Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пра «палац Пуціна»: паказанае ў фільме мне не належыць


Палац пад Геленджыкам, які, паводле Фонду барацьбы з карупцыяй, належыць Уладзіміру Пуціну
Палац пад Геленджыкам, які, паводле Фонду барацьбы з карупцыяй, належыць Уладзіміру Пуціну

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін упершыню пракамэнтаваў расьсьледаваньне Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага пра палац пад Геленджыкам

На сустрэчы са студэнтамі Пуцін адказаў на пытаньне пра расьсьледаваньне. «Я не глядзеў гэтага фільму проста за адсутнасьцю вольнага часу для прагляду такой... такой інфармацыі. Але гартаў відэападборкі, якія прынесьлі памочнікі. Адразу хачу адказаць на ваша пытаньне: нічога з таго, што ў ім пазначана ў якасьці маёй уласнасьці, ні мне, ні маім блізкім сваякам не належыць і ніколі не належала. Ні-ко-лі», — сказаў Пуцін. Само расьсьледаваньне ён назваў «кампіляцыяй».

19 студзеня ФБК апублікаваў расьсьледаваньне пра так званы палац Уладзіміра Пуціна пад Геленджыкам. Расьсьледаваньне было апублікаванае праз суткі пасьля таго, як суд у Хімках адправіў заснавальніка ФБК Аляксея Навальнага на 30 сутак у СІЗА пасьля яго вяртаньня ў Расею зь Нямеччыны. Расьсьледаваньне ўключае ў сябе дакумэнтальны фільм працягласьцю амаль 2 гадзіны, у якім удзельнічае сам Навальны, і тэкст зь візуалізацыяй.

Так званы «Палац Пуціна», ён жа рэзыдэнцыя на мысе Ідакопас, быў збудаваны ў 2005–2010 гадах на Чарнаморскім узьбярэжжы, у Краснадарскім краі Расеі, непадалёк ад Геленджыка. Пра тое, што ён быў пабудаваны для прэзыдэнта Расеі, у 2010 годзе заявіў бізнэсовец Сяргей Стальмахаў.

ФБК ацаніў кошт будоўлі палаца ў 100 мільярдаў рублёў (прыблізна паўтара мільярда даляраў) і паказаў яго інтэр’еры. Як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, «адзін з важных падрадчыкаў, які працаваў на ўладкаваньні палаца», перадаў у распараджэньне ФБК дэталёвы архітэктурны плян гэтага абʼекта. У палацы дзясяткі пакояў, у тым ліку «пакоі для пэрсаналу — лекараў, кухараў, гардэробныя для афіцыянтаў, мяса-рыбны цэх, цэх гародніны, цэх выпечкі, цэх апрацоўкі яек».

У ФБК робяць выснову, што Пуцін праз падстаўных асоб зьяўляецца сапраўдным уладальнікам нерухомасьці, а палац і інфраструктура былі пабудаваныя за кошт карупцыйных схемаў.

Маскоўская кампанія «Аэракомплекс», якая займаецца абсталяваньнем аэрапортаў, на сваім сайце сьцьвярджае, што аказвала паслугі, у прыватнасьці, на гелікоптэрных пляцоўках рэзыдэнцыяў прэзыдэнта РФ «Бачароў ручай», «Нова-Агарова» і «Праскавееўка». Выданьне «Адкрытыя мэдыя», якое выявіла гэта, адзначае, што тым самым кампанія «Аэракомплекс» «неспадзявана пацьвердзіла» інфармацыю з расьсьледаваньня Навальнага і ФБК пра тое, што прэзыдэнт Уладзімір Пуцін мае дачыненьне да абʼекта пад Геленджыкам (у расьсьледаваньні ён названы «палацам Пуціна»).

17 студзеня Навальны вярнуўся зь Нямеччыны, дзе лячыўся пасьля атручваньня, у арганізацыі якога ён абвінавачвае расейскія ўлады. Яго затрымалі ў аэрапорце і адправілі ў СІЗА да разгляду пытаньня аб замене яму ўмоўнага тэрміну на рэальны па крымінальнай справе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG