Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя ў Расеі анансавала масавыя пратэсты на наступныя выходныя


Акцыя пратэсту ў Барнауле, 23 студзеня.

23 студзеня ў розных гарадах Расеі прайшлі шматтысячныя акцыі за вызваленьне Аляксея Навальнага. Затрымалі больш за 3,5 тысячы чалавек.

Кіраўнік сеткі рэгіянальных штабоў Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Леанід Волкаў у жывым эфіры «Навальный Live» заявіў аб плянах правесьці пратэсты ў наступныя выходныя.

Паводле яго, штабы Навальнага, нягледзячы на арышты каардынатараў, пакажуць, як яны ўмеюць «самаарганізавацца» і «перагрупоўваюцца».

«Мы ў наступныя выходныя правядзем новыя пратэставыя акцыі па ўсёй краіне. Аляксей Навальны павінен быць неадкладна вызвалены, — сказаў прадстаўнік фонду. — Ён цяпер знаходзіцца ў небясьпецы, і для гэтага ніякіх сродкаў, ніякіх інструмэнтаў не шкада. І мы лічым, што нашыя абсалютна справядлівыя патрабаваньні павінны быць выкананы».

Леанід Волкаў падкрэсьліў, што яны будуць заклікаць людзей зноў выходзіць на пратэсты ў наступныя выходныя і прыходзіць на суд за 2 лютага, каб там запатрабаваць вызваленьня Навальнага.

Другога лютага Сіманаўскі суд Масквы будзе разглядаць хадайніцтва аб замене ўмоўнага тэрміну Навальнаму на рэальны — тры з паловай гады зьняволеньня ў папраўчай калёніі. Паводле вэрсіі расейскіх уладаў, Навальны парушыў правілы ўмоўнага асуджэньня ў справе «Іў Рашэ», не адзначыўшыся ў расейскай інспэкцыі пасьля таго, як яго выпісалі зь нямецкай клінікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG