Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За абразу прэс-сакратаркі МУС Чамаданавай менчука асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» і 5000 рублёў кампэнсацыі


Пацярпелая Вольга Чамаданава.

Суд Цэнтральнага раёну Менска асудзіў 43-гадовага Дзьмітрыя Ўшацкага на 2 гады «хатняй хіміі» за абразу ў тэлеграм-чаце прэс-сакратаркі Міністэрства ўнутраных спраў Вольгі Чамаданавай.

Пацярпелая ў судзе расказала пра свае маральныя пакуты, якія яна ацаніла ў 5000 рублёў. У якасьці сьведкі дапыталі афіцыйную прадстаўніцу ГУУС Менгарвыканкаму Натальлю Ганусевіч.

Справу разглядала судзьдзя Тацяна Акавітая, паведамляе «Вясна».

Паводле абвінавачваньня, 18 чэрвеня карыстальнік Коба [Дзьмітры Ўшацкі] разьмясьціў у тэлеграм-чаце «Банда Лукі» абразьлівае паведамленьне пад фатаграфіяй Вольгі Чамаданавай, выказанае ў непрыстойнай форме з мэтай «адпомсьціць за яе афіцыйны камэнтар пра ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна».

Такім чынам, гэта «прыніжае гонар і годнасьць Чамаданавай, прычыняе ёй маральныя пакуты, падрывае аўтарытэт, асабістыя і прафэсійныя якасьці» і падпадае пад артыкул 369 Крымінальнага кодэксу.

На судзе абвінавачаны прызнаў віну, раскаяўся і папрасіў прабачэньня ў Вольгі Чамаданавай. Ён патлумачыў, што ўбачыў камэнтар прадстаўніцы МУС з нагоды затрыманьня Сяргея Ціханоўскага і гэта выклікала ягоную незадаволенасьць.

«Мяне абурылі абставіны затрыманьня Ціханоўскага. Склалася меркаваньне, што яго затрымалі не зусім карэктна, скажам так. У дачыненні да яго былі ўчыненыя правакацыйныя дзеяньні з боку грамадзянскай асобы. Яна потым была апазнаная як жанчына лёгкіх паводзінаў», — адзначыў Дзьмітры Ўшацкі.

Вольга Чамаданава на судзе заявіла, што ведала пра існаваньне тэлеграм-чату «Банда Лукі», але не была яго карыстальніцай. Аднак яе калегі з МУС ажыцьцяўляюць маніторынг інтэрнэт-прасторы. Скрыншот ёй даслала калега Натальля Ганусевіч.

Паводле Чамаданавай, камэнтар быў накіраваны ў дачыненьні да яе, у першую чаргу як жанчыны. Яна заявіла грамадзянскі пазоў аб прычыненьні ёй маральных пакутаў на 5000 рублёў і прасіла пакараць Ушацкага на меркаваньне суду.

Абвінавачаны пазоў прызнаў часткова і сказаў, што гатовы пакрыць 3000 рублёў.

Падчас спрэчак пракурор выключыў з абвінавачваньняў «матывы палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй у Беларусі». Сама Чамаданава першапачаткова з гэтым не пагадзілася, аднак потым сказала, што падтрымлівае пазыцыю дзяржабвінаваўцы.

Пракурор запрасіў 2 гады абмежаваньня без накіраваньня ва ўстанову папраўчага тыпу. Судзьдзя гэта і прызначыла.

Акрамя таго, суд абавязаў Дзьмітрыя Ўшацкага выплаціць Вользе Чамаданавай 5000 рублёў маральнай шкоды.

Мужчына ў апошнім слове заявіў, што паспрабуе выплаціць кампэнсацыю найхутчэй, каб «перагарнуць гэтую старонку».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG