Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве студэнткі аб’явілі галадоўку на знак салідарнасьці зь Ігарам Лосікам


Студэнткі Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Маргарыта Трафімовіч і Элеанора Азуманян абʼявілі галадоўку на знак салідарнасьці зь Ігарам Лосікам, паведаміў тэлеграм-канал «Рупар БДМУ».

«Я буду галадаць столькі часу, на колькі хопіць сілаў. Я перакананая, што ён робіць памылку, і бачу толькі адзін спосаб уплыву на ягонае рашэньне — далучыцца да галадаваньня», — гаворыцца ў адозьве студэнтак.

19 студзеня пра сваю галадоўку салідарнасьці з Ігарам Лосікам абвясьціў таксама праваслаўны сьвятар Уладзіслаў Багамольнікаў.

Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва зьвярнулася да прадстаўніцтваў Эўразьвязу, ЗША і Вялікай Брытаніі з просьбай выкарыстаць усе даступныя сродкі і свой уплыў, каб уратаваць жыцьцё Ігару Лосіку, нагадаў Павал Латушка. НАК папрасіла:

  • афіцыйна зьвярнуцца да ўладаў Беларусі і асудзіць незаконны арышт Ігара і ўсіх палітзьняволеных,
  • дапусьціць да Ігара незалежных лекараў і настаяць на шпіталізацыі,
  • падтрымаць патрабаваньні дапусьціць да Ігара родных і адвакатаў, у кантактах зь якімі ён абмежаваны.

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік галадае ўжо больш за месяц — ад 15 сьнежня. Яму становіцца горш: зьявіліся праблемы зь ціскам.

Ігар Лосік патрабуе зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў, якія лічыць беспадстаўнымі, або замены меры стрыманьня на не зьвязаную зь зьняволеньнем.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG