Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выдатнік, герой аднаклясьнікаў». Студэнта БДУІР судзяць за заклік да страйку


Арцём Вінакураў
Арцём Вінакураў

У судзе Савецкага раёну 26 студзеня пачынаецца працэс над былым студэнтам 3 курсу БДУІР Арцёмам Вінакуравым. Яму інкрымінуюць артыкул 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

26 кастрычніка студэнт 3 курсу факультэту кампутарных сыстэм і сетак Арцём Вінакураў зь іншымі калегамі зайшоў у аўдыторыю, дзе праводзіў заняткі дэкан факультэту Леанід Шылін, і заклікаў страйкаваць.

Відэа апублікавала прэс-служба МУС.

На відэа чуваць, як эмацыйна студэнты падтрымліваюць тых, хто ўвайшоў, аплядысмэнтамі. Дэкан просіць студэнтаў пакінуць кабінэт. А потым малады чалавек з заплечнікам (Арцём Вінакураў) гаворыць: «Гэты чалавек хоча сказаць, што ён тут улада, што ён намі кіруе?» На гэту рэпліку Шылін крычыць, размахваючы рукамі: «Так! Так! Я ўзростам значна старэйшы за вас. І па герархіі вышэйшы за вас — я дэкан!»

Студэнты перабіваюць плясканьнем у далоні і воклічамі: «Мы тут улада!» Раздаецца голас іншага студэнта: «Мы не ў першабытным грамадзтве жывём». Дэкан зрываецца: «А калі вам пак...ць захочацца на ганку, і такое прыйдзе ў галаву?» — эмацыйна запытваецца Леанід Шылін.

Леанід Шылін на судзе
Леанід Шылін на судзе

На кадрах МУС пагрозаў і зьняваг з боку Арцёма Вінакурава не чуваць.

28 кастрычніка Арцёма затрымалі, Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу. Амаль 3 месяцы малады чалавек знаходзіўся ў жодзінскай турме № 8, на мінулым тыдні яго этапавалі ў Менск на «Валадарку».

Праваабаронцы прызналі Арцёма Вінакурава палітзьняволеным.

Яшчэ да пачатку зімняй сэсіі Арцёма адлічылі з БДУІР за ненаведваньне заняткаў.

Працэс вядзе судзьдзя Марына Фёдарава.

Хто такі Арцём Вінакураў

Выдатна вучыўся ў гімназіі і ў БДУІР, быў назіральнікам на выбарах.

У 2018 годзе Арцём Вінакураў скончыў з адзнакай сталічную гімназію № 22. Паступіў на самы прэстыжны факультэт БДУІР — кампутарных сыстэм і сетак і кіраваньня. Добра вучыўся і ва ўнівэрсытэце.

Кастусь і Ганна вучыліся ў адной клясе з Арцёмам у 22-й гімназіі Менску.

Кастусь успамінае, што Арцём заўсёды меў асаблівую цікавасьць да матэматыкі, інфарматыкі, праграмаваньня.

«Арцём вельмі працалюбівы, мэтанакіраваны. Спакойны, разважлівы, ветлівы.

Зараз мы з Арцёмам перапісваемся. У лістах піша, што трымаецца нармальна і што самае складанае для яго за кратамі — адсутнасьць інфармацыі. Піша, каб у лістах яму напісалі тэксты пэўных песень», — расказвае Кастусь.

Ганна таксама кажа, што Арцём заўсёды быў вельмі ціхі і спакойны.

«Інтэлігентны хлопец. Вельмі добра вучыўся. Імкнуўся ўсім дапамагчы. З усімі настаўнікамі ў яго былі добрыя адносіны, ён ніколі нікому не ствараў праблем.

На прэзыдэнцкіх выбарах ён быў назіральнікам у нашай гімназіі, дзе мы вучыліся.

Калі зьявілася відэа прэс-службы МУС, мы ўсе вельмі зьдзівіліся, што Арцём заклікаў да страйку. Сябры казалі: „Арцём заклікаў? Ды ну! Гэта яму не ўласьціва“.

Але калі ўважліва паглядзелі кадры МУС, убачылі, што ён спрабаваў не „наяжджаць“, а разважаць, пераконваць, аргумэнтаваць. У такой сытуацыі ва ўсіх эмоцыі. На відэа відаць, што ён не паводзіў сябе агрэсіўна, яму проста не пашанцавала, што гэты інцыдэнт здарыўся з дэканам.

Так што спачатку ва ўсіх аднаклясьнікаў было зьдзіўленьне, а цяпер ганарымся: у Арцёма ёсьць пазыцыя, гэта наш герой», — кажа Ганна.

«Сын заўсёды атрымліваў асалоду ад вучобы»

Маці Арцёма Марына сынам вельмі ганарыцца. Кажа, што ён заўсёды добра і зь вялікім жаданьнем вучыўся. Калі пасьля 9-й клясы ў гімназіі было разьмеркаваньне па профілях, ён прайшоў па балах на самы прэстыжны «ангельска-матэматычны» профіль.

«Вучыцца Арцёму было лёгка. Многія бацькі робяць памылку, калі недаацэньваюць ролю пачатковай школы — маўляў, гэта працяг дзіцячага садка. Мы шукалі вельмі моцнага настаўніка пачатковых клясаў. Моцны настаўнік ня той, які будзе шмат патрабаваць ад вучняў, а той, які размаўляе з кожным і зробіць так, каб дзіцяці было цікава вучыцца. І калі ў пачатковай школе дзіця набыло гэтыя звычкі, яму стала цікава вучыцца, ён будзе сам шукаць веды, ды яшчэ і шукаць пацьверджаньняў атрыманым адказам зь іншых крыніц. І гэта было крута, калі сын атрымліваў асалоду ад вучобы», — кажа Марына.

«Усё ўмее рабіць сваімі рукамі, умее прымаць рашэньні, адказны»

Маці Арцёма Марына кажа, што яе сын вельмі моцны, мэтанакіраваны. Ён заўсёды прымаў рашэньні самастойна. Да самастойнасьці яго прывучалі змалку: хлопец сам прыбіраў у сваім пакоі, умее ўсё рабіць рукамі.

«Да 14 гадоў, калі тата штосьці рабіў па дому (а тата ў нас усё ўмее рабіць), Арцём стаяў побач і ўважліва назіраў. А калі сыну споўнілася 14, я папрасіла, каб яны памяняліся месцамі — калі трэба было штосьці прасьвідраваць, адрамантаваць кран, ужо тата стаяў побач, а Арцём рабіў.

Цяпер я за яго спакойная — ён усё ўмее рабіць сваімі рукамі, ён умее прымаць рашэньні, ён адказны».

Ліст з-за кратаў
Ліст з-за кратаў

Маці прыгадвае яшчэ адзін выпадак, які здарыўся гадоў 6 таму, калі Арцём быў падлеткам. У іхным пад’езьдзе нейкія вандалы размалявалі ліфт, расьпісалі сьцены рознымі маркерамі.

«У наступны выходны Арцём узяў нейкія мыйныя сродкі, распушчальнікі і пайшоў адмываць ліфт. Яшчэ з татам раіўся, чым лепш сьціраць надпісы, бо там нешта не адмывалася. Пакуль дарослыя каля пад’езду „вылічалі“, хто гэта зрабіў, і абмяркоўвалі, куды скардзіцца — у ЖЭС ці ва ўстанову, якая абслугоўвае ліфт, Арцём пайшоў і адмыў тыя надпісы. Тэарэтычна гэта можа зрабіць кожны, але ён пайшоў і зрабіў. І гэта вельмі добра характарызуе майго сына», — адзначае Марына.

«Іх жыцьцё — гэта ўжо не пра грошы. Іх жыцьцё — гэта пра справядлівасьць, сумленнасьць»

«Я лавіла сябе на думцы, што Арцём нашмат лепшы за мяне ў мае 20, — кажа Марына. — Гэта іншае пакаленьне: яны моцныя, у іх не такія ідэалы, якія ў іх бацькоў фармаваліся ў 1990-х. У іх больш інфармацыі, у іх іншыя каштоўнасьці, яны больш правільныя. Іх жыцьцё — гэта ўжо не пра грошы. Іх жыцьцё — гэта пра справядлівасьць, сумленнасьць, пра „чалавека чалавеку“.

Мару, каб сын застаўся на свабодзе. Бо калі чалавек знаходзіцца за кратамі, мала таго, што ён марнуе час, ён ніякіх дзеяньняў зрабіць ня можа», — кажа маці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG