Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перасталі прыходзіць лісты». Палітвязень Ігар Лосік галадае ўжо 31 дзень

абноўлена

Ігар Лосік
Ігар Лосік


Шэраг вядомых асобаў заклікалі Ігара спыніць галадоўку. За кратамі палітвязень ужо 201 дзень.

13 жніўня суд другі раз запар адмовіўся вызваліць Ігара Лосіка з-пад варты на просьбу яго адваката Дзьмітрыя Лепрэтара.

Ігар Лосік перадаў паведамленьне з-за кратаў.

«Усім прывітаньне. Я галадаю ўжо месяц, пакуль самаадчуваньне нармальнае. Ведаю, што мне пішуць сотні чалавек, некаторыя адгаворваюць працягваць галадоўку. Але я практычна не атрымліваю лістоў з 5 студзеня. Так што, хутчэй за ўсё, тым, хто чакае ад мяне адказаў, прыйдзецца пачакаць яшчэ.

На жаль, у судах закрылі вочы на сфабрыкаваныя крымінальныя справы і пакінулі меру стрыманьня бязь зьмены. Але я думаю, ніхто гэтаму ня зьдзіўлены. Гэтая сытуацыя ніяк не паўплывала на маё рашэньне. Значыць, буду галадаць да таго часу, пакуль у кагосьці ня зьявіцца жаданьне адкрыць кодэксы і Канстытуцыю і пачаць выконваць закон. Або пакуль у мяне не адмовяць органы.

Саступаць я не зьбіраюся».

Дзьмітры Лепрэтар наведаў Ігара ў СІЗА Жодзіна.

«Ігар не спыняе галадоўку. Рашэньні суду Партызанскага раёну Менску і Менскага гарадзкога суду пакінуць яго пад вартай ніяк не паўплывалі на намер Ігара працягваць адмаўляцца ад ежы, — кажа адвакат. — На здароўе ня скардзіцца. Турэмныя мэдыкі цікавяцца яго станам. Прынамсі, пытаюцца ў Ігара пра гэта, спрабуюць памераць ціск.

Ён размаўляе з псыхолягам, які там ёсьць. Выглядае бледным. І бачна па твары, што ён схуднеў.

Пра размовы з адміністрацыяй нічога не гаварыў. Я думаю, калі б адміністрацыя нейкім чынам хацела на яго паўплываць, то Ігар бы мне расказаў. Дарʼя (жонка Ігара Лосіка. — РС) сёньня перадала неабходныя лекі для яго. Усё прынялі.

На жаль, да Ігара цяпер даходзіць вельмі мала лістоў. Ён атрымлівае толькі заказныя і тэлеграмы, не даходзяць нават лісты першай клясы. Гэта яго вельмі сурʼёзна дэстабілізуе. Ігар ведае, што яму пішуць сотні людзей, і яму цяжкавата перажываць адсутнасьць лістоў. Адзін са спосабаў скараціць час за кратамі — адказваць на лісты. Мы спадзяёмся, што адміністрацыя СІЗА зможа вырашыць гэтае пытаньне».

Пра ход расьсьледаваньня справы Ігара, а таксама калі магчымы пачатак працэсу, нічога не вядома. Адвакат Дзьмітры Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Раней спыніць галадоўку Ігара папрасілі шэраг вядомых асобаў, сярод якіх Сьвятлана Ціханоўская, Анжаліка Агурбаш і Зьміцер Дашкевіч.

«З аднаго боку, я Ігара разумею, бо ён ведае, што не вінаваты, і такім чынам дэманструе пратэст супраць таго, што адбываецца, — сказала Ціханоўская. — Але я думаю, што ў такіх умовах, калі такіх людзей, як Ігар, шмат, ня трэба ахвяраваць сабой, каб гэта даказаць. Таму што на тым баку — дыктатуры, рэжыму — усё роўна. Мы бачым, што яны ня хочуць адступаць ад гэтай жорсткасьці. Я б хацела, каб Ігар падумаў пра сямʼю, пра тое, што ён патрэбны сваёй жонцы, дачцэ, бацькам».

Хроніка палітычных галадовак пратэсту ў Беларусі

  • 1990 год — галадоўка «апошняга дысыдэнта СССР», актывіста БНФ Валера Сядова. Сядова затрымалі за ўдзел у антыкамуністычным мітынгу. У СІЗА на вуліцы Валадарскага ён правёў 70 дзён і 32 зь іх галадаў.
  • У 1996 годзе пасьля арышту на Чарнобыльскім шляху галадоўку абвесьцілі Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка. Яны не прымалі ежу на працягу 21 дня.
  • Самая працяглая палітычная галадоўка ў Беларусі адбылася ў 2005 годзе: 74 дні трымаў галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які пратэставаў супраць незаконнага судовага перасьледу.
  • У 2006 годзе 53 дні галадаў у віцебскай турме Аляксандар Казулін. 40 дзён галадаў за кратамі Сяргей Скрабец.
  • У 2006 годзе галадалі сябры «Маладога фронту», сярод іх былі і дзяўчаты: Наста Палажанка, Наста Азарка. Азарка галадала 12 дзён, яе шпіталізавалі.
  • У 2008 годзе амаль два тыдні ў Гомельскай калёніі галадала прадпрымальніца Святлана Дваранінава, якая дамагалася адмены прысуду.
  • Таксама ў 2008 годзе наваполацкая прадпрымальніца Яўгенія Бачурная, якую абвінавацілі ў невяртаньні крэдыту, галадала ў Гомельскай калёніі больш за 2 тыдні. У выніку яна дамаглася, што яе брата і мужа тэрмінова дапыталі ў якасьці сьведак.
  • На працягу 2019―2020 гадоў галадоўкі пратэсту абвяшчалі актывісткі руху «Матулі 328». Яны галадалі невялікімі групамі, акцыі працягваліся ў выглядзе эстафэты, дасягалі 22 дзён.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG