Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты тлумачаць, як улады скажаюць партрэт пратэстоўцаў у Расеі


Акцыя ў падтрымку зьняволенага апазыцыйнага лідэра Аляксея Навальнага, Масква, 23 студзеня 2021
Акцыя ў падтрымку зьняволенага апазыцыйнага лідэра Аляксея Навальнага, Масква, 23 студзеня 2021

Пра сацыяльна-дэмаграфічную структуру расейскага пратэсту расказвае антраполяг Аляксандра Архіпава

У Расеі 23 студзеня адбыліся акцыі пратэсту ў падтрымку апазыцыянэра Аляксея Навальнага. На іх выйшлі жыхары прынамсі 125 гарадоў, паліцыя затрымала рэкордную колькасьць пратэстоўцаў.

Сярод затрыманых было каля 300 падлеткаў, заявіла ўпаўнаважаная па правах дзіцяці ў РФ Ганна Кузьняцова. А прэзыдэнт Уладзімір Пуцін назваў недапушчальным прыцягненьне да ўдзелу ў недазволеных акцыях непаўналетніх, адзначыўшы, што «тэрарысты так паступаюць», калі «паперадзе сябе гоняць жанчын і дзяцей».

Які насамрэч сацыяльны і ўзроставы склад удзельнікаў пратэсту, «Настоящему времени» расказала антраполяг Аляксандра Архіпава. Яна ўваходзіць у групу дасьледчыкаў, якія апытваюць удзельнікаў пратэстаў у Маскве. Адказаць на пытаньні валянтэраў пагадзіліся 356 з 460 апытаных.

  • Па выніках дасьледаваньня мэдыянны ўзрост пратэстоўцаў склаў 31 год (палова апытаных — старэйшыя, другая палова — маладзейшыя). Непаўналетніх было ўсяго 4%.
  • Ядром пратэстаў на гэты раз стала пакаленьне ўзросту 25-35 гадоў (37% рэспандэнтаў).

«Гэта, хутчэй, міталёгія, што Навальнага падтрымлівае «школота» і што штабы Навальнага правакуюць непаўналетніх выходзіць на мітынгі, — кажа Архіпава. — Гэтая міталёгія разьлічаная на тое, каб, з аднаго боку, Навальнага дэманізаваць (ён забівае нашых дзяцей), а з другога боку — паказаць мітынгі як несур’ёзныя.

  • 42%, адказваючы на пытаньне аб «стажы ўдзелу ў пратэсьце», сказалі, што прыйшлі на пратэставую акцыю ўпершыню. 7,5% апытаных першы раз выйшлі на вуліцы ў 2019 годзе. Тых, хто засьпеў мітынгі 2011–2012 гадоў на Балотнай плошчы і праспэкце Сахарава, было 24%.

«На вялікі мітынг на праспэкце Сахарава ў жніўні 2019-га прыйшлі толькі 17% новых людзей, сёлета іх было 42%. Можна казаць, што пратэст пашырыўся, пачалі выходзіць групы, якія раней не выходзілі, пасланьне Навальнага дайшло да вельмі многіх. Ён стаў значна больш вядомы, чым раней. Можна адзначыць, што пратэст ідзе ня толькі ўглыб, але і пашыраецца. Вялікі адсотак незадаволеных народжаны эканамічнай сытуацыяй у 2020 годзе», — кажа Архіпава.

Дадзеныя па расейскіх пратэстах цікава параўнаць з дадзенымі адносна пратэстаў у Беларусі. У верасьні 2020 году аналітык брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House Рыгор Астапеня правёў онлайн-апытаньне гарадзкога насельніцтва Беларусі.

Было апытана 889 рэспандэнтаў. На пытаньне «Ці ўдзельнічалі вы ў акцыях пратэсту ў любых формах?» станоўчы адказ дала чвэрць апытаных (25,3%, 225 чалавек).

Пры гэтым мэдыянны ўзрост гэтых рэспандэнтаў, якія бралі ўдзел у пратэстах, складаў 45 гадоў — на 14 гадоў больш за мэдыянны ўзрост расейскіх пратэстоўцаў з дасьледаваньня Аляксандры Архіпавай.

Канфлікт з уладай, а не з пакаленьнем

«Уладам выгадна прадставіць тое, што адбываецца, не як канфлікт па восі ўлада-грамадзтва, а як канфлікт пакаленьняў у духу моладзевых пратэстаў 1968 году, — лічыць палітоляг Абас Галямаў. — Калі радыкальная моладзь выступае супраць каштоўнасьцяў старэйшага пакаленьня ў цэлым, зь любой нагоды — у галіне палітыкі, культуры. Гэта значна больш выгадная інтэрпрэтацыя для ўладаў, разьлічаная на тое, што ўключыцца старэчае бурчэньне — эх, моладзь, — і прадстаўнікі старэйшага пакаленьня адчуюць сябе па адзін бок барыкадаў з уладай».

На думку Галямава, калі апазыцыя здолее працягнуць пратэсты да верасьня, яна зможа «пахаваць» пляны Крамля ўзяць Дзярждуму пад свой кантроль.

У канцы 2020 году рэйтынг «Адзінай Расеі», згодна з апытаньнямі ВЦИОМ, складаў 32%, паводле апытаньняў ФОМ — 30%.

У 2011 і 2016 гадах рэйтынг «Адзінай Расеі» зьніжаўся падчас думскай кампаніі, адзначае Галямаў. «Калі будзе магутная пратэставая яўка (гэта, дарэчы, звычайна дэмаралізуе ляялістаў), нават трохдзённае галасаваньне ня будзе працаваць», — дадае экспэрт.

Паводле ацэнак назіральнікаў, на мітынгах і шэсьцях 23 студзеня затрымалі звыш 3,7 тысячы чалавек.

Супраць пратэстоўцаў распачата ўжо ня менш за 15 крымінальных спраў — у Маскве, Уладзівастоку, Санкт-Пецярбургу, Новасібірску, Растове-на-Доне і іншых гарадах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG