Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мастах на год калёніі асудзілі мужчыну за акцыі з пудзіламі міліцыянтаў і канфіскавалі машыну


Міліцыянты, ілюстрацыйнае фота

Суд Мастоўскага раёну Горадзенскай вобласьці 27 студзеня вынес прысуд у крымінальнай справе супраць Віктара Царыкевіча. Яго абвінавацілі ў хуліганстве і злосным хуліганстве, а таксама ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады.

Справу разглядаў старшыня суду Мастоўскага раёну Віталь Сініла.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», працэс праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме. Прычына — «эпідэміялягічная сытуацыя».

Падставай да крымінальнага працэсу стала сэрыя «цынічных акцый» у верасьні-кастрычніку 2020 году: размалёўваньне прыпынкаў, нанясеньне выяваў бел-чырвона-белых сьцягоў, разьвешваньне на дрэвах пудзілаў у міліцэйскай форме і разьмяшчэньне таблічак у выглядзе рытуальных надмагільляў.

Гэтыя дзеяньні кваліфікаваныя паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства і злоснае хуліганства).

Акрамя таго, згодна з матэрыяламі справы, Віктар Царыкевіч разьмясьціў у адным з тэлеграм-чатаў «непрыстойны, прыніжальны для гонару і годнасьці камэнтар» пад здымкам старшыні Мастоўскага райвыканкаму Юрыя Валяватага. Дзеяньні кваліфікавалі паводле арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады).

Па сукупнасьці «злачынстваў» Віктара Царыкевіча пазбавілі волі тэрмінам на 1 год зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. І канфіскавалі ў яго машыну — як сродак зьдзяйсьненьня злачынства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG