Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палемізуючы з апанэнтамі, Лукашэнка міжволі прызнае іх сілу


Аляксандар Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе

Увесь выступ Аляксандра Лукашэнкі на «Ўсенародным сходзе» быў наскрозь палемічны. Ён зьвяртаўся да апанэнтаў, спрачаўся зь імі. Так што пратэстуючае грамадзтва нібы нябачна прысутнічала на Ўсебеларускім народным сходзе. Апэлюючы да антывобраза апанэнтаў, Лукашэнка фармаваў свой вобраз.



Сьцісла:

  • Лукашэнка дэманізаваў сваіх праціўнікаў, акарыкатурваў іх погляды.
  • Галоўны пастулят: ягоныя праціўнікі не прадстаўляюць беларускі народ, а зьяўляюцца замежнымі агентамі.
  • Лукашэнка фактычна пачаў свой выступ з прадстаўленьня нібыта праграмы сваіх палітычных праціўнікаў.
  • Але такой праграмы няма ў дакумэнтах ані «старой», ані «новай» апазыцыі.



Як звычайна, па шматгадовай традыцыі Лукашэнка дэманізаваў сваіх праціўнікаў, акарыкатурваў іх погляды. І, прадставіўшы апанэнтаў у такім карыкатурным выглядзе, выкрываў іхныя пазыцыі.

Галоўны пастулят, на якім грунтавалася ўся крытыка апанэнта — ягоныя праціўнікі не прадстаўляюць беларускі народ, яны замежныя агенты, якія хочуць «зламаць краіну». Напрыклад, ён кажа, што калі б хтосьці з альтэрнатыўных кандыдатаў перамог, то тут жа ў Беларусь былі б уведзены «замежныя войскі». Праўда, хачу нагадаць, што якраз сам Лукашэнка пасьля выбараў прасіў Пуціна ўвесьці расейскія вайсковыя фармаваньні.

Цікава, што Лукашэнка фактычна пачаў свой выступ з прадстаўленьня нібыта праграмы сваіх палітычных праціўнікаў. «Нібыта» — тут ключавое слова. Бо ён іх дакладна не ідэнтыфікуе, неяк цьмяна кажа пра «альтэрнатыўныя прапановы апанэнтаў дзейнай улады», «выкармленая і навучаная за мяжой сіла, якая супрацьстаіць нам». З кім атаясамляецца гэтая сіла, незразумела. У згаданым выглядзе такой праграмы няма ў дакумэнтах ані «старой», ані «новай» апазыцыі.

Тым ня менш, гэтай сіле Лукашэнка прыпісвае пляны радыкальных рынкавых рэформаў, жорсткі разрыў адносін з Расеяй, «павальнае ўвядзеньне беларускай мовы».

Аднак ні ў перадвыбарчай праграме Сьвятланы Ціханоўскай, ні ў праграмах іншых кандыдатаў такіх тэзісаў няма. Праўда, у выступах Віктара Бабарыкі, Андрэя Дзьмітрыева, Ганны Канапацкай, Сяргея Чэрачня былі высновы, што зь неэфэктыўным дзяржаўным сэктарам трэба нешта рабіць. Але пра павальнае закрыцьцё і банкруцтва дзяржпрадпрыемстваў гаворка не ішла.

І пэўна ўжо ні ў кога няма патрабаваньня пераходу да цалкам платнай мэдыцыны і адукацыі.

Тэзісы, якія тычацца дыстанцыяваньня ад Расеі, можна знайсьці ў праграме, напрыклад, БНФ ці ў дакумэнтах, якія рыхтавала апазыцыя ў праекце «Праймэрыз». Але тыя дакумэнты вельмі далёкія ад праграмы цяперашніх цэнтраў, якія супрацьстаяць існаму рэжыму.

Сам факт таго, што Лукашэнка вымушаны ўвесь час спрачацца з апанэнтамі, міжволі паказвае сілу і ўплыў апошніх.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG