Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У камэры на 6 чалавек былі 24 дзяўчыны». Што расказвае зьняволеная з Акрэсьціна


Акрэсьціна: у чаканьні сваякоў

Натальлю (імя зьмененае) затрымалі ў Менску, калі выйшла ў краму. Дадому яна трапіла праз двое сутак з штрафам. Дзяўчына расказала, як цяпер ставяцца да затрыманых на Акрэсьціна.

Натальлю затрымалі па дарозе ў краму 23 студзеня. Давесьці АМАПу, што яна ні ў чым ня ўдзельнічае, не ўдалося. Адказалі: «У бусе ўсё даведаесься», і павялі.

«Яны размаўляюць толькі матам, пратрымалі каля 30 хвілін і павезьлі ў РУУС», — кажа Натальля.

У РУУСе былі яшчэ затрыманыя. Натальля кажа, што «большасьць затрымалі выпадкова, хапалі тых, хто праходзіў побач». Там яна правяла некалькі гадзін, міліцыянты ставіліся да затрыманых нармальна.

«Не было матрацаў, не было ацяпленьня»

Пасьля РУУСа затрыманых адвезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна: паставілі да сьцяны далонямі ўверх на паўгадзіны і пасьля надгляду разьвялі па камэрах.

«Мяне і яшчэ трох дзяўчат павялі ў камэру, дзе было ўжо 20 дзяўчат. Нас было 24 у камэры на 6 месцаў. Не было матрацаў, не было ацяпленьня. Была гарачая вада. Ваду мы маглі піць толькі з-пад крана. Нехта спаў пад сталом, на стале, пад ложкамі, дзе магчыма», — прыгадвае дзяўчына.

Кожны надгляд суправаджаўся матам, кажа Натальля. Ежа такая, што «ўжываць яе складана».

«Многім дзяўчатам станавілася кепска, нехта ня мог дыхаць. У адной дзяўчыны была алергія на тытунёвы дым, яна страціла прытомнасьць, але хуткую ніхто ня выклікаў», — працягвае Натальля. ​


«Усю ноч зьнішчалі прусакоў»

Мянчанка кажа, што ў камэру дазволілі ўзяць курткі, таму ўначы спалі на іх. Дзяўчаты зь іншых камэр, дзе было менш людзей, скардзіліся, што замярзалі.

«За пытаньне на наступным надглядзе пра матрацы крычаў адзін з начальнікаў, што іх ня будзе, і прыгразіў адправіць дзяўчат у карцар за такую просьбу, але пагрозы ня выканаў. У наступную ноч нам адключылі сьвятло, і набеглі прусакі, якіх мы зьнішчалі ўсю ноч. У камэры была адна пэнсіянэрка. Наогул, людзі былі рознага ўзросту», — прыгадвае Натальля.

Супрацоўнікі Акрэсьціна казалі дзяўчатам, што ў камэры 24 чалавекі, бо «няма месцаў». Але ў іншых камэрах было і па 4, і па 6 чалавек.

23 студзеня ў Расеі прайшлі масавыя акцыі з патрабаваньнем вызваліць палітыка Аляксея Навальнага. У гэты дзень афіцыйны тэлеграм-канал «Милиция Минска» паведаміў, што падчас акцый пратэсту 23 студзеня ў сталіцы Беларусі затрымана каля 100 грамадзян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG