Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: Расейскія ўлады занепакоеныя пратэстамі


Удзельнікі дэманстрацыі ў Маскве
Удзельнікі дэманстрацыі ў Маскве

Расейскія ўлады занепакоеныя маштабамі пратэстных акцый у падтрымку Аляксея Навальнага і шукаюць спосабы зьнізіць узровень грамадзкай незадаволенасьці. Пра гэта распавялі Bloomberg тры блізкіх да Крамля крыніцы.

Па словах суразмоўцаў агенцтва, сацыяльнае напружаньне ў расейскім грамадзтве «расьце на фоне рэзкага падзеньня даходаў і наяўнасьці абмежаваньняў, зьвязаных з каранавірусам». Акрамя таго, акцыі пратэсту «узмацнілі напружанасьць» у палітычнай эліце Расеі. Адна з крыніцаў заявіла, што ўлады павінны прымаць меры, каб зьнізіць узровень сацыяльнай напружанасьці.

Іншы чыноўнік лічыць, што жорсткая лінія паводзінаў толькі ўзмоцніць незадаволенасьць і падвысіць папулярнасьць Навальнага. Замоўленыя ўладамі сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што падтрымка апазыцыянэра расьце, асабліва сярод моладзі, сказала агенцтву знаёмая з гэтымі дадзенымі крыніца.

Па словах кіраўніка аддзелу рэгіянальных дасьледаваньняў Маскоўскага незалежнага інстытуту сацыяльнай палітыкі Натальлі Зубарэвіч, масавыя затрыманьні прыхільнікаў Навальнага «адлюстроўваюць занепакоенасьць» адносна таго, што пратэсты сталі нашмат больш маштабнымі.

Раней газэта The Financial Times паведаміла, што ўвага грамадзкасьці да расьсьледаваньня ФБК аб «палацы Пуціна» выклікала «занепакоенасьць у Крамлі» і зьмяніла падыход улады да Навальнага. У прыватнасьці, улады перасталі ігнараваць расьсьледаваньні ФБК.

Фільм пра прэзыдэнта пракамэнтавалі на фэдэральных каналах, прэсавы сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў назваў яго «лухтой» і «кампіляцыяй». А сам Уладзімір Пуцін, выступаючы перад студэнтамі, заявіў, што палац ніколі не быў на яго аформлены і не належаў яго блізкім сваякам.

  • 23 студзеня ў дзясятках гарадоў Расеі прайшлі акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага, зьняволенага ў маскоўскім сьледчым ізалятары «Матроская цішыня». Улады адмовіліся іх узгадняць. Нягледзячы на гэта, па ацэнцы штаба Навальнага, на вуліцы расейскіх гарадоў выйшлі каля 250 тысяч чалавек. Амаль чатыры тысячы дэманстрантаў былі затрыманыя, зь іх амаль паўтары тысячы — у Маскве. Сьледчы камітэт РФ распачаў больш за трыццаць крымінальных спраў супраць удзельнікаў акцый пратэсту.
  • Блізкія да Крамля крыніцы Reuters лічаць, што акцыі пратэсту ў падтрымку Навальнага, верагодна, не дапамогуць вызваліць яго з-пад варты. Адна зь іх не выключыла, што палітык можа застацца ў зьняволеньні, пакуль ня пройдуць заплянаваныя на верасень выбары ў Дзярждуму.
  • Паводле дадзеных Расстату, рэальныя наяўныя грашовыя даходы жыхароў Расеі па выніках 2020 года скараціліся на 3,5%. На гэтым фоне колькасьць расейцаў, якія жывуць на даходы ніжэй пражытковага мінімуму, за дзевяць месяцаў дасягнула 19,6 мільёнаў, што складае больш за 13% ад усяго насельніцтва краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG