковыя мэханізмы, падпоркі і мыліцы. Дзеля гэтага задзейнічаны і УНС, і «маштабнае сацыялягічнае апытаньне», і нават нейкі мітычны ліст Эўразьвязу.

Па-другое, УНС — гэта спосаб мабілізацыі намэнклятуры дзеля ўтрыманьня ўлады.

Па-трэцяе, УНС стаў сродкам псыхалягічнай рэляксацыі Лукашэнкі. Як ён сказаў у заключным слове, гэты форум больш быў патрэбны для яго асабіста. Падчас драматычных падзей мінулага году ён атрымаў моцную псыхалягічную траўму. І цяпер бурныя воплескі і авацыі 2,5-тысячнай залі сталі яму крыніцай эмацыйнай падзарадкі, сэансам псыхатэрапіі.

Можна сказаць, што з большым ці меншым посьпехам другую і трэцюю функцыю УНС выканаў.

А вось з вырашэньнем задачы дадатковай легітымізацыі атрымалася дрэнна. Хваласьпевы на адрас Лукашэнкі, аж да прапановы ўганараваць званьнем Героя Беларусі, хутчэй раздражнялі нават нэўтральных абывацеляў. Пастаянная апэляцыя да савецкай мінуўшчыны (параўнаньне УНС са зьездамі КПСС, тройчы ўзгадваньне Леніна ў дакладзе Лукашэнкі) толькі павялічвалі ўражаньне нейкага вяртаньня ў часы 40-гадовай даўнасьці.

Што ў сухім астатку?

Пэўна можна сказаць, што будзе новая Канстытуцыя, якую прымуць на рэфэрэндуме ў 2022 годзе. Магчыма, яго сумесьцяць зь мясцовымі выбарамі.

Другая важная выснова: Лукашэнка не зьбіраецца канчаткова адыходзіць ад улады. Вельмі адметная ягоная фраза: «У якой ролі будзе цяперашні прэзыдэнт пасьля адыходу ад улады, час пакажа».

Усё астатняе схавана ў густым тумане за далёкім гарызонтам. Лукашэнка ў заключным слове акцэнтаваў увагу на тым, што ўсё яшчэ можа памяняцца ў выніку зьяўленьня новых абставінаў. Ён імкнецца пакінуць сабе свабоду рук, ня зьвязваць сябе цьвёрдымі абяцаньнямі.

Незразумела, ці сапраўды ў Канстытуцыі ўрэжуць паўнамоцтвы прэзыдэнта? Ці адбудуцца датэрміновыя выбары пасьля рэфэрэндуму?

Лукашэнка запэўнівае, што на новы тэрмін балятавацца не плянуе. І заяўляе, што «нельга аслабляць кіраўніка дзяржавы». І адначасова канструюе нейкую схему, паводле якой УНС становіцца паралельным органам вышэйшай улады. Можна меркаваць — на чале з самім Лукашэнкам. Паводле схемы Назарбаева ў Казахстане. Магчыма, гэта нейкі запасны варыянт для ўтрыманьня рэальнай улады. Але ж гэтая канструкцыя праграмуе дваяўладзьдзе.

Лукашэнка запэўнівае, што краіна ўступае ў пераходны пэрыяд. Толькі незразумела, куды вядзе гэты пераход.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG