Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску мужчыну судзяць за пагрозу згвалціць жонку амапаўца. Падсудны заявіў, што скрыншот «ліпавы»


Суд Цэнтральнага раёну Менску
Суд Цэнтральнага раёну Менску

Па словах менчука Алега Зубрыцкага, паведамленьне мог даслаць хто заўгодна. А сам ён жонцы сілавіка не датэлефанаваўся.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску ідзе разгляд крымінальнай справы паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу «Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў». На лаве падсудных — 31-гадовы Алег Зубрыцкі, піша «Вясна». Судзьдзя Вікторыя Шабуня.

Пацярпелая — А.І.Навумчык, жонка супрацоўніка АМАПу А.А.Навумчыка. Сам ён праходзіць у гэтай справе як сьведка.

Алег Зубрыцкі, мяркуе сьледзтва, па матывах палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй у Беларусі і рознымі палітычнымі поглядамі, пагражаў жонцы амапаўца прымяненьнем гвалту. 14 жніўня 2020 году ён даслаў ёй SMS-паведамленьне, дзе пагражаў яе згвалціць. Сьледзтва бачыць у гэтым «мэту перашкодзіць законнай дзейнасьці яе мужа».

Сваёй віны Алег Зубрыцкі не прызнае. У судзе ён растлумачыў, што глядзеў навіны і бачыў там, як білі і затрымлівалі людзей падчас пратэставых акцый з 9 жніўня. Убачыўшы ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» допіс з дадзенымі жонкі А.А.Навумчыка, ён вырашыў ёй патэлефанаваць, каб удакладніць у самога супрацоўніка АМАПу, ці затрымліваў ён усіх запар, альбо толькі парушальнікаў. Адзіным матывам Алега было «праверыць інфармацыю». Аднак нумар быў недасяжны.

Адміністрацыйны перасьлед

Цягам таго тыдня Алег спрабаваў датэлефанавацца некалькім супрацоўнікам Цэнтральнага РУУС сталіцы, каб задаць тыя самыя пытаньні, якія хацеў задаць амапаўцу. Аднак і тады тэлефоны не адказвалі. Адзін з супрацоўнікаў усё ж адказаў і папрасіў Алега больш не тэлефанаваць. Але неўзабаве міліцыянт патэлефанаваў яму сам і ўдакладніў у Алега ягоныя прозьвішча і імя. Той іх пацьвердзіў. 15 верасьня Зубрыцкага затрымалі.

На наступны дзень яго судзілі паводле артыкулу 23.5 КаАП за «абразу службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў» і аштрафавалі. Тады Зубрыцкі прызнаў віну цалкам, аднак зрабіў гэта праз пагрозы. Ён сказаў, што яго ставілі на калені, а дзяжурны міліцыянт «надаваў ляшчоў».

Крымінальны перасьлед

Пасьля таго адміністрацыйнага працэсу Зубрыцкага ня выпусьцілі, а пачалі пытацца, каму і навошта той тэлефанаваў. 18 верасьня Алега выклікалі ў РУУС і зноў дапыталі; у той жа дзень канфіскавалі мабільны тэлефон, аднак адпаведных працэсуальных дакумэнтаў пры гэтым не афармлялі. Пасьля гэтага свайго тэлефона Алег ня бачыў.

Упершыню па факце адпраўленьня паведамленьня на нумар Навумчык мужчыну дапыталі ўжо 7 кастрычніка ва ўправе ўласнай бясьпекі. Наступнае затрыманьне і допыт былі 20 кастрычніка, тады ж на Зубрыцкага завялі крымінальную справу.

Алега дапытвалі, навошта ён даслаў 12 жніўня паведамленьне Навумчык у Viber. Аднак высьветлілася, што на той момант падазраваны нават ня быў зарэгістраваны там, што пацьвердзілася электронным лістом ад самой кампаніі.

Згодна з раздрукоўкай званкоў, на нумар Навумчык сапраўды прыйшло нейкае паведамленьне 14 жніўня, але ягоны тэкст раздрукоўка не паказала. Алег патлумачыў гэта тым, што не дазваніўся да абанэнта, а калі яна ўключыла тэлефон, на яе нумар прыйшло SMS-апавяшчэньне аб прапушчаным званку.

Скрыншот як «доказ» віны

У матэрыялах справы Алега Зубрыцкага ёсьць скрыншот SMS-паведамленьня з пагрозамі, атрыманага Навумчык 14 жніўня. Падсудны сьцьвярджае, што «скрыншот можа зрабіць хто заўгодна», ён зьвярнуў увагу на адну асаблівасьць:

«У скрыншоце ўверсе, дзе паказваецца дата, стаяла „сёньня“. Але ж мусіла тады б стаяць „14 жніўня“, калі паведамленьне даслана ў гэты дзень. А гэты скрыншот зроблены ў 20-х днях сьнежня».

Зубрыцкі патлумачыў гэта магчымай помстай міліцыянтаў яму, але канкрэтных імёнаў не назваў. Палічыў, што, паколькі нікога не знайшлі, тады вырашылі павесіць крымінальную справу на яго.

Працяг судовага працэсу заплянаваны на 2 лютага ў 14:30.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG