Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску жанчыну арыштавалі на 15 дзён за яршок з надпісам «Пуціну»


Акцыя салідарнасьці ў Менску, 23 студзеня 2021
Акцыя салідарнасьці ў Менску, 23 студзеня 2021

У Менску суд Цэнтральнага раёну на 15 дзён арыштаваў 30-гадовую Тацяну за шчотку для ўнітазаў, на падстаўцы для якой было напісана «Пуціну».


Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Яе абвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КаАП).

Паводле яе, 23 студзеня яе затрымалі за тое, што яна суправаджала хлопца, які пакінуў падстаўку ад яршка каля амбасады Расеі ў Менску. На ёй было напісана «Пуціну».

Тацяна расказала, што яе затрымліваў мужчына, які выбег з будкі каля расейскай амбасады, але сьведка-міліцыянт у судзе з гэтым не пагадзіўся, піша Onliner.

Відэа допыту апублікавала раней праўладная газэта «СБ. Беларусь сегодня».


23 студзеня ў Расеі прайшлі пратэсты з патрабаваньнем вызваліць апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. У іх, паводле розных ацэнак, узялі ўдзел больш за 100 тысяч чалавек. У штабах палітыка заяўляюць пра 250 тысяч удзельнікаў. Акцыі прайшлі больш як у 100 расейскіх гарадах і ў многіх гарадах за мяжой.

У некаторых гарадах людзі выходзілі на акцыі з туалетнымі яршкамі ў руках. Гэты прадмет фігураваў у расьсьледаваньні Фонду барацьбы з карупцыяй пра «палац Пуціна» пад Геленджыком. Аўтары сьцьвярджалі, што яршок з трымальнікам для туалетнай паперы набыты за 700 эўра.

У той дзень у Менску і іншых беларускіх гарадах людзі выстройваліся ў ланцугі салідарнасьці з палітвязьнямі, у прыватнасьці зь Ігарам Лосікам, які на той момант 40 дзён галадаў супраць незаконных абвінавачаньняў у свой адрас. Некаторыя таксама выказвалі салідарнасьць з расейцамі — у Маскве і іншых гарадах Расеі прайшлі масавыя акцыі пратэсту ў падтрымку Аляксея Навальнага. Тады сілавікі затрымалі па ўсёй Беларусі 120 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG