Мы сабралі інфармацыю пра некаторыя іншыя галадаваньні пратэсту, якія трываюць або трывалі апошнім часам у розных месцах сьвету.
Вязьні турэцкіх турмаў
Турэцкія праваабаронцы паведамілі 18 студзеня, што ў 107 турэцкіх турмах ужо 49-ы дзень трываюць галадоўку пратэсту супраць парушэньня правоў вязьняў і ўмоваў іх утрыманьня.
Вязьні канадзкай турмы
Група вязьняў турмы ў Калгары (правінцыя Альбэрта ў Канадзе) тыдзень таму абвясьціла галадоўку, пратэсьтуючы супраць жорсткага каранавіруснага локдаўну, які абмежаваў іх права пакідаць камэры да 45 хвілін у дзень і пагоршыў гігіенічныя ўмовы.
Вязьні каліфарнійскіх турмаў
Зьняволеныя ў турмах акругі Санта-Клара (Каліфорнія) на мінулым тыдні абвясьцілі галадоўку з прычыны ўсплёску захворваньняў на COVID-19 сярод іх, лічачы, што галоўная віна ў антысанітарных і жорсткіх умовах утрыманьня вязьняў.
Лекары ў Пэру
У сталіцы Пэру Ліме чатыры лекары пачалі галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што яны лічаць непрымальнымі ўмовамі працы і недахопам патрэбнага мэдычнага абсталяваньня і лекаў падчас каранавіруснай пандэміі.
Двое брытанскіх падлеткаў
Двое падлеткавых актывістаў барацьбы з глябальным пацяпленьнем другі тыдзень галадаюць у графстве Камбрыя (паўночна-заходняя Англія) у знак пратэсту супраць урадавай пастановы адкрыць мясцовую вугальную шахту. Элайджа Макензі-Джэксан (17) і Лізі Грын (15) адмаўляюцца ад усялякай ежы ў надзеі пераканаць урад перагледзець тое, што яны называюць «вар'яцкім» і «амаральным» рашэньнем.
Францускі пекар
Гэтая галадоўка закончылася шчасьліва. Францускі пекар Стэфан Равакле з гораду Бэзансон галадаў 11 дзён, пратэстуючы супраць намеру ўладаў дэпартаваць ягонага вучня, які два гады таму нелегальна прыбыў у Францыю на лодцы празь Міжземнае мора. Галадоўка закончылася перамогай – улады легалізавалі побыт 18-гадовага хлопца з Гінэі.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.
15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com