Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякі ён не шавініст». Беларус з каманды Навальнага пра дэпартацыю з Расеі і ўцёкі зь Беларусі


Аляксей Навальны і Ўладлен Лось
Аляксей Навальны і Ўладлен Лось

Юрыста заснаванага Аляксеем Навальным Фонду барацьбы з карупцыяй, беларуса Ўладлена Лася, невядомыя вывезьлі на мяжу зь Беларусьсю. Пасьля гэтага ён даехаў да аэрапорту і пакінуў краіну.

У інтэрвію Свабодзе ён расказаў падрабязнасьці.

Уладлен Лось жыў у Маскве 8 год. Прыехаў туды на вучобу ў магістратуры Вышэйшай школы эканомікі. Праз год, улетку 2013-га, напярэдадні выбараў мэра Масквы, трапіў у каманду Аляксея Навальнага і ад таго часу працуе ў Фондзе барацьбы з карупцыяй.

У мінулы чацьвер Уладлена затрымалі ў Маскве, уручылі апавяшчэньне аб неабходнасьці пакінуць Расею да 25 студзеня і забаранілі ўезд у РФ на 5 гадоў. Потым склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўніку паліцыі і арыштавалі на тры дні. Пасьля адбыцьця арышту Лася зноў затрымалі, і ніхто ня мог яго знайсьці. Калегі нават вырашылі падаваць заяву аб выкраданьні чалавека.

«Я палічыў дзіўным ехаць 10 гадзін зь мяшком на галаве і потым апынуцца дзесьці на Валадарцы»

Паводле Лася, яго затрымалі невядомыя людзі ў цывільным, закавалі ў кайданкі, надзелі мяшок на галаву, пагрузілі ў бусік і каля 10 гадзін везьлі ў бок беларускай мяжы. Ён расказвае, што пасьля паўночы яму сказалі, што ён парушыў тэрмін выезду з Расеі да 25 студзеня і таму яму забаронены ўезд у РФ на працягу пяці гадоў.

«Мяне ў мікрааўтобусе прывезьлі на мяжу, зьнялі мех з галавы, кайданкі, сказалі, каб я ўзяў свае рэчы і накіроўваўся ў будку расейскіх памежнікаў. Беларускіх памежнікаў на расейска-беларускай мяжы не існуе. Там мне зачыталі пастанову аб дэпартацыі і забароне на ўезд на 5 гадоў. Пасьля гэтага мяне перадалі беларускім міліцыянтам, якія ўжо чакалі мяне на другім баку», — расказвае Ўладлен.

Беларускія міліцыянты, па ягоных словах, былі даволі ветлівыя, праверылі пашпарт, запыталіся, ці ёсьць у яго грошы і мабільны тэлефон. Пасьля атрыманьня станоўчага адказу яны сказалі: «Вітаем дома» — і зьехалі.

«Я дайшоў да бліжэйшай кавярні, зарадзіў тэлефон, скантактаваўся з калегамі, і мы прынялі калектыўнае рашэньне, што мне лепш пакінуць Беларусь і накіравацца ў больш бясьпечнае месца. У Беларусі цяпер заводзіцца вельмі шмат сфабрыкаваных крымінальных спраў, караюць зусім невінаватых людзей. Многія мае сябры ўжо пабывалі ў месцах зьняволеньня. Я ведаю таксама, што беларускія праваахоўнікі цікавіліся і маёй асобай. Я палічыў дзіўным ехаць 10 гадзін зь мяшком на галаве і потым апынуцца дзесьці на „Валадарцы“».

Са згаданай кавярні Ўладлен замовіў таксоўку і даехаў да аэрапорту. Расказвае, што ўсю дарогу яго суправаджалі два аўтамабілі, як мяркуе Ўладлен, каб сачыць за ім. Але кантактаваць з паплечнікам Навальнага яны не спрабавалі. Уладлен ня хоча казаць, дзе ён цяпер, але называе гэтае месца бясьпечным.

«Я буду працягваць сваю працу, наколькі мне дазволяць мае магчымасьці працаваць дыстанцыйна, дапамагаць затрыманым, складаць для іх скаргі. Дапамагаць са скаргамі ў Эўрапейскі суд па правах чалавека. У адрозьненьне ад беларускіх грамадзян, у расейцаў ёсьць права туды зьвяртацца па пытаньнях затрыманьняў. Мне хапае працы».

«Момант быў абраны адмыслова перад падрыхтоўкай да акцыяў»

Юрыст каманды Навальнага перакананы, што расейскія праваахоўнікі наўмысна абралі момант для дэпартацыі напярэдадні чарговых акцыяў пратэсту ў Расеі, якія заплянаваныя на 31 студзеня.

«Ня ўсіх паплечнікаў Аляксея Навальнага можна дэпартаваць з Расеі, паколькі яны яе грамадзяне. Са мною можна было так зрабіць, бо я беларускі грамадзянін. Момант быў абраны адмыслова перад падрыхтоўкай да акцыяў, каб ускладніць нашу працу па арганізацыі гэтых мерапрыемстваў і дапамозе затрыманым».

Уладлен Лось перакананы, што пратэставая актыўнасьць у Расеі будзе павялічвацца, а колькасьць удзельнікаў — расьці, нягледзячы на запалохваньні з боку расейскіх сілавікоў.

«Расейскія ўлады заўжды будуць казаць, што ў іх усё пад кантролем. Аляксандар Лукашэнка кажа, што ў яго ўсё пад кантролем. Ці верым мы Лукашэнку? Наўрад ці. Гэта выбарчы год у Дзярждуму. Немагчыма закручваць усе гайкі толькі гвалтам, давядзецца ісьці на нейкі дыялёг. Тыя ж парлямэнцкія партыі, псэўдаапазыцыйныя КПРФ і ЛДПР, таксама спадзяюцца атрымаць на гэтай хвалі дадатковую падтрымку».

«Шавіністы сябе так не паводзяць»

У сацыяльных сетках беларусы нярэдка называюць Аляксея Навальнага расейскім нацыяналістам і шавіністам, прыгадваючы яго зьняважлівае выказваньне пра беларускую мову 15 гадоў таму, а таксама ўдзел у «Рускіх маршах». Уладлен Лось кажа, што, працуючы для Навальнага 8 гадоў, ён ані разу не заўважыў пацьвярджэньня гэтых закідаў.

«Я асабіста некалькі разоў дапамагаў перакладаць допісы Навальнага ў Інстаграме на беларускую мову. Аляксей падтрымліваў увесь той рух, які быў у Беларусі летам і працягваецца дагэтуль. Ён вельмі актыўна гэтым цікавіўся і пытаўся, як можна дапамагчы. Шавіністы сябе так не паводзяць. Калі я чую такія абвінавачаньні, то прашу прывесьці прыклады і паказваю справы, якія Аляксей рабіў, каб дапамагчы ня толькі беларусам. Ён спрабуе мець добрыя дачыненьні з усімі, і як палітык ён разумее, што дыялёг лепшы за варажнечу. Ён ніякі не шавініст, які прыгнятае людзей па нацыянальнай прыкмеце, а тым больш беларусаў. Нацыянальнасьць не зьяўляецца для яго падставай, каб дзяліць людзей».

Прэтэнзіі да Навальнага выказвае і шмат хто з апазыцыйна настроеных расейцаў. Пытаньні да палітыка ёсьць нават сярод тых, хто прыходзіць на арганізаваныя Навальным акцыі пратэсту.

«Немагчыма знайсьці чалавека, які будзе падабацца абсалютна ўсім. І гэта нармальна. Для перамогі на выбарах не абавязкова трэба набраць 100% або 80%, дастаткова набраць большасьць. Многія баяцца прызнаць, што яны сымпатызуюць Аляксею Навальнаму, бо гэта можа прынесьці ім шкоду. Таму многія кажуць, што яны прыходзяць за сябе, але яны падтрымліваюць Навальнага і дзейнасьць ФБК».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG