Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ініцыятарам палемікі быў дэкан, а ня я». Працягваецца суд над студэнтам, які нібыта заклікаў да забастоўкі


Арцём Вінакураў
Арцём Вінакураў

Арцём Вінакураў прызнаў віну толькі ў тым, што перашкаджаў правядзеньню вучэбнага працэсу. Матэрыяльнай шкоды ад зрыву заняткаў БДУІР не нанесена. А выкладчыца гісторыі выказала зьдзіўленьне: «Няўжо Сьвятлана Ціханоўская ня хоча, каб студэнты вывучалі гісторыю?»

Што адбываецца ў другі дзень суду над Арцёмам Вінакуравым, які нібыта заклікаў студэнтаў да страйку.

У судзе Савецкага раёну сталіцы працягваецца працэс над былым студэнтам факультэту кампутарных сыстэм і сетак БДУІР Арцёмам Вінакуравым, які абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак — артыкул 342 КК.

27 студзеня зноў дапытвалі сьведак — выкладчыкаў і студэнтаў БДУІР.

«Няўжо Сьвятлана Ціханоўская ня хоча, каб студэнты вывучалі гісторыю?»

Некаторыя першакурсьнікі наагул ня ведаюць Арцёма, мала што памятаюць пра падзеі 26 кастрычніка, кажуць, што лектар матэрыял выкласьці пасьпеў. Чамусьці выклікалі ў якасьці сьведкі старасту групы, дзе вучыцца Арцём, якая 26 кастрычніка 2020 году на занятках адсутнічала.

Большасьць выкладчыкаў казалі, што зрыву заняткаў не адбылося, заплянаваны матэрыял яны пасьпелі выкласьці і ня памятаюць, ці ўваходзіў у аўдыторыю Арцём.

Пазнала Арцёма Вінакурава толькі дацэнт Літвіноўская, якая выкладае гісторыю.

«Праз хвілін 40 пасьля пачатку лекцыі зайшла група студэнтаў — першым Арцём Вінакураў, за ім чалавек 30, якія аказвалі яму „шумавую падтрымку“. Ён сказаў, што заклікае далучыцца да страйку, які абвясьціла Сьвятлана Ціханоўская. Што крычалі — не прыгадаю. Пры канцы я запыталася: „Няўжо Сьвятлана Ціханоўская ня хоча, каб студэнты вывучалі гісторыю?“. Адказу не прагучала. Чалавек 30–40 далучылася. Прычым сярод іх былі студэнты, якія спазьніліся на лекцыю. Натуральна, я не пасьпела выкласьці ўвесь матэрыял. Да таго ж давялося яшчэ пэўны час „прыходзіць у сябе“, я такога не чакала», — казала Літвіноўская.

Арцём Вінакураў
Арцём Вінакураў

Арцём пасьля гэтых слоў дацэнта папрасіў у яе прабачэньня.

Дацэнт Раманчук кажа, што на лекцыі па матэматыцы да першакурсьнікаў зайшла група студэнтаў і пачала заклікаць да страйку. Яна спачатку разгубілася, потым патлумачыла, што ў яе непаўналетнія студэнты. Твараў яна ня памятае, нікога ня ведае і не апазнала. Зь першакурсьнікаў ніхто да страйку не далучыўся.

Дацэнт Аляхновіч вёў сэмінар па эканоміцы, у аўдыторыі было чалавек 30.

«Двое ўварваліся ва аўдыторыю з воклічам: „Хто супраць гвалту?“ Я крыкнуў „Пайшлі прэч!“ Занятак быў сарваны, за імі сышлі чалавек 10. У мяне склалася ўражаньне, што мае студэнты былі гатовыя сысьці, ведалі пра страйк. Але ў маю аўдыторыю ўваходзіў дакладна не абвінавачаны — тыя былі цёмнавалосыя», — кажа дацэнт.

«Матэрыяльнай шкоды ад дзеяньняў Вінакурава няма»

Дзяржабвінаваўца падчас вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы зачытаў асобныя пункты правілаў унутранага распарадку БДУІР: «Не выкарыстоўваць вучэбны працэс у палітычных мэтах». Але страты ад зрыву заняткаў не падлічаныя: гэта не ўяўляецца магчымым, бо няма такой мэтодыкі.

«Такім чынам, матэрыяльнай шкоды ад дзеяньняў Вінакурава няма, — рэзюмуе пракурор Чабатароў.

«Магчыма, я перашкаджаў правядзеньню вучэбных заняткаў»

Падчас допыту Арцём расказаў, што 25 кастрычніка ўвечары яму ў тэлеграм напісаў чалавек, які прадставіўся сябрам страйкаму БДУІР.

«Я чуў толькі станоўчыя водгукі пра страйкам. Гэты чалавек раней бачыў мяне ў гумарыстычным „стэндапе“, я яму спадабаўся за харызму — ён так напісаў. Чалавек мне скінуў тэкст, прапанаваў гаварыць блізка да тэксту. Тэкст прыкладна такога зьместу: „Сьвятлана Ціханоўская і страйкам БДУІР заклікаюць да страйку, да яго ўжо далучыліся іншыя. Калі вы супраць гвалту і беззаконьня — далучайцеся і вы“.

Я павінен прыйсьці ў хол раніцай, ніякіх указаньняў я даваць не павінен, людзі самі ведаюць, куды ісьці і што рабіць. Чалавек пералічыў лекцыйныя аўдыторыі, якія трэба наведаць — на розных паверхах. Я сказаў, што да 10-й гадзіны павінен вызваліцца, бо ў мяне іншыя справы. Ён адказаў, што няважна, колькі аўдыторый я абыду», — расказаў Арцём.

Заняткі ў той дзень у Арцёма былі ў другой палове дня, а ў першай палове дня яму трэба было прыбыць у суд Партызанскага раёну — ён быў сьведкам на адміністрацыйным працэсе свайго аднакурсьніка.

Абвінавачаны расказаў, што а 9-й гадзіне прыйшоў у хол 4-га корпусу, там было каля 20 студэнтаў. Убачыў, што натоўп пачаў рух на цокальны паверх, пайшоў зь імі.

«Зайшлі ў аўдыторыю, я агучыў тэкст. Натоўп пачаў пляскаць у ладкі. У аўдыторыі мы былі ня больш за 5 хвілін. Пайшлі па іншых аўдыторыях, я быў ззаду натоўпу, агучваў тэкст, і мы выходзілі.

Каля 108-й аўдыторыі стаяў дэкан Леанід Шылін, які адразу заявіў: „Вы ў гэтую аўдыторыю ня зойдзеце“. Але натоўп зайшоў. Я агучыў тэкст. Дэкан сказаў, што ён адпрацаваў ва ўнівэрсытэце 50 гадоў, а мы не ўяўляем герархію ўлады.

Ініцыятарам палемікі быў дэкан, а ня я. Я вырашыў адказаць яму ў паважлівай форме. Я стараўся не абражаць яго, да людзей старэйшага ўзросту я стаўлюся з павагай», — сьцьвярджае Арцём.

Далей студэнты пайшлі на другі паверх, абышлі яшчэ некалькі аўдыторый. Арцём казаў тэкст, студэнты пляскалі ў далоні.

А 10-й гадзіне Арцём сышоў, бо сьпяшаўся па сваіх справах. Што было далей ва ўнівэрсытэце, ён ня бачыў, ведае толькі з матэрыялаў справы.

Нікога зь іншых студэнтаў, якія заходзілі ў аўдыторыі, Вінакураў ня ведае. Супрацоўнікі міліцыі, аховы не папярэджвалі пра незаконныя дзеяньні, не заклікалі спыніцца. Таму Арцём не прызнае, што ён не падпарадкаваўся прадстаўнікам улады.

Судзьдзя Марына Фёдарава просіць канкрэтызаваць, у чым Арцём прызнае сябе вінаватым.

«Магчыма, я перашкаджаў правядзеньню вучэбных заняткаў», — кажа былы студэнт.

Мяркуецца, што 28 студзеня адбудуцца судовыя спрэчкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG