Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Радыё Свабода: Жыцьцё Ігара Лосіка пад пагрозай пасьля шасьцітыднёвай галадоўкі


Кіраўніцтва мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода выступіла з адмысловай заявай з нагоды справы Ігара Лосіка, кансультанта беларускай службы Радыё.

У заяве адзначаецца пагаршэньне стану здароўя Лосіка пасьля 6 тыдняў галадаваньня на знак пратэсту супраць зьняволеньня, якое доўжыцца ўжо паўгода. Яму інкрымінуюцца злачынствы, прысуд за якія можа пагражаць зьняволеньнем да 8 гадоў.

Адвакат Лосіка Дзьмітры Лепрэтар заявіў Радыё Свабода, што ў ягонага падабароннага, якога ён наведаў учора ў жодзінскай турме, пачаліся праблемы са здароўем, у прыватнасьці з падтрыманьнем стабільнага артэрыяльнага ціску.

Прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Тэд Ліпень выказаў глыбокую занепакоенасьць пагаршэньнем стану здароўя Лосіка і паўтарыў неаднаразовыя заклікі кіраўнікоў карпарацыі да яго неадкладнага вызваленьня.

«Ігар Лосік нічога не зрабіў, каб заслужыць гэты лёс, акрамя як імкнуўся быць адказным журналістам і летапісцам падзей у Беларусі. Лосік ніколі не павінен быў быць арыштаваны і адлучаны ад сям’і. Беларускія ўлады павінны зразумець, што выправіць гэтую страшную несправядлівасьць можа быць ужо позна» — заявіў Тэд Ліпень.

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу ў ягонай кватэры ў Менску. Выбітны блогер, Лосік быў абвінавачаны ўладамі ў тым, што ён выкарыстоўвае свой папулярны тэлеграм-канал для «падрыхтоўкі да парушэньня грамадзкага парадку» напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Паводле шматлікіх зьвестак выбары, пераможцам якіх быў абвешчаны Аляксандар Лукашэнка, суправаджаліся масавымі фальсыфікацыямі.

З таго часу ў Беларусі адбываліся амаль штодзённыя дэманстрацыі, памеры і размах якіх ня маюць аналягаў у постсавецкай гісторыі краіны.

У мінулыя выходныя пратэсты ад імя Лосіка прайшлі ў гарадах па ўсёй Беларусі, а таксама ў Барсэлёне і ў Кракаве, Польшча, а ў панядзелак Міжнародная фэдэрацыя хакею перанесла зь Беларусі чэмпіянат сьвету 2021 году, спасылаючыся на праблемы зь бясьпекай у Беларусі.

Акрамя Лосіка, многія іншыя журналісты Радыё Свабода зазналі перасьлед, затрыманьні, зьняволеньне і пазбаўленьне акрэдытацыі.

2 кастрычніка МЗС Беларусі скасаваў акрэдытацыю ўсім журналістам, якія працуюць у замежных мэдыя.

На сёньняшні дзень ніводзін грамадзянін Беларусі, які працуе ў заходніх СМІ, не быў акрэдытаваны паводле новых працэдураў.

Нягледзячы на ​перашкоды ў працы з боку беларускіх уладаў, беларуская служба Радыё Свабода працягвае даваць беларускай аўдыторыі незалежныя навіны і аналіз падзеяў на іх роднай мове, абапіраючыся на плятформы сацыяльных сетак, такія як Telegram, Instagram і YouTube, а таксама люстэркавы сайт і абноўленую аплікацыю для навінаў, каб абыйсьці інтэрнэт-блакаваньне і парушэньне доступу.

  • Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — рэдакцыйна незалежная мэдыякампанія, якая фінансуецца з гранту Кангрэса ЗША праз Агенцтва ЗША ў глябальных мэдыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG